Справа Шарамета: да забойства могуць быць датычныя спэцслужбы Расеі ці іншых краін СНД
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны Вадзім Траян, якога падазравалі ў сачэньні за журналістам Паўлам Шараметам напярэдадні ягонага забойства, заяўляе, што да гэтага злачынства могуць быць датычныя як спэцыяльныя службы Расеі, гэтак і іншых краін СНД.
«У нас адна з ключавых вэрсіяў і большасьць довадаў указваюць на тое, што ёсьць зьнешні сьлед. Тады сьледзтва адназначна будзе прывязваць ягоную прафэсійную дзейнасьць, бо ён быў у апазыцыі і да расейскага прэзыдэнта, і таксама да беларускага прэзыдэнта», — сказаў Вадзім Траян у эфіры ўкраінскага тэлеканалу «24».
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны дадаў, што ў сьледзтва ёсьць як мінімум дзьве вэрсіі адносна дачыненьня да забойства зьнешніх сіл.
«Могуць быць датычныя службы іншых сумежных дзяржаў. Як мінімум, Расеі і яшчэ ключавыя іншыя краіны СНД, якія маглі выканаўцаў таксама праз свае дзяржаўныя тэрыторыі накіроўваць сюды ва Ўкраіну», — адзначыў ён.
На пытаньне вядучай Соні Кошкінай, якія менавіта краіны маюцца на ўвазе — Казахстан ці Беларусь, Вадзім Траян паціснуў плячыма.
Намесьнік міністра ўнутраных спраў Украіны назваў якасным незалежнае журналісцкае расьледаваньне, прэзэнтаванае 10 траўня праектам «Слідство.Інфо» супольна з прадстаўнікамі міжнароднай сеткі OCCRP.
«Я не думаю, што гэта перашкодзіла сьледзтву. Я ведаю, што кіраўніцтва Нацыянальнай паліцыі сустракалася з журналістамі і ў іх ёсьць разуменьне, як разам далей працаваць», — дадаў Вадзім Траян.
У той жа час прадстаўнік МУС падкрэсьліў, што сьледзтва мае больш распрацовак, чым у журналісцкім расьсьледаваньні.
«Усьціменка сам да іх прыехаў, адказваў на тэлефонныя званкі, машына была афіцыйна зарэгістраваная… Усьціменка ёсьць тым чалавекам, які, разумеючы, што калі б ён сачыў за тым, што адбылося, то як мінімум, прыехаў бы зь перабітымі нумарамі. Цяпер паліцыя адпрацоўвае па Ўсьціменку, і я мяркую, што найбліжэйшым часам дадуць адказ журналістам», — паведаміў Вадзім Траян.
Старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Васіль Грыцак 15 траўня заявіў, што Ігар Усьціменка пасьля звальненьня са Службы бясьпекі ў красавіку 2014 году не працаваў у інтарэсах гэтай спэцслужбы і не выконваў ніякіх яе заданьняў.
«Адказваю сваёй галавой. Гэта ж немагчыма будзе ўтаіць, калі расьсьледаваньне пойдзе далей і будуць знойдзеныя нейкія доказы таго, што ён быў пад прыкрыцьцем і працаваў у інтарэсах службы. Не, ён не працаваў у інтарэсах органаў Службы бясьпекі», — падкрэсьліў Васіль Грыцак.
Беларускі, расейскі і ўкраінскі журналіст Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 году ў цэнтры Кіева ў выніку выбуху аўтамабіля. Паліцыя кваліфікуе яго гібель як наўмыснае забойства, зьдзейсьненае спосабам, небясьпечным для жыцьця многіх людзей.