• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Спыненне дзяржрэгістрацыі і цэнзарскія функцыі Мінінфарма. Папраўкі супраць незалежных выдаўцоў прайшлі другое чытанне

    Палата прадстаўнікоў 28 чэрвеня без пярэчанняў прыняла ў другім чытанні законапраект адносна ўнясення зменаў у закон «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь». Пад прыкрыццём «змагання з экстрэмізмам» дакумент пашырае пералік абмежаванняў для выдаўцоў.   

    Праект закона ўнёс у ніжнюю палату Савет міністраў. 31 траўня ён быў аднагалосна ўхвалены дэпутатамі ў першым чытанні. Згодна з тлумачэннямі распрацоўнікаў, законапраект накіраваны на супрацьдзеянне з’яўленню і распаўсюду друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і матэрыялы, тыражаванне якіх можа нанесці ўрон нацыянальным інтарэсам дзяржавы, або якія маюць прыкметы экстрэмізму, гвалту ці жорсткасці.

    Хоць асноўнай дэклараванай мэтай агучваецца «ўдасканаленне прававога рэгулявання грамадскіх адносін», на справе акцэнт робіцца на ўсталяванні татальнага кантролю за галіной:

    – пашыраецца пералік падстаў для перарэгістрацыі выдаўцоў і вытворцаў друкаваных выданняў;

    – спрашчаецца механізм прыпынення ці спынення дзеяння пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўцоў і распаўсюднікаў;

    – дэлегуюцца новыя паўнамоцтвы Міністэрству інфармацыі для прыняцця аднаасобнага рашэння аб спыненні пасведчання дзяржаўнай рэгістрацыі выдаўцоў.

    Фармальна прапанаваныя нормы яшчэ не набылі моц — следам іх мусіць ухваліць Савет рэспублікі і паставіць канчатковы подпіс Аляксандр Лукашэнка — адпаведны махавік ужо закруціўся.

    Беларуская асацыяцыя журналістаў расказвала, як на патрабаванне Мінінфарма Эканамічны суд Мінска пазбавіў права на дзейнасць найстарэйшага прыватнага выдаўца краіны Змітра Коласа. Фактычна рознымі спосабамі з рынку выціснулі і іншых альтэрнатыўных друкароў, якія вымушана згарнулі дзейнасць альбо перавялі свой бізнес за мяжу.

    Якраз на стадыі ліквідацыі «Кнігазбор» — адно з апошніх недзяржаўных выдавецтваў краіны, якое за чвэрцьстагоддзя свайго існавання выдала блізу трох тысяч найменняў кніг. Ліцэнзію «Кнігазбора» Мінінфармацыі прыпынялі двойчы, апошні раз — у самым канцы мінулага года.

    У самім ведамстве патлумачылі, што на гэты час у рэестры выдаўцоў зарэгістравана 2837 суб’ектаў гаспадарання, аднак некаторыя з прычыны «няпрофільнай дзейнасці» патрабуюць «аптымізацыі». Насамрэч  функцыянераў не заўсёды задавальняе змест літаратуры, паколькі, на прызнанне міністра інфармацыі Уладзіміра Пярцова, падчас «маніторынгаў» эксперты выяўляюць «стосы экстрэмісцкай і  дэструктыўнай літаратуры».

    Таму карэктывы, якія ўносяцца ў законапраект, накіраваныя на «недапушчэнне амаральнай літаратуры на кніжным рынку», а таксама пашыраюць інструментарый рэагавання на «дэструктыўныя акцыі ў дачыненні да дзяржавы».

    У дапамогу Мінінфарма пры праўладным Саюзе пісьменнікаў Беларусі створана спецкамісія па адсочванні друкаванай прадукцыі, якая распаўсюджваецца на тэрыторыі Беларусі. Гэтаксама ў «ініцыятыўным парадку» плануецца падключыць да кантролю зацікаўленыя грамадскія арганізацыі і «неабыякавых грамадзян». 

    Пры гэтым паўнамоцтвы самога міністэрства істотна пашыраюцца — як удакладняецца, дзеля «каардынацыі дзейнасці суб’ектаў гаспадарання ў выдавецкай справе». Насамрэч установа атрымлівае практычна неабмежаваныя правы пазбаўляць рэгістрацыі ў дзяржрэестры «нелаяльных» да рэжыму выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюднікаў друкаванай прадукцыі. Суд, як сведчыць кейс Змітра Коласа, у выніку становіцца простай юрыдычнай фармальнасцю.

    Чытайце яшчэ:

    У борисовской газеты «Адзiнства» — новый главный редактор

    Суд пачаў разглядаць справу журналіста-палітвязня Паўла Падабеда

    Карцер, ПКТ, ШИЗО — что это такое? Как наказывают политзаключенных, которые уже находятся за решеткой

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці