Рэйтынг закрытасці. Частка 3
Працяг самых адметных журналісцкіх гісторый пра выбіванне інфармацыі з афіцыйных ведамстваў і закрытасць уладаў ад прэсы.
ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” працягвае збіраць матэрыялы пра самыя закрытыя для журналістаў беларускія ўстановы: міністэрствы, ведамствы, арганізацыі, грамадскія аб’яднанні і г.д.
Мы высвятляем у калег, якія з устаноў найбольш часта адмаўляюць незалежным журналістам у доступе да інфармацыі. Па выніках складаецца своеасаблівы “рэйтынг закрытасці” – зыходзячы з таго, наколькі часта тое ці іншае ведамства будзе фігураваць у апытанні.
Тамара САВІЧ, “Еўрапейскае радыё для Беларусі”
Літаральна ўчора я тэлефанавала ў Міністэрства фінансаў Беларусі, дзе мне сказалі, што ніякага каментара я атрымаць не магу, бо… прэс-сакратар ведамства знаходзіцца ў адпачынку.
Дакладна такая ж сітуацыя была ўчора і з МТЗ. Мінскі трактарны завод не дае ніякай інфармацыі журналістам да таго часу, пакуль прэс-сакратар не выйдзе з летняга адпачынку. Мой жа афіцыйны запыт, які я дасылала два тыдні таму, па словах супрацоўнікаў прыёмнай, ужо недзе знік праз паломку кампутара, і адшукаць яго немагчыма.
Яшчэ асаблівым мінусам хацелася б адзначыць прэс-службу канцэрна “Белэнерга”. Нядаўна пры падрыхтоўцы матэрыялу я звярнулася да іх па інфармацыю, на што пачула стандартную фразу: “Пішыце афіцыйны запыт, у законныя тэрміны мы Вам адкажам”. Тады я пачала сама тэлефанаваць спецыялістам і збіраць неабходныя дадзеныя, за што атрымала нараканне ад прэс-сакратара, бо, маўляў, не мела права так рабіць.
Наогул складаецца ўражанне, што большасць прэс-службаў афіцыйных ведамстваў цяпер ведае напамяць толькі наступныя словы: “Ніякай інфармацыі па тэлефоне мы не даем, пішыце афіцыйны запыт”. Хоць збіраць, аналізаваць і распаўсюджваць інфармацыю – гэта не толькі права, але і прафесійны абавязак журналіста.
Са станоўчага боку хачу адзначыць былую прэс-службу Міністэрства культуры –тут заўсёды дапамагалі, давалі неабходную інфармацыю, падказвалі неабходныя тэлефоны.
Таццяна ГУСЕВА, інтэрнэт-газета “Салідарнасць”
Як кажуць, рыба гніе з галавы, таму пачну з прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі. Нягледзячы на ўсе гучныя заявы пра адкрытасць беларускай улады, нават у кіраўніка беларускай дзяржавы на дадзены момант няма нармальнай прэс-службы.
Да нядаўняга часу кіраўніком прэс-службы Лукашэнкі быў Павел Лёгкі. Нягледзячы на свой грозны выгляд, ён заўсёды быў адкрыты да журналістаў, даваў ім нават свой мабільны тэлефон, з лёгкасцю адказваў на тэлефанаванні і прадастаўляў неабходную інфармацыю.
Цяпер жа на сайце кіраўніка беларускай дзяржавы нават не напісана, хто ягоны сакратар. Сакратара ніколі няма на месцы, а астатнія супрацоўнікі прэс-службы нават не могуць паведаміць, дзе знаходзіцца ў дадзены момант прэзідэнт.
Наступныя ў маім асабістым рэйтынгу закрытасці – Мінсельгасхарч і Мінздароўя. Ведамствы, ад якіх вельмі моцна залежыць узровень жыцця, само жыццё і здароўе беларусаў, амаль ніколі нічога не паведамляюць журналістам. Яскравы прыклад гэтаму – сёлетняя ўспышка афрыканскай свіной чумы.
У самым лепшым выпадку размова зводзіцца да патрабавання накіраваць афіцыйны запыт, на які яны павінны адказаць цягам месяца. Але для інтэрнэт-газеты гэта, безумоўна, не пасуе абсалютна.
Сярод адкрытых ведамстваў назвала б ЦВК і МУС, калі справа не тычыцца палітычных затрыманняў.
Марыя МАЛЕВІЧ, газета “Народная Воля”
Мабыць, калі прадстаўляешся журналісткай “Народнай Волі”, то робіш самае галоўнае выпрабаванне таго ці іншага чыноўніка на адкрытасць. Бо вельмі ў многіх службоўцаў назва нашага выдання практычна аднімае мову. Асабліва ў рэгіёнах.
Што да ведамстваў, то таксама пачну з адміністрацыі Лукашэнкі. Нядаўна да нас у рэдакцыю прыйшоў ліст ад чытача, які пытаўся, якім чынам можна дагрукацца да кіраўніка краіны? Я асабіста звярнулася ў адміністрацыю, дзе размаўляла з Ігарам Ламаносавым. Самае цікавае, што пасаду сваю для нашай рэдакцыі ён пад запіс называў двойчы, і кожны раз гэтыя пасады адрозніваліся. Дакладную пасаду Ламаносава не ведала і прэс-служба.
(Рэд.: Дарэчы, інтэрнэт падае ажно тры розныя назвы пасадаў Ламаносава, датаваныя прыкладна адным часам — намеснікам начальніка Галоўнага ўпраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб — загадчыкам прыёмнай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, загадчык прыёмнай адміністрацыі кіраўніка дзяржавы, начальнік аддзела кіравання палітычнага аналізу Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра пры Адміністрацыі Прэзідэнта).
Сярод іншых нядаўніх сутычак з ведамствамі – адмова ў акрэдытацыі на Сырны фэст, адключаныя тэлефоны Камітэта па архітэктуры Мінгарвыканкама, немагчымасць атрымаць інфармацыю ў Дэпартаменце ветэрынарнага кантролю Мінсельгасхарча.
Добрая прэс-службы – у ДАІ Мінскай вобласці. Раней таксама была выдатная прэс-служба у Мінкульта, тады ёй кіравала Ганна Смольская. Цяпер, на жаль, нармальнай прэс-службы ў ведамстве няма.
АГУЛЬНЫ ЗАЛІК:
Мінусы
Мінсельгасхарч: ‑4
Мінздароўя: ‑3
Адміністрацыя прэзідэнта: ‑2
КДБ: ‑2
МУС: ‑2
ППНС: ‑2
Міністэрства ЖКГ: ‑1
Мінгарвыканкам: ‑1
Мінюст: ‑1
Мінфін: ‑1
Мінскі трактарны завод: ‑1
Канцэрн “Белэнерга”: ‑1
РАУСы: ‑1
Аддзел ветэрынарыі камітэта па сельскай гаспадарцы Брэскай вобласці: ‑1
Брэсцкая мытня: ‑1
КУП “Брэстгарсвятло”: ‑1
Брэсцкі аблвыканкам: ‑1
Брэсцкі гарвыканкам: ‑1
ДУ “Сталічны транспарт і сувязь”: ‑1
Камітэт па архітэктуры Мінгарвыканкама: ‑1
Плюсы:
МНС: +3
СК: +3
Мінкульт: +2
МЗС: +2
Мінпрыроды: +1
Міністэрства па падатках і зборах: +1
Міністэрства лясной гаспадаркі: +1
МУС: +2
Вярхоўны суд: +1
Генпракуратура: +1
ЦВК: +2
ДАІ Мінаблывканкама: +1