«Сталіна на вас няма». Як беларуская прапаганда робіць з крывавага дыктатара вобраз анёла
102 гады таму генеральным сакратаром ЦК РКП(б) быў зацверджаны Іосіф Джугашвілі, ён жа Сталін. На крывавых руках тырана мільёны забойстваў. Але лукашэнкаўская прапаганда працягвае маляваць яго ўзорным кіраўніком. «Новы Час» разглядае некаторыя прыклады.
«Саўбелка». Великий кормчий
Саўбелка згадвае імя тырана (прабачце, «вярхоўнага галоўнакамандуючага», «великого кормчего») Сталіна ў асноўным ў сувязі з Другой сусветнай вайной. Пры гэтым, толькі за сакавік 2024 года ягонае імя свяцілася ажно ў 10 матэрыялах прапагандыстаў «СБ. Беларусь Сегодня». Як можна здагадацца, ні ў адным з іх не згадваецца дзікі маштаб сталінскіх рэпрэсій.
Геніяльны тамтэйшы палітолаг, ажно кандыдат гістарычных навук Вадзім Ялфімаў у тэксце, прызваным дыскрэдытаваць сённяшняга амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна, піша, што «Рузвельт шчыра сябраваў з савецкім лідарам Іосіфам Сталіным і нават па-прыяцельску клікаў таго «дзядзька Джо». Шаноўны кандыдат навук пэўна не ў стане адрозніць вымушаны хаўрус ад «шчырага сяброўства».
А вось на «шчырае сяброўства» хутчэй цягне сумесны парад салдат вермахта і падраздзяленняў Чырвонай Арміі ў 1939‑м.
«Рузвельт састаяў у антыгітлераўскай кааліцыі, а Байдэн, наадварот, падтрымлівае нацыстаў і ва Украіне, і па ўсёй Еўропе; Рузвельт стараўся вызваліць Еўропу, а Байдэна, як сапраўднага акупанта, з яе не выгнаць!» — дэманструе прыклад тыповай маніпуляцыі, разлічынай на неспакушанага чытача, прапагандыст.
Вядома ж, не абмінуў увагай асобу «вярхоўнага галоўнакамандуючага» і іншы адыёзны аўтар – Андрэй Мукавозчык. Зрабіў ён гэта, каментуючы зняццё з пасады галоўнакамандуючага УСУ Валерыя Залужнага.
«Уявіце, што Іосіф Вісарыёнавіч Сталін не можа адправіць Георгія Канстанцінавіча Жукава камандаваць Адэскай ваеннай акругай — у савецкіх грамадзян гэта ў галаве не ўкладваецца. Можа і павінен, калі лічыць гэта патрэбным, ён нясе адказнасць, і ніхто яму не ўказ!» — робіць рэверанс крываваму забойцу Мукавозчык.
Напярэдадні новага 2024 года СБ выкаціла тэкст пра тое, як адзначалі Новы Год за савецкім часам. Перад чытаннем вытрымак просім чытачоў маральна падрыхтавацца, па-магчымасці заварыць рамонкавую гарбату.
Такім чынам, Саўбелка піша: «Вывучаем старонкі кнігі «Навагодняя ёлка», выдадзенай у 1938‑м. Аўтары пішуць: «… Толькі савецкія дзеці, сагрэтыя клопатам вялікага і любімага Сталіна, растуць у радасці і шчасці. Школы, палацы, тэатры, кіно – усё для савецкіх дзяцей. Навагодняя ёлка – свята зімы – усё больш і больш уваходзіць у побыт савецкіх дзяцей. У палацы, у школе, у дзіцячым садку, у кожным доме 31 снежня заблішчаць навагоднія ёлкі. І каля гэтых прыгажунь прагучыць мільённы хор галасоў дзяцей: «Дзякуй вялікаму Сталіну за нашы шчаслівыя дні!».
Вядома, шаноўнае прапагандысцкае выданне не нагадае сваім чытачам, што кніг з альтэрнатыўнай інфармацыяй у 1938‑м па-просту не існавала, прынамсі на падкатрольнай «крамлёўскаму горцу» тэрыторыі. Таму яны не даведаюцца пра тое, як гэтыя самыя савецкія дзеці, «сагрэтыя клопатам вялікага Сталіна», губляліся ў здагадках пра тое, куды на 7–10 гадоў знік іх тата, і ці ўбачацца яны яшчэ калісьці.
А СБ не спыняецца: «Мудрая Сталінская палітыка свету, далейшае ўмацаванне сваёй улады, новыя поспехі ў прамысловасці, транспарце і сельскай гаспадарцы, умацаванне ахоўнай здольнасці – такі вынік мінулага года ў Краіне Сацыялізму», – пішуць у студзені 1941-га», — прыводзіць цытату выданне.
