Справы Максіма Хлябца і Рамана Чмяля адправілі на дапрацоўку
Сёння ў Брэсце мусіў аднавіцца судовы працэс над затрыманым у нядзелю, 18 кастрычніка, журналістам Максімам Хлябцом. А заўтра — над журналістам Раманам Чмялём. Але суд адправіў абодва пратаколы на дапрацоўку.
Журналіст прыйшоў на судовае слуханне адразу з рэчамі на выпадак арышту. Але суддзя Ленінскага раёна Брэста Аляксандр Семянчук, які вядзе справу Хлябца, адправіў дакументы ў міліцыю на дапрацоўку. Наступны раз у суд журналіста абяцаюць выклікаць позвай.
Сёння ж стала вядома, што справу журналіста анлайн-часопіса «Бінокль» Рамана Чмяля, якую мусілі разглядаць у судзе 23 кастрычніка, таксама вярнулі на дапрацоўку (суддзя Андрэй Грушко).
Нагадаем, журналісты Максім Хлябец і Раман Чмель былі затрыманыя 18 кастрычніка ў Брэсце. На абодвух міліцыянты склалі пратаколы паводле арт. 23.34 КаАП — журналістаў абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыі пратэсту, якую яны асвятлялі. Да суда трое сутак журналістаў трымалі ў ізалятары.