Справу супраць журналіста Яўгена Меркіса перадалі ў суд
Судзіць былога журналіста, гісторыка і краязнаўцу Яўгена Меркіса ў хуткім часе будзе Гомельскі абласны суд. Як стала вядома сябрам арыштаванага журналіста, туды пракуратура перадала крымінальную справу. Дата разгляду пакуль не вядомая.
Сілавікі затрымалі Яўгена Меркіса 13 верасня 2022 года, абвінаваціўшы паводле артыкула 361–4 КК — «Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці». У чым канкрэтна выявілася «садзейнічанне» не паведамляюць дагэтуль. Пасля затрымання па месцы жыхарства журналіста адбыўся ператрус з выняткам носьбітаў інфармацыі. Ператрусы праведзеныя былі таксама ў жыллі яго бацькі, а таксама сяброў.
Ад верасня Яўгена ўтрымліваецца ў гомельскім СІЗА № З. Сёлета ў сакавіку пасля заканчэнння следства ён меў кароткатэрміновую сустрэчу з роднымі. На здароўе не скардзіўся, хоць прастудных захворванняў не мінаваў. У снежні пабываў у карцары нібыта за тое, што не пагаліўся.
Перад арыштам Меркіс ужо шмат месяцаў не меў дачынення да журналістыкі. Журналісцкую дзейнасць яму давялося пакінуць з прычыны таго, што шэраг незалежных СМІ, у тым ліку і тыя, з якімі супрацоўнічаў, улады аднеслі да “экстрэмісцкіх фармаванняў”.
Як гісторык па адукацыі Яўген засяродзіўся на краязнаўстве. Атрымаў сертыфікат экскурсавода, у тым ліку і для працы з замежнікамі на нямецкай мове. Валодае таксама і ангельскай мовай, у СІЗА спрабаваў вывучыць яшчэ і французкую, але, наколькі вядома, меў цяжкасці з атрыманнем падручнікаў.
Паводле абвінавачання Яўгену Меркісу пагражае ад двух да шасці гадоў зняволення.
Коллеги в тюрьмах. Напишите им письмо поддержки АКТУАЛЬНЫЕ АДРЕСА