А 21 студзеня 2023 года СБ пахваляецца наступным загалоўкам: «Роўна 74 гады назад, 21 снежня 1949 гады, «СБ» распавяла аб апошняй у жыцці Іосіфа Сталіна ўзнагародзе».
«Сваю першую ўзнагароду — ордэн Чырвонага Сцяга — ён атрымаў 27 лістапада 1919 года за абарону Петраграда, Героя Сацыялістычнай Працы — у снежні 1939-га. У чэрвені 1945-га Іосіф Вісарыёнавіч Сталін ганараваўся Героя Савецкага Саюза. У снежні 1949-га вялікі кормчы атрымаў сваю апошнюю дзяржаўную ўзнагароду — ордэн Леніна».
Вось такі, аказваецца, быў добры чалавек. «Великий кормчий».
«Минск-Новости». Помнік тырану
У студзені 2023 года аўтар адыёзнага выдання «Минск-Новости» Кірыл Казакоў не збаяўся запятнаць сваё імя прапановай паставіць Сталіну помнік, паставіўшы імя крамлёўскага вар’ята ў адзін радок з Вялікім князем Вітаўтам. Тэкст выйшаў з характэрным загалоўкам «Сталіна на вас няма».
«Я прапанаваў абавязкова паставіць помнік Сталіну. Для нашага народа ён не проста кіраўнік некалі вялікай краіны, у склад якой уваходзіла Беларусь, але і чалавек, пры якім наша радзіма набыла свае межы», — піша Казакоў пра, як ён выказаўся, «айца народаў».
Ці не нагадае хтосьці аўтару палымяных словаў пра тое, што Беларусь была адзінай краінай, якая згубіла сваю тэрыторыю, з ліку краін-пераможцаў Другой Сусветнай.
«Помнік Сталіну, як чалавеку, які стаяў за рашэннем аб пачатку аперацыі 17 верасня 1939 года, павінен быць устаноўлены адназначна ў краіне», — не супакойваецца Казакоў.
«Пачатку аперацыі» папярэднічала пагадненне, заключанае паміж СССР і гітлераўскай Нямеччынай, дзякуючы якому Саветы 17 кастрычніка 1939 года акупавалі частку тэрыторыі суверэннай Польшчы, а астатнюю частку крыху раней захапілі нацысцкія войскі. Але на гэта спадар Казакоў заплюшчыў вочы.
«Я не збіраюся судзіць аб рэпрэсіях 1930‑х. У гісторыі любой краіны, асабліва пасля такіх пераломных і лёсавызначальных момантаў, як рэвалюцыя і грамадзянская вайна, ёсць перыяд для цяжкіх рашэнняў кіраўнікоў», — прафесійна апраўдвае масавыя забойствы Казакоў.
БелТА. «Кандыдат навук» шкадуе, што Сталін не ўзяў Парыж
Мы ўжо сустракаліся з Вадзімам Елфімавым на Саўбелцы, але, як бачна, ён вельмі запатрабаваны адмысловец.
«Савецкі Саюз выйшаў з Вялікай Айчыннай вайны мацнейшым, чым ён у яе ўвайшоў. Гэта было самае магутнае войска ў свеце. Гэта значыць калі б Савецкі Саюз захацеў, ён мог бы захапіць любую дзяржаву і вырашыць любую праблему. Кажуць, Жукаў прапаноўваў Сталіну ўзяць Парыж. Гэта тэма абмяркоўвалася. Мір бы, вядома, быў уладкованы па-іншаму. Такім чынам, не было ніводнай сілы, якая магла б супрацьстаяць назапашанай ваеннай моцы Савецкага Саюза», — сказаў Вадзім Ялфімаў прапагандыстам БелТА.
«Калі б здзейсніўся менавіта план Жукава па ўзяцці Парыжа, мы маглі б мець больш збалансаваную сітуацыю ўнутры Еўропы», — падзяліўся вільготнымі марамі палітолаг.
«Ён глядзеў на гэта чыста з ваеннага пункта гледжання: ёсць такая магчымасць, і ёй можна скарыстацца. Але Сталін адказаў яму вельмі проста: узяць Парыж можна, але яго трэба яшчэ і ўтрымаць», — падкрэсліў Ялфімаў. Дык што, спадар Ялфімаў, атрымліваецца, усё ж была сіла, якая «магла б супрацьстаяць назапашанай ваеннай моцы Савецкага Саюза»?
Выснову пра пасляваеннае ўладкаванне свету Ялфімаў зрабіў наступную:
«Мы стрымлівалі амерыканцаў, і свет мог жыць больш-менш спакойна», — зноў усё наблытаў кандыдат навук.