Старонку віцебскіх навін у TikTok ужо другі раз прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»
Паводле абноўленага Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў, які складае Мінінфармацыі Беларусі, «экстрэмісцкай» інфармацыйнай прадукцыяй прызнаны кантэнт TikTok-аккаунта з назвай «pravtb» і ідэнтыфікатарам tiktok.com/@pravtb?lang=ru-RU.
Адпаведнае рашэнне 20 верасня прыняў суд Лідскага раёна Гродзенскай вобласці.
Поўная назва гэтай старонкі ў TikTok — «pravtb Пра Віцебск\ Витебск новости». Яна мае 35,5 тысяч падпісчыкаў, там размяшчаюцца кароткія аўтарскія відэаролікі пра навіны Віцебскай вобласці. Як правіла, гэта вострыя сюжэты на грамадска-палітычныя тэмы.
Летась гэты рэсурс ужо трапляў пад увагу пракуратуры і суда, але тады ён меў іншую назву — «Пра Віцебск». Акаўнт з ідэнтыфікатарам tiktok.com/@viciebsk быў унесены ў «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма паводле рашэння суда Кастрычніцкага раёна Віцебска ад 30 кастрычніка 2023 года.
Старонка мае свой адпаведнік на відэхостынгу YouTube. Стваральнікі відэаканала таксама былі вымушаныя змяняць назвы і адрасы ў інтэрнэце, бо яго кантэнт прызнавалі «экстрэмісцкім» ужо тройчы — у жніўні, а потым і ў кастрычніку 2023 года, і ў студзені сёлета.
У абноўлены спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў Мінінфарм таксама ўключыў асабістыя старонкі ў сацыяльтных сетках грамадскай актывісткі Таццяны Хоміч, роднай сястры палітзняволенай Марыі Калеснікавай, і YouTube-канал «Максим Шабуцкий».