Старшыня БАЖ выступіў на Эканамічным форуме ў Карпачы
3 верасня ў польскім Карпачы адкрыўся 33-ці Эканамічны форум. У ліку выступоўцаў — старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. Ён распавёў удзельнікам пра стан беларускай прэсы і ўплыў на яе расійскай прапаганды.
Старшыня БАЖ Андрэй Бастунец выступіў на панэлі «СМІ і журналісты супраць дэзынфармацыі і кіберпагроз, якія пагражаюць бяспецы грамадства». Гаворка ішла пра тое, што дэзынфармацыя, непрыхаваная хлусня і маніпулятыўныя паведамленні апошнія гады захліснулі СМІ і сацыяльныя сеткі, тым самым не толькі парушыўшы права на аб’ектыўную і праўдзівую інфармацыю, але і прынеслі прамую пагрозу бяспецы грамадства.
Выключную ўвагу спікеры з Германіі, Грузіі, Малдовы і Польшчы звярталі на ўплыў расійскай прапаганды на медыі, асабліва падчас выбараў.
Далёка хадзіць за прыкладамі не трэба, бо гісторыя разгортваецца прама на нашых вачах. Так, у Германіі на мясцовых выбарах у Турынгіі перамаглі ўльтраправыя. У Грузіі напярэдадні парламенцкіх выбараў абвастрылася ўнутрыпалітычная сітуацыя (прарасійскія ўлады прымаюць законы, якія фактычна забараняюць дзейнасць незалежных медыяў і грамадскіх арганізацый). Незразумелая сітуацыя з медыямі ў Польшы пасля змены ўрада…
Пра Беларусь, незалежныя медыі і журналістаў за кратамі
Андрэй Бастунец тлумачыў, што ў Беларусі сітуацыя выглядае значна горш, бо ўлада не змяняецца ўжо 30 гадоў. І распавёў прысутным пра агульны стан беларускай незалежнай журналістыкі. Ён расказваў прысутным пра ўплыў сусветнага крызісу з правамі чалавека, якія ўсё часцей прыносяцца ў ахвяру інтарэсам нацыянальнай бяспекі, на медыі.
— Для мяне вельмі значна на кожнай міжнароднай сустрэчы, на кожнай канферэнцыі казаць пра тры рэчы. Пра Беларусь, якая фактычна сышла з міжнароднага парадку дня ў звязку з паўнамаштабнай агрэсіяй Расіі ва Украіне, канфліктам у Газе, іншымі выбухованебяспечнымі канфліктамі; пра беларускія незалежныя медыі; пра нашых калег і сяброў – журналістаў за кратамі (і пра беларускіх палітвязняў у цэлым), – падкрэсліў старшыня БАЖ.
Што такое Эканамічны форум у Карпачы
3–5 верасня ў горадзе Карпач (Польшча) праходзіць 33-ці Эканамічны форум – найбуйнейшая платформа Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дзе абмяркоўваюцца праблемы бяспекі, эканамічнага развіцця, сучасных выклікаў і пераадолення крызісаў.
Форум ладзіцца пад лозунгам «Час новых лідэраў: разам фармуем будучыню». На форум запрошаныя каля 6 тысяч чалавек, якія цягам трох дзён паўдзельнічаюць больш чым у 600 мерапрыемствах. Важнейшыя з іх – Форум кібербяспекі, Форум аховы здароўя і Форум харчовай эканомікі.
У форуме ўдзельнічаюць спікер Сейма Польшчы Шымон Галаўня, віцэ-прэм’еры – міністр лічбавізацыі Кшыштаф Гаўкоўскі і міністр абароны Уладыслаў Касіняк-Камыш, іншыя дзейныя і былыя кіраўнікі Польшчы.