Справа Шарамета: паўгадавое маўчаньне
Сёньня спаўняецца паўгода, як у Кіеве ў выніку выбуху аўтамабіля загінуў беларускі журналіст Павал Шарамет.
У дзень ягонага забойства, летась 20 ліпеня, практычна ўсе ўрадоўцы Ўкраіны заявілі, што расьсьледаваньне забойства журналіста ёсьць справай іх годнасьці. Але сьледзтва дагэтуль маўчыць пра вынікі сваёй працы — як апэратыўнай, гэтак і аналітычнай.
Паводле крыміналістаў, для выніковага расьсьледаваньня найважнейшыя першыя тры дні пасьля злачынства — менавіта ў гэты пэрыяд важна здабыць і зафіксаваць усе доказы, а ўжо праз 10 дзён сьледчыя маюць пачаць іх аналіз, каб устанавіць і адшукаць выканаўцаў і, магчыма, заказчыкаў забойства.
12 студзеня Пячэрскі раённы суд Кіева зноў пачаў разглядаць запыты сьледзтва на доступ да інфармацыі пра абанэнтаў тэлекамунікацыйных паслугаў пяці ўкраінскіх мабільных апэратараў — «Кіеўстар», «МТС-Украіна», «Укртэлеком», «Трымоб» ды «Лайфселл». У адным з такіх хадайніцтваў сьледчыя атрымалі доступ да інфармацыі пра некалькі замежных абанэнтаў — па адным зь Беларусі, Польшчы, Нямеччыны і Літвы, і па двух нумарах з Расеі.
Дырэктар дэпартамэнту ў справе камунікацый Міністэрства ўнутраных спраў Украіны Арцём Шаўчэнка ў размове з Радыё Свабода зноў падкрэсьліў, што сьледзтва не камэнтуе хаду расьсьледаваньня, каб «забясьпечыць ягоную выніковасьць».
— Сьледчыя не ўпаўнаважвалі мяне паведамляць пра тактычныя дзеяньні расьсьледаваньня. Калі сьледзтва будзе меркаваць, што ёсьць, чым падзяліцца — мы гэта праанансуем. Пакуль такой нагоды няма, але ня факт, што ня зьявіцца заўтра або ў наступныя дні. Сьледзтва не камэнтуе, што яно зьбіраецца рабіць і чаму яно робіць тое ці іншае дзеяньне. Расьсьледуючы гэтае злачынства, могуць аналізавацца і іншыя злачынствы — зьвязаныя і незьвязаныя, але гэта ня значыць, што сьледзтва будзе камэнтаваць кожнае сьледчае дзеяньне. Сьледчыя не камэнтуюць тактыку і пасьлядоўнасьць сваіх дзеяньняў, каб вынік быў пасьпяховым.
Паўла Шарамета забілі 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева, падарваўшы аўтамабіль, якім ён кіраваў. Украінскія праваахоўнікі кваліфікуюць гібель журналіста як наўмыснае забойства.
Украіна зьвярнулася па дапамогу да Фэдэральнага бюро расьсьледаваньняў ЗША, якое мелася правесьці некаторыя экспэртызы. Пра вынікі гэтых экспэртызаў дагэтуль нічога не вядома.
У рамках расьсьледаваньня былі апытаныя сотні людзей. Акрамя таго, сьледзтва канфіскавала відэазапісы, якія зафіксавалі людзей, што падкладалі выбухоўку ў машыну. Фотаробаты гэтых людзей дагэтуль не апублікаваныя, як і іх дадзеныя.
На працягу апошніх месяцаў паліцыя і кіраўнікі спэцслужбаў не выдаюць ніякай інфармацыі, заяўляючы, што гэта можа нашкодзіць сьледзтву.
Яшчэ ў ліпені Генэральны пракурор Украіны Юрый Луцэнка назваў асноўнай вэрсіяй забойства Шарамета расплату за яго прафэсійную дзейнасьць.
«Украінская праўда» ўстанавіла, што ў справе аб забойстве журналіста Паўла Шарамета сьледзтва распрацоўвала адну з вэрсіяў, паводле якой да забойства датычныя ўкраінскія баявыя батальёны.Павел Шарамет — беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст тэлебачаньня, радыё і пэрыядычных выданьняў, у 1990‑х — 2000‑х гадах кіраўнік аддзелу спэцыяльных інфармацыйных праектаў расейскага тэлеканалу ОРТ, пасьля — «Першага каналу» ў Расеі. Апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданьні «Українська правда», а таксама на радыё «Вести».