Валанцёрскія справы БАЖ у Полацку
У сярэдзіне жніўня полацкая суполка Беларускай асацыяцыі журналістаў удзельнічала ў арганізацыі мерапрыемстваў летніка для дзяцей з інваліднасцю. Прадстаўнікі БАЖ падарылі дзецям наборы паперы для творчых заняткаў, арганізавалі віктарыну па гісторыі старажытнага Полацка з салодкім прызамі пераможцам і ўдзельнікам.
Ужо дзевяты раз у Полацку ладзіўся тыднёвы лагер для дзяцей з інваліднасцю. Гэты летнік арганізуе Хрысціянскі валанцёрскі рух Святога Мікалая пры Беларускай грэка-каталіцкай царкве.
Полацкія сябры ГА «БАЖ» вырашылі дапамагчы ў правядзенні летніка для дзяцей.
Апроч набыцця канцылярскіх тавараў ды прысмакаў для дзяцей, журналісты правялі віктарыну па гісторыі старажытнага Полацка.
Як распавёў кіраўнік полацкай суполкі ГА «БАЖ» Віктар Стукаў, дзеці з задавальненнем прымалі ўдзел у мерапрыемствах летніка. А сам летнік — добрая магчымасць для любога чалавека паспрабаваць сябе ў якасці валанцёра, памочніка.
Летнік праходзіў у прыватным доме на ўскраіне Полацка. Валанцёры Хрысціянскага валанцёрскага руху Святога Мікалая дапамагалі арганізаваць паўсядзённы побыт, заняткі і забавы. Кожны дзень у царкве прападобнай Параскевы Полацкай, якая знаходзіцца побач, праходзіла літургія з удзелам дзяцей і валанцёраў.