• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Спрабуюць прымусіць мяне замаўчаць». Леанід Судаленка — пра новую крымінальную справу

    Супраць былога палітзняволенага праваабаронцы Леаніда Судаленкі распачалі завочную крымінальную справу. Што стала нагодай для новага палітычнага пераследу — пакуль невядома. Праваабаронца Леанід Судаленка пракаментаваў «Вясне» новую крымінальную справу супраць сябе.

    Леанід Судаленка

    Леанід Судаленка. Фота: spring96.org

    Інфармацыя пра новую крымінальную справу супраць Леаніда Судаленкі з’явілася 4 сакавіка ў тг-канале «Специальное производство. Официально». Яму інкрымінаваны артыкул 361–4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). 

    У лістападзе 2021-га году яго асудзілі да трох гадоў зняволення. Праваабаронца выйшаў на волю 21 ліпеня, цалкам адбыўшы свой тэрмін — за кратамі праваабаронцу ўтрымлівалі два з паловай гады. Праз два тыдні пасля вызвалення ён з’ехаў з Беларусі. За межамі краіны ён працягнуў праваабарончую дзейнасць. А ўжо праз тры месяцы пасля вызвалення супраць Леаніда распачалі новую крымінальную справу.

    «Упэўнены, такім чынам беларускія спецслужбы спрабуюць прымусіць мяне замаўчаць, таму што пасля вызвалення я не здаўся і не замаўчаў. Я публічна выступіў як сведка катаванняў у беларускіх турмах у сценах Еўрапарламента. Пра ўмовы, у якіх вымушаны сядзець беларускія палітвязні, я публічна распавядаў на пляцоўках не толькі Францыі, Польшы, Германі і Фінлядыі. Не было таго незалежнага СМІ, з якім бы я адмовіўся размаўляць пра перажытыя тры гады турэмнага зняволення.

    Ужо праз тры месяцы са дня вызвалення спецслужбы пачалі супраць мяне новую крымінальную справу, абвінаваціўшы ў дзвюх частках артыкула па экстрэмізме. Максімальны тэрмін па гэтаму артыкуле — да шасці гадоў. Наступным крокам будзе, напэўна, пазбаўленне беларускага грамадзянства, якое я атрымаў з нараджэння. Ну, а потым яшчэ, відаць, пачнуць чарговую спецвытворчасць па прызнанні майго факта нараджэння незаконным, бо ў краіне чацвёрты год працягваецца неабвешчананае надзвычайнае становішча. Сёння, дарэчы, «гарант Канстытуцыі» падпісаў Указ аб працы дзяржорганаў пры ваенным становішчы…

    На кароткачасовай дыстанцыі тыя, хто захапіў уладу ў Беларусі, могуць сабе дазволіць такое бяспраўе. А калі ў краіну вернецца канстытуцыйная законнасць, зразумела, што ўсё гэта не будзе каштаваць нават паперы, на якой яны малююць справу супраць мяне ў следчых камітэтах. Адно турбуе: кароткая дыстанцыя зацягнулася. Нават калі мяне кінулі ў турму, не думаў, што ўвесь тэрмін буду сядзець. Зацягваецца гэтая дыстанцыя — ігэта мяне зараз хвалюе. А так, дзякуй спецслужбам, адзначылі мае заслугі ў чарговы раз. Буду працягваць далей працаваць на новую і дзеля новай Беларусі!»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці