• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нашы за мяжой: Твар “Белсата” Алесь Залеўскі

    Любому незалежнаму журналісту ў Беларусі цяжка нешта планаваць наперад. Але я абсалютна перакананы, што буду жыць на радзіме. Планую не толькі прафесійна вярнуцца ў Беларусь, але і сям’ю тут ствараць, жыць далей... Я не ўяўляю сябе ў ролі эмігранта.

    Гісторыя ад’езду

    Адбылося гэта ў 2007‑м годзе.
    Ад самага з’яўлення ідэі беларускага незалежнага канала я ведаў, што буду на яго працаваць. Тады толькі стваралася рэдакцыя, ладзіліся курсы, набіраліся супрацоўнікі…

    І вось неяк мой добры сябра Паша Мажэйка прапанаваў з’ездзіць паспрабаваць уласныя сілы на “Белсаце”. А тады вельмі бракавала часу: я каардынаваў у Гродне “Школу маладога журналіста”, праект “Твой стыль”, працаваў таксама на “Еўрапейскім радыё для Беларусі”, а ў дадатак яшчэ і вучыўся ў Варшаве на завочным аддзяленні на паліталогіі. Таму я вырашыў адкласці ад’езд і падумаў, што, калі буду патрэбны “Белсату”, яны самі на мяне выйдуць.

    Улетку 2007-га фактычна так і адбылося: патэлефанавалі, прапанавалі, абмеркавалі ўмовы.

    Да таго ж, мне ўжо вельмі хацелася нейкай стабільнасці і працы ў адным канкрэтным месцы. Усё менавіта так і склалася: я пераехаў у Варшаву і яшчэ некалькі месяцаў да старту “Белсата” мы з Аляксеем Дзікавіцкім рыхтавалі рэдакцыю, адбудоўвалі структуру будучага эфіру.

    Як прайшла акліматызацыя да жыцця па-над Віслай?

    Я гарадзенец, таму Польшча не была для мяне такой ужо незнаёмай краінай. Ад Гродна да Варшавы ехаць амаль столькі ж, колькі і да Мінску. Я ездзіў праз выходныя ва ўніверсітэт, працаваў таксама цэлы год у Лодзі над адным з праектаў.

    Безумоўна, спачатку былі пэўныя складанасці: дзе і як жыць, як дабірацца да працы, што набываць? Але я быў малады, лёгкі на пад’ём, таму ўсё неяк вырашалася. Да таго ж, гэта быў ужо не той графік, паводле якога даводзілася працаваць у Гродне.

    Вядома, здараліся і сітуацыі культурнага шоку. Я ніколі не думаў, што палякі так сур’ёзна вырваліся наперад у параўнанні з беларусамі. У нас заўсёды казалі, “што курыца – не пціца, а Польшча – не заграніца”. Сапраўды, калі параўноўваеш Гарадзеншчыну і Беласточчыну, розніцы амаль ніякай не заўважаеш. Але Цэнтральная і Заходняя Польшча знаходзіцца далёка наперадзе.

    Палякі цягам 2000‑х гадоў здолелі вырвацца наперад у культурным плане. Я не кажу ўжо пра пытанне “чаркі і шкваркі”, вопраткі і машын. Але ў культурным плане яны знаходзяцца далёка наперадзе. Часам ад гэтага становіцца сумна, але мне гэта заўсёды вельмі ўздымала настрой, бо паказвала, у якім кірунку трэба рухацца Беларусі.

    Калі з Варшавы глядзіш на ўсе гэтыя беларускія дыскусіі – Захад альбо Усход – разумееш, наколькі ўсё гэта бессэнсоўна і відавочна. Разумееш, наколькі хутка ляжаў бы на лапатках усходні кірунак развіцця Беларусі, калі даць заходнім ідэям і магчымасцям роўныя ўмовы для канкурэнцыі.

    Але, калі пытаюць, дзе мой дом, то я заўсёды адказваю, што ён у Абухова побач з Гародняй. Там я стараюся намагаюся бываць штомесяц, а то і часцей.

    Што змянілася за пяць год працы ў Варшаве?

    Пяць год былі вельмі разнастайнымі і непадобнымі адзін да другога. Тым больш – вельмі шмат чаго было наогул для мяне новым. У першую чаргу, канешне, падыход да журналісцкай працы. Да свайго пераезду ў Варшаву я меў журналісцкі досвед, быў падкаваны тэарэтычна, каардынаваў “Школу маладога журналіста”, але, як выявілася, еўрапейская і беларуская журналістыка – гэта неба і зямля. У Еўропе гэта абсалютна іншая па глыбіні і якасці прафесія, ніякага параўнання з тым, што мы бачым на БТ, ОРТ ці дзесьці яшчэ на прасторы былога СССР.

    У польскай тэлевізіі я заўсёды бачыў найноўшыя тэхналогіі, найноўшыя падыходы, якія заўсёды імкнуўся выкарыстоўваць у сваёй працы. Таму першыя год-два выглядалі, як суцэльнае навучанне.

    Пасля назапашвання гэтага багажу я пачаў усімі сіламі імкнуцца ўкараніць гэтыя падыходы і прынцыпы ў Беларусі. Я з’язджаў з Горадні цвёрда перакананы, што гэта вялікая доўгая камандзіроўка з мэтай атрымання новых ведаў, якая калісьці скончыцца. Таму праз два гады “сядзення” ў Варшаве і працы ў студыі я пачаў настойліва прасіць кіраўніцтва нарэшце адправіць мяне “на барыкады” – накіраваць у Беларусь рабіць добрыя журналісцкія матэрыялы.

    З рознай доляй поспеху гэта атрымлівалася. Спачатку я ездзіў у Мінск працаваць на некалькі тыдняў, потым – на некалькі месяцаў. Увесь перадвыбарчы 2010‑ы год я наогул правёў у Беларусі. На поўным сур’ёзе я вырашыў канчаткова перабрацца ў Беларусь, нават зладзў развітанне з Варшаўскай рэдакцыяй, знайшоў працу для сваёй дзяўчыны ў Мінску…

    Але ніхто не думаў, што падзеі 19 снежня 2010-га скончацца менавіта так, як яны скончыліся. Нават апазіцыйныя кандыдаты ў прэзідэнты не думалі, што будзе настолькі жорсткі разгон і далейшыя падзеі. На маё асабістае жыццё тыя падзеі таксама вельмі моцна паўплывалі, бо я паехаў у Варшаву правесці адзін вечаровы эфір, а застаўся там на паўгады… Таму мінулыя пяць год былі абсалютна рознымі.

    Беларуская тусоўка ў Варшаве

    Беларусаў ў Варшаве хапае, ну і хапае белсатаўцаў, зразумела. У нас толькі ў рэдакцыі чалавек дваццаць беларусаў. Апроч працы, асабