• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Анатоль Гатоўчыц: На маім крэсле сядзелі Лукашэнка і Алексіевіч

    Без Анатоля Гатоўчыца немагчыма ўявіць гомельскую журналісцкую супольнасць. Цяжка знайсці ў вобласці журналіста, які праехаў бы столькі кіламетраў па Гомельшчыне ў пошуках цікавых матэрыялаў, як гэта рабіў і робіць герой нашай публікацыі. Калі Аляксандр Лукашэнка яшчэ не быў прэзідэнтам, Анатоль Гатоўчыц ужо меў вышэйшую ўзнагароду беларускага журналіста — ганаровую грамату Вярхоўнага Савета БССР.

    Насуперак уяўленням журналістаў малодшай генерацыі Анатоль Гатоўчыц жыў у Гомелі не заўсёды. Сябе ён называе літвінам, бо карані ягонай сям’і — на Берасцейшчыне. Калі дакладней, нарадзіўся будучы старшыня Гомельскай філіі ГА “БАЖ” у Ляхавічах.

    Працоўны шлях Анатоля Гатоўчыца пачаўся на Берасцейшчыне, дзе ён працаваў у раённай газеце «Сельская праўда».

    «У тыя часы праўды было так шмат, што кожная другая газета называлася праўдай, — жартуе Анатоль Гатоўчыц. — Я сам быў перакананы да нядаўняга часу, што ўсё жыццё працаваў карэспандэнтам, але выявілася, калі паглядзеў запісы працоўнай кніжкі, што кар’ера пачалася з загадчыка аддзела лістоў і масавай работы».

    У часы маладосці Анатоля Іванавіча прафесіі журналіста вучылі толькі ў Беларускім дзяржуніверсітэце. Патрабаванні тады да абітурыентаў і студэнтаў былі высокімі, таму па выхадзе са сценаў альма-матэр у выпускнікоў быў добры шанец на працаўладкаванне.

    Потым у жыцці Анатоля Гатоўчыца быў этап навучання ў Вышэйшай партыйнай школе, дзе, акрамя партработнікаў, засвойвалі хітрасці навуковага камунізму выдаўцы і журналісты. Пасля заканчэння гэтай навучальнай установы Гатоўчыца накіравалі на працу ў галоўнае выданне рэспублікі — «Советскую Белоруссию».

    У 1980‑м годзе ў краіне не было нават і адчування, што наперадзе — Перабудова, Чарнобыль і распад СССР. Таму газета «Советская Белоруссия» не магла не ісці ў фарватары камуністычнай ідэалогіі, хаця, як заўважае Анатоль Гатоўчыц, ягонае выданне не было рэакцыйным.

    «Нейкія партыйныя каноны, вядома, у матэрыялах мусілі быць вытрыманыя, але мы ў сваёй працы абапіраліся на прынцыпы аб’ектыўнасці і грунтоўнасці. Я не памятаю чагосьці такога, што было напісана ў тыя часы, за што газету можна было вінаваціць у рэакцыйнасці», — згадвае Гатоўчыц. Паводле суразмоўцы, у той час у «Советской Белоруссии» згуртаваліся ці не найлепшыя прадстаўнікі журналісцкай прафесіі краіны. Дарэчы, цяперашні рэдактар «Народнай волі» Іосіф Сярэдзіч на момант з’яўлення ў рэдакцыі Анатоля Гатоўчыца загадваў у газеце аддзелам «Сельскае жыццё».

    Статус савецкага журналіста

    З’яўляючыся карэспандэнтам «Советской Белоруссии», герой публікацыі правёў многа дзён у камандзіроўках па краіне. У Віцебск і Гродна тады журналісты лёталі на самалётах. У Брэст было зручней даязджаць цягніком. Але аднойчы лёс звязаў Анатоля з горадам над Сожам. «У той час у мяне ўжо была сям’я, а кватэрнае пытанне не вырашалася. Я падышоў да рэдактара, каб спытаць, ці ёсць у мяне шанец на атрыманне жытла. Мне сказалі, што такі варыянт ёсць, але ў Гомелі», — распавядае Анатоль Гатоўчыц. Пасля яму прапанавалі з’ездзіць у гэты абласны цэнтр, дзе якраз з’явілася вакансія ўласнага карэспандэнта «Советской Белоруссии».

    У 1980‑я статус журналіста галоўнага рэспубліканскага выдання быў высокі.

    «Тады наменклатура лічыла ледзьве не справай гонару сустрэць уласнага карэспандэнта «Советской Белоруссии» з вялікай пашанай. Відаць, разлічвалі на прынцып «чым лепей сустрэнеш, тым лепей пра цябе напішуць». Але часцяком было інакш, — дадае Анатоль Іванавіч. — Спрабавалі і абедамі шыкоўнымі частаваць, і нават алкаголь прапаноўвалі, але ў такім выпадку трэба было адразу сказаць гаспадарам, што праца перадусім».

    Выпадкаў цэнзуравання ягоных артыкулаў Анатоль Гатоўчыц у «Советской Белоруссии» не памятае. А вось некаторыя вертыкальшчыкі на яго крыўды мелі.

    — З‑за аднаго з маіх матэрыялаў  былі праблемы з сакратаром па ідэалогіі абкама. Ён неяк спыніў мяне ў калідоры са словамі, маўляў, як вы спадобіліся крытыкаваць вышэйшае партыйнае кіраўніцтва! Як вы можаце выбарнага члена бюро абкама крытыкаваць! Я не сумеўся ды прыгадаў цытату з Леніна: «Уладзімір Ільіч казаў, што выбарныя члены партыі заўжды падсправаздачныя масам». У ідэолага вочы сталі квадратныя, ён неяк абмяк, пачырванеў і больш не стаў ніякіх пытанняў задаваць.

    Пасля 1986 года жыццё жыхароў Гомельшчыны змянілася назаўжды. І Анатоль Гатоўчыц таксама не застаўся ў баку ад трагічных падзеяў тэхнагеннай катастрофы на ЧАЭС. Журналіст за свае шматлікія камандзіроўкі, у тым ліку на тэрыторыі ў непасрэднай блізкасці ад атамнай станцыі, у зоне адчужэння і ў адселеных раёнах, меў да нядаўняга часу статус ліквідатара. З моманту скасавання гэтага статуса ў Беларусі ён, як і многія дзясяткі тысяч суайчыннікаў, атрымаў пасведчанне пацярпелага.

    Калі Беларусь атрымала незалежнасць, у журналістаў з’явіліся новыя магчымасці. Настаў перыяд галоснасці і дэмакратыі. Найбольш прагрэсіўная частка рэдакцыі «Советской Белоруссии» перайшла разам з Іосіфам Сярэдзічам у парламенцкую «Народную газету». Анатоль Гатоўчыц быў адным з тых, хто абраў дэмакратычнае выданне. «Са многімі народнымі дэпутатамі ў мяне былі вельмі прыязныя адносіны, з некаторымі я нават сябраваў. Але ў будынку Дома ўраду я з’яўляўся не так часта, бо працаваў у асноўным у Гомелі», — дзеліцца ўспамінамі журналіст.

    Анатоль Гатоўчыц і «лукашэнкава крэсла»

    У пачатку 1990‑х гадоў народныя дэпутаты часта ездзілі па рэгіёнах, каб не моцна адрывацца ад народа. У адной з паездак на Гомельшчыну ў дэпутацкай групе быў Аляксандр Лукашэнка. «Ён быў тады чалавекам з запалам, не сядзеў на месцы, хацеў ва ўсім разабрацца. Памятаю, як на сустрэчы з калектывам аднаго з прадпрыемстваў начальства хавалася ў кабінеце ад дэпутатаў. Былы сакратар гаркама па ідэалогіі, каб не адказваць на пытанні аўдыторыі, зачыніўся ў пакоі. Лукашэнка дзверы рвануў так, што там усё адчынілася насцеж», — згадвае такую гісторыю Анатоль Гатоўчыц.

    Аднойчы нават гасцінны дом Гатоўчыцаў прадаставіў Лукашэнку начлег.

    — У нас дагэтуль захавалася канапа і крэсла, на якіх адпачываў Лукашэнка. Ніякіх мемарыяльных шыльдаў, праўда, з гэтай нагоды мы не прыладзілі. Але камічная гісторыя ўсё-такі з той мэбляй была. Падчас ператрусу, які рабілі спэцслужбы, адзін з супрацоўнікаў КДБ вальяжна сеў на тое крэсла. Я яму тады заўважыў: «А вы ведаеце, што на ім Лукашэнка сядзеў?» Той ажно падскочыў з месца, — смяецца расказчык. Згаданае крэсла памятае не толькі першага прэзідэнта. На ім сядзела таксама Нобелеўская лаўрэат у галіне літаратуры Святлана Алексіевіч.

    Паводле словаў журналіста, у кіраўніка дзяржавы вельмі добрая памяць. Ён у гэтым пераканаўся ў канцы 1990‑х, калі браў каментар у прэзідэнта падчас ягонай традыцыйнай паездкай па Чарнобыльскіх рэгіёнах.

    — Перад тым, як узяць каментар у Лукашэнкі, я прадставіўся: «Анатоль Гатоўчыц, «Народная газета». А ён мне адказаў штосьці такое: «Я і так ведаю, Анатоль, адкуль ты», — згадвае цікавую рысу нязменнага кіраўніка Беларусі спадар Анатоль.

