Нашы за мяжой: Вольга Швед
"З'язджайце!!! Жыць у іншых краінах неабходна! Калі з'язджаеш, раптам свет змяншаецца ў нашай свядомасці, і ўсё адразу побач і ўсё дасягальна: дзве гадзіны – і Парыж, чатыры – і Афрыка... Што хочаш, тое і апынецца побач..."
Гісторыя ад’езду
Яшчэ ў школе, пасля досведу супрацы з гарадзенскай газетай “Биржа информации”, я зразумела, што хачу займацца журналістыкай. Да паступлення заставаўся год. У БДУ на “факультэт прапаганды і рускай літаратуры” я адназначна не хацела. Трэба было выбіраць паміж суседзямі: Вільня альбо Варшава. ЕГУ тады яшчэ паспяхова працаваў у Мінску, і я вырашыла, што за год хутчэй вывучу польскую мову, чым літоўскую. Вывучыла і паступіла на журфак у Варшаве (праграмы Каліноўскага тады яшчэ таксама не было).
Як прайшла акліматызацыя, што давалася найцяжэй ці найлягчэй?
З’язджаць з месца, дзе ты пражыў усё жыццё, дзе твае сябры, родныя, заўжды цяжка. Першы год я сядзела ў падручніках ды шукала ў Варшаве “беларускія” месцы – вось помнік Панятоўскаму, які быў у Гомелі, вось тут працаваў Яўхім Карскі… А з Горадняй у мяне быў сапраўдны раман! Я часта сумавала па самім горадзе, таму мне важна было закахацца ў Варшаву, каб з ёю жыць. Я зачытвалася гісторыяй места, каб яно для мяне “займела душу”. А потым пачала акліматызоўвацца, знаходзіць новых сяброў, больш цвяроза глядзець на Беларусь. А закахалася я ў Варшаву, мо, праз гады тры, калі набыла ровар. З перспектывы ровару Варшава – цудоўная!
З Алесем Залеўскім і Алінай Коўшык. Фота Змітра Гурневіча
Што Вы маглі б параіць людзям, якія сёння збіраюцца з’ехаць жыць за мяжу?
З’язджайце!!! Жыць у іншых краінах неабходна! Калі з’язджаеш, раптам свет змяншаецца ў нашай свядомасці, і ўсё адразу побач і ўсё дасягальна: дзве гадзіны – і Парыж, чатыры – і Афрыка… Што хочаш, тое і апынецца побач. Падарожжы развіваюць і навучаюць. І з перспектывы Беларусь выглядае цалкам інакш. Напэўна, ніколі Беларусь ужо не будзе мець у маёй галаве былога рамантычнага арэолу. Відаць, гэты вобраз сцерлі ня толькі ад’езд, але і праца журналістам – калі штодня бачыш самы непрыемны “твар” краіны.
Таму – з’язджайце і вяртайцеся з новым досведам, праз 10–15 гадоў, калі вы будзеце патрэбныя краіне і калі яна вас прыме. Калісьці і я вярнуся. Я стараюся прыязджаць у Беларусь раз на два месяцы – не заўжды атрымліваецца, але стараюся. І сын у мяне мае беларускі пашпарт, ён таксама часта бывае ў Беларусі.
З Кацярынай Тамковіч
Як выглядае беларуская тусоўка ў Варшаве, чаго не хапае?
Беларусы паўсюль застаюцца беларусамі… У трох людзей пяць меркаванняў, і вельмі цяжка нешта зрабіць разам, бо лягчэй крытыкаваць, чым рабіць. Але, трэба прызнаць, я пераважна кантактую менавіта з беларусамі – з імі працую, жыву, сябрую. Такое “гета” атрымліваецца, але што ж зробіш.
У Варшаве на вуліцы значна часцей пачуеш беларускую мову, чым у Мінску, а тым больш у Горадні. Але шмат каму трэба было з’ехаць з Беларусі, каб зразумець, што ён беларус, і загаварыць на роднай мове. А беларусаў у Варшаве – процьма! Яны вельмі розныя: заможныя дзеці чыноўнікаў, якія тусяць у модных клубах ды размаўляюць, натуральна, па-расейку; студэнты-“каліноўцы” – таксама вельмі розныя; старая эміграцыя, да якой ужо і я сябе магу залічыць, бо, калі я прыехала, тут была адна арганізацыя з дзесяцю беларусамі 🙂
Цяпер вось мы сустракаемся часцей на глебе дзетак, якіх хочам выгадаваць беларусамі, – стварылі суполку на Фэйсбуку і сустракаемся. А не хапае сапраўды “Беларускага дома” – дзе кнігі, гарбатка, заўжды сустрэнеш знаёмых – без грантаў, палітычных падзелаў і г.д…
І літаратуры вельмі не хапае! Я з Мінску вязу валізу кніг кожны раз… І садочка не хапае… Але ўсяго гэтага бракуе і ў Беларусі. І там, і тут на вуліцах – чужая мова, чужая школы, чужы садок. Я часта думаю пра тое, што вельмі хачу жыць у Беларусі, але дзе яна?..