Стаць прафесійнымі арганізатарамі — у Мінску стартаваў лідарскі курс БАЖ
У пятніцу ў Мінску стартаваў чатырохмесяцовы адукацыйны курс ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” для тых, хто хоча набыць грамадскія кампетэнцыі, паспрабаваць сябе ў канкрэтнай БАЖаўскай справе і рэалізаваць свой міні-праект у межах арганізацыі.
— Беларуская асацыяцыя журналістаў існуе ўжо 23 гады, і ўвесь час мы імкнёмся вырошчваць унутры арганізацыі новых лідараў. Тых людзей, якія будуць праяўляць ініцыятыву, рэалізоўваць ідэі і ў будучыні павядуць арганізацыю за сабой. На гэта і накіраваны курс, — гаворыць намесніца старшыні ГА “БАЖ” Аліна Суравец.
Цягам чатырох месяцаў з удзельнікамі будуць працаваць мясцовыя і замежныя эксперты. У праграме: асабістая падрыхтоўка і праца ў камандзе, уменне вырашаць канфлікты, арганізацыя навучальных і грамадскіх мерапрыемстваў, бяспека, эфектыўная камунікацыя і многае іншае.