    Нячэсны журналіст

    Але неўзабаве здарыўся пераломны момант, пасля якога Анатоль Гатоўчыц канчаткова трапіў у кампанію «нячэсных журналістаў». Перад прэзідэнцкімі выбарамі ў 2001 годзе ў «Народнай газеце» ўсё больш набірала моц цэнзура. «Можна было, канешне, спакойна жыць, але лакіраваць рэчаіснасць не хацелася. У «Народнай газеце» рэдактарам ужо быў не Сярэдзіч, а Міхась Шыманскі. Спачатку крытычныя артыкулы трошкі падпраўляліся, потым 30% крытыкі падпадала пад рэдактарскую цэнзуру. Таму я пакінуў выданне, у якім прапрацаваў шмат гадоў, у жніўні 2001 года», — распавядае журналіст.  

    — Рэнамэ «нячэснага журналіста» замацавалася пасля стварэння Беларускай асацыяцыі журналістаў. Я ўзначаліў абласное аддзяленне гэтай арганізацыі. У першы час, нібыта па інерцыі, мяне працягвалі запрашаць у паездкі па рэгіёнах разам з міністрамі і прэзідэнтам. Але потым усё змянілася, — гаворыць Анатоль Гатоўчыц.

    Палітычны канфлікт у грамадстве не мог не адбіцца на стаўленні ўладаў да незалежнага журналіста. «Напярэдадні чарговай гадавіны катастрофы на ЧАЭС Аляксандр Рыгоравіч традыцыйна наведвае наш рэгіён. Але калі ў мяне з’явілася пасведчанне ад апазіцыйнай «Народнай волі», мяне перасталі ўключаць у спіс журналістаў, якія суправаджаюць прэзідэнта. Я пазваніў тады прэс-сакратару кіраўніка дзяржавы (тады службу ўзначальвала Наталля Пяткевіч) з пытаннем, чаму мяне не дапускаюць да паездкі. Але яна мне адмовіла са словамі: «У вас няма досведу асвятлення паездак з удзелам прэзідэнта», — усміхаецца Анатоль Іванавіч. Журналіст тады адказаў высокапастаўленай чыноўніцы, што яе яшчэ не было ў прэс-службе, а ён 7 ці 8 разоў падобныя паездкі асвятляў. Наталля Пяткевіч тады выбачылася і паклала слухаўку.

    Анатоля Гатоўчыца неаднаразова спрабавалі прыцягнуць да адказнасці праз суд. Першыя спробы засудзіць журналіста за крытычныя матэрыялы здараліся яшчэ ў савецкі час, але, як правіла, у працэсе разгляду справы суддзя станавіўся на бок журналіста. У 2000‑х гадах кіраўніка Гомельскага абласнога аддзялення ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» затрымлівала міліцыя на акцыях, у ягонай кватэры праводзіліся вобшукі. На пытанне, ці не адбіваецца негатыўна на ягоным самаадчуванні непавага з боку міліцыі і ўладаў, Анатоль Гатоўчыц адказвае:

    «Па жыцці я хацеў быць журналістам. Я заўжды лічыў, што журналіст — гэта тая асоба, якая не павінна крывіць душой. Калі ты бачыш адно, а пішаш іншае, ты ўжо не журналіст. Нешта непрынцыповае можна замаўчаць, але хлусіць нельга. Статус журналіста абавязвае мяне прытрымлівацца этычных стандартаў незалежна ад таго, дзе я працаваў раней альбо працую цяпер».

    За працу ў недзяржаўных выданнях Анатоль Гатоўчыц мае шэраг узнагародаў, у тым ліку прэмію імя Дзмітрыя Завадскага «За мужнасць і прафесіяналізм». Ён таксама быў лаўрэатам прэміі ГА “БАЖ” «Вольнае слова» ў намінацыі мастацка-публіцыстычнага жанру.

    «Гарачы» рэпартаж: ёсць нагода запаліць!

    <>Алена Сцяпанава: «Не люблю слязлівых тэкстаў!»

     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    Стваральнікі праекта «ТОК» меркавалі, што ў Беларусі не будзе з кім размаўляць у доўгіх інтэрв’ю. Але праз шэсць гадоў яны застаюцца запатрабаванымі. Вядоўца і менеджэрка праекта Наста Роўда расказала БАЖ пра рэкордныя тры запісы ў дзень, непрацуючую відэакамеру і як стала «членам сям’і» для некаторых гледачоў.   
    19.11.2024
    Акцэнты

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    Спартыўнае выданне «Трыбуна» актыўна развівае сетку ўласных дадаткаў і сэрвісаў — перадавых не толькі для Беларусі, але і для рэгіёну. Пра акалічнасці інтэграцыі сучасных тэхналогій у журналісцкую і рэдактарскую працу БАЖ пагутарыў з кіраўніком «Трыбуны» Максімам Беразінскім.
    05.11.2024

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    15.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці