• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Валер Дранчук: Тут я адчуваю поўную еднасць з прыродай!

    Прэс-служба ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” працягвае наведваць лецішчы беларускіх журналістаў ды гутарыць з імі пра грады, лес, працу і адпачынак. Гэтым разам гасцей прымаў слынны публіцыст, адданы змагар беларускага экалагічнага фронту Валер Дранчук.

    Лецішча, а дакладней, радавы маёнтак Дранчукоў, месціцца ля вёскі Ахрэмавічы Нясвіжскага раёна. Едзем па брэсцкай шашы да Стоўбцаў, а пасля паварочваем налева.

    Сюды на пленэры спадар Валер часта запрашае навучэнцаў мастацкіх школ з усяго раёна. Мы пад’язджаем да маёнтка на машыне, а гаспадар просіць затрымацца на дарозе крыху раней – каля драўлянага крыжа.

    Паводле гістарычных звестак, у ХVIІ стагоддзі на гэтым месцы стаяў кляштар бенедыкцінак, а наогул тутэйшыя мясціны – гэта колішнія магнатэрыі Радзівілаў.

    – Менавіта гэтая сувязь з культурай і мінуўшчынай і выхавала ў ва мне экалагічнага актывіста і журналіста, – гаворыць спадар Валер. – Зямлю яшчэ на пачатку стагоддзя набыў мой дзядуля і рупліва на ёй працаваў. З прыходам савецкай улады зусім побач размясціўся шпіталь. Але пасля пабудовы новага, стары быў фактычна пакінуты на разрабаванне.

    Кожны цягнуў, што мог і будынак паціху цалкам разбурыўся. Урэшце рэшт на гэтым месцы зрабілі вялікі сметнік. Цікава, што арганізаваная звалка смецця знаходзіцца літаральна ў пяцістах метрах адсюль, але ўсе заўсёды чамусьці ленаваліся да яе даехаць.

    І вось на сваё пяцідзесяцігоддзе мне прыйшла ў галаву думка заснаваць тут экалагічны пленэр, разам з удзельнікамі якога мы вычысцілі ўсю тэрыторыю і сметнік ліквідавалі. І на месцы былога шпіталя паставілі вось гэты крыж, на якім так і напісалі: “Тут нараджаліся і паміралі”. Калі нават зараз запытацца ў многіх былых школьнікаў,  яны з радасцю будуць узгадваць тую падзею і гэтыя словы. Так звалка была знішчаная.

    Вяртаемся ў маёнтак і ідзем сцежкай па старым яблыневым садзе, а спадар Валер пачынае распавядаць пра духоўную прывязку да роднай зямлі і гістарычнай спадчыны.

    Ніякіх пабудоваў ад кляштара бенедыкцінак тут, зразумела, не захавалася, але застаўся вялізны археалагічны пласт. Таму, па словах гаспадара, так званыя чорныя капальнікі тут частыя госці.

    – Калі кудысьці з’едзеш, то адразу тэрыторыя пакапаная будзе. Я спрабаваў з імі дамовіцца – прапаноўваў дазволіць праводзіць на сваёй тэрыторыі раскопкі ў абмен на фотаздымкі кожнага знойдзенага прадмета. Не пагадзіліся…

    – А не страшна наогул так вось на водшыбе жыць? Мала ці што можа здарыцца..

    – Многія задаюць гэтае пытанне. Не, мне не страшна. Я адчуваю поўную еднасць з прыродай. Ніякай шкоды ёй не раблю, а наадварот толькі захапляюся. Таму ёй няма падставаў са мной змагацца. Вакол майго маёнтка жывуць бабры, зайцы, лісы, лось у садзе часам начуе. Але мы адзін аднаго не лічым за ворагаў.

    Спадар Валер паказвае месца, дзе раней стаяў бацькоўскі дом.

    – Тут стаяў дом, у якім я нарадзіўся. Ладны, прыгожы дом. Але колькі год таму мясцовыя бамжы яго спалілі – залезлі ўзімку, грэліся тут, выносілі ўсё, што маглі. А потым і спалілі. Міліцыя нават знайшла вінаватых тады, бо ў доме дзесьці была схаваная гарэлка ў вельмі старых і вельмі адметных бутэльках. І калі рабілі ператрус у аднаго вяскоўца такую бутэльку знайшлі. Так і выйшлі на след вінаватага, якога і асудзілі. Але хаты той канешне ўжо не было і давялося будаваць новую.

    Адметна, што дом згарэў на наступны дзень пасля маёй вельмі крытычнай публікацыі ў газеце “Свободные новости”. Рэдактарам быў тады Аляксандр Уліцёнак, які і сам прызнаваўся, што пабойваўся ставіць гэты артыкул – такі ён быў моцны. У пацверджанне гэтай версіі негалосна выступалі і многія тутэйшыя. Вяскоўцы казалі, што падпальшчыка падгаварылі. А нам давялося будаваць новы дом.

    Тут спадар Валер скіроўваецца ў хату, апранае традыцыйную беларускую вышыванку і бярэ бінокль.

    – Заўсёды хаджу альбо з фотаапаратам, альбо з біноклем. Наогул у маім камп’ютары ўжо дзясяткі тысяч фотаздымкаў, зробленых тут на прыродзе. І гэты працэс няспынны. Я выдаў ужо дзесяць календароў з фотаздымкамі на экалагічную тэматыку. Большасць “фотак” менавіта з гэтых мясцін.

    Валер Дранчук паказвае ўласныя грады з цыбулькай, часнаком ды буракамі. А яшчэ мае ў планах завесці казу.

    – Па-першае, каб малако давала, бо хутар мой вельмі чысты, і ніякай хіміі я тут не выкарыстоўваю ўжо больш за дваццаць гадоў – нават посуд мыю гарчыцай, содай, воцатам. А па-другое, каб трошкі пад’ядала траву, якая няспынна пакрывае ўвесь участак. Ды і перад вяскоўцамі будзе чым ганарыцца. Хоць пакуль шмат што не атрымліваецца зрабіць, бо я вымушаны даглядаць за хворай маці.

    – Якія, дарэчы, адносіны ў Вас з вясковымі? Сябруеце?

    – Адносіны вельмі прыязныя, асабліва пасля знішчэння сметніка і пажару ў хаце. Усе заўсёды былі на маім баку. Абсалютна ўсе мясцовыя ставяцца вельмі добра, прыязджаюць самі і да сябе запрашаюць. Прыязджаеш да іх узяць яек – даюць заўсёды ў два разы болей і часам нават грошы не бяруць. Бо многія іх дзеці ці ўнукі ўдзельнічалі ў маіх плэнэрах, таму стасункі завязаліся.

    Нядаўна вяскоўцы вось на свята запрашалі. Адзін з мясцовых паважаных людзей, магчыма, і пад маім нейкім уплывам вырашыў заснаваць свой уласны музей сямейных каштоўнасцяў пад назвай “Лён. Прылады працы”. Я яму зрабіў канцэпт, намаляваў эскізы – упершыню ў жыцці я выступіў экспазіцыянерам.

    У мясцовых крамах усе ўжо даўно ведаюць, што я не набываю расійскіх тавараў. Прадавачкі заўсёды з разуменнем дапамагаюць разабрацца ў паходжанні тавару, бо цяпер на ўпакоўцы вытворцы могуць так схаваць інфармацыю, што і не ўбачыш.

    – А тэмы для матэрыялаў нараджаюцца тут?

    – Яны ўсе адсюль! Калі чалавек зазямляецца ў свае карані, адчувае еднасць з прыродай, толькі тады ён можна убачыць сапраўды самыя галоўныя праблемы і з’явы грамадства. Тады чалавек пачынае думаць глабальна. Бо ў горадзе людзі часта бачаць толькі ўласную маленькую кватэру і працоўнае месца. Нават нос не падымаюць угару.

    А тут на прыродзе ўвесь час нейкія тэмы прыходзяць. І навінамі я таксама цікаўлюся – у мяне ёсць камп’ютар з інтэрнэтам, кожны дзень я наведваю асноўныя інфармацыйныя рэсурсы. Чытаю “Народную волю”, “Нашу Ніву”, “Свободные новости”, “Новы Час” і інш.

    Далей Валер Дранчук запрашае гасцей на вялікую экскурсію па ваколіцы. Па словах журналіста, раней амаль ад самага хутара пачынаўся вялікі заліўны луг. Але цяпер землі спатрэбіліся для сельскай гаспадаркі, таму мясцовую рачулку раённыя ўлады вярнулі ў маленькае рэчышча.

    Хоць гэтаму працэсу па-ранейшаму вельмі супраціўляюцца мясцовыя бабры, якія пакуль маюць усе шанцы на перамогу ў змаганні за сваё месца пад сонцам. Як сапраўды эколаг Валер Дранчук не ўхваляе ніякага палявання. А асабліва палявання на баброў. Не дарма ў мінуўшчыну казалі: “Пакрыўдзіў бабра – не чакай дабра!”

    Таму журналіст вельмі ашчадна ставіцца да дамкоў рачных гаспадароў, якія на адлегласці ў сто метраў зусім нядаўна пабудавалі адразу дзве плаціны.

    – Пабачыць бабра тут вельмі лёгка. Яны тут гаспадары, я з імі сябрую і захапляюся імі.

    На развітанне спадар Валер, ідучы на лузе, шукае чабор і акуратна збірае яго ў падарунак. Падпісвае гасцям кнігі з уласнай бібліятэкі і жадае добрага шляху.

    Калі Вы таксама не супраць падзяліцца з калегамі Вашымі загараднымі сакрэтамі – напішыце нам пра гэта на press@baj.by. І чакайце новых серый!

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці