Справы відэааператараў: выпадковыя супадзенні або зададзены пераслед?
28 сакавіка праваабаронцы прызналі палітычнымі зняволенымі відэааператараў Паўла Падабеда і Вячаслава Лазарава. Іх кейсы — разам з ужо асуджанымі калегамі Алесем Любенчуком і Іванам Мураўёвым — сведчаць: ідзе мэтавая зачыстка фрылансераў, якія забяспечвалі «карцінкай» з Беларусі вядомы незалежны тэлеканал.
43-гадовы мінчук Павел Падабед і 46-гадовы віцяблянін Вячаслаў Лазараў даўно ў журналістыцы, сваёй спецыялізацыяй абралі відэа- і фотахроніку. Супрацоўнічалі з рознымі незалежнымі выданнямі. Цяпер абодва ў следчых ізалятарах сваіх гарадоў, заднім чыслом іх падводзяць пад «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» на падставе арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса — за «сувязь з медыя», прызнанага беларускімі ўладамі «фармаваннем».
За аналагічныя «злачынствы» ўжо атрымалі рэальныя тэрміны зняволення відэааператары Алесь Любянчук і Іван Мураўёў. Паводле аднолькавага арт. 361–1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім) першы пакараны 3 гадамі і цяпер знаходзіцца ў папраўчай калоніі №15 Магілёва, другому прысудзілі на паўгода меней, днямі яго этапавалі ў ПК №2 Бабруйска.
Паводле наяўных звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, з аналагічнай пазаштатнай супрацай могуць быць звязаныя нядаўнія арышты шэрагу былых і дзейных супрацоўнікаў дзяржаўных тэлеканалаў.
Ці выпадковыя «справы відэааператараў»? І адкуль сілавікі бяруць звесткі пра датычнасць таго ці іншага журналіста да рэсурсу, аб’яўленага «экстрэмісцкім фармаваннем»?
Выглядае, што «пінкертоны» з розных ведамстваў загадзя атрымліваюць наводку на «аб’ект» і нейкі час за ім сочаць. Пра тое, напрыклад, яскрава сведчыць гісторыя Паўла Падабеда.
У канцы мінулага года ён атрымаў візу адной з еўрапейскіх краін і ва ўмовах фактычнай забароны на прафесію — асабліва для фота- і відэажурналістаў — планаваў на нейкі час выехаць за мяжу. Квіток быў набыты на 21 студзеня, а за дзень да таго яго «раптам» хапаюць, калі ён выправіўся на пошту зрабіць камунальныя плацяжы. І адразу ж следам — «экстрэмісцкі» артыкул.
Алесь Любянчук з аналагічнай прычыны, справакаванай татальнай зачысткай медыйнай прасторы, вымушана пераарыентаваўся на турыстычную сферу, дапамагаў арганізоўваць рачныя сплавы на байдарках. Нават пераехаў з неспакойнага Мінска на Наваградчыну, паралельна засяродзіўся на аднаўленні гістарыка-культурнай спадчыны рэгіёна.
Аднак спецслужбы не паленаваліся камандзіраваць сваіх супрацоўнікаў у аддаленую вёску, адкуль журналіста ўжо вывозілі пад канвоем. Пры тым, што «Белсат» прызналі «фармаваннем» шмат пазней пасля сыходу колішняга аператара, гэта не перашкодзіла суду абвінаваціць Алеся Любенчука ў яго «стварэнні».
Затрыманню Івана Мураўёва папярэднічала грунтоўнае расследванне пра карупцыю ў атачэнні сям’і Лукашэнкі, відэашэраг для якога зводзіў фрылансер. Нягледзячы на тое, што прозвішча Івана Мураўёва не фігуравала ў тытрах, а сам ён меў вядомасць найперш у якасці гаспадара папулярнай «Кальяннай №1», узялі яго літаральна па гарачых слядах прэм’еры. Супадзенне? Магчыма.
Хіба што прасцей кантралёрам у выпадку з рэгіянальнымі журналістамі, дзе ў сілу малалікасці СМІ кожны датычны супрацоўнік пад патэнцыйным каўпаком. Таму візіт «гасцей» у пагонах да Вячаслава Лазарава быў збольшага справай часу.
Названых прафесіяналаў «праваахоўнікі» і раней затрымлівалі за выкананне рэдакцыйных заданняў — пачынаючы яшчэ ад умоўна «вегетарыянскіх нулявых». Але тады асноўнай задачай было нейтралізаваць хранікёраў на час акцыі, пазбавіўшы гледачоў жывапіснай «карцінкі», у горшым выпадку прымушалі фотакарэспандэнтаў знішчыць ужо адзнятыя кадры.
Аднак у часы «лукашэнкаўскай стабільнасці», як дзейныя ўлады называюць цяперашняе палітычнае цемрашальства, заставацца незалежным журналістам — гэта аўтаматычна падпісаць прысуд на зняволенне. Нюансам — толькі колькасць «злачынных эпізодаў», якія будуць фігураваць на ўсіх этапах расправы за іншадумства.
Чытайце яшчэ:
Пракурор падаў апеляцыйны пратэст на прысуд па «справе Вясны»
«Хэйт-камэнты ў мой бок гучаць гэтак жа, як на Акрэсьціна ад сілавікоў». Размова з блогерамі Лізай Ветравай і Мікітам Бялевічам
Аўтара Youtube-канала MozgON будуць судзіць за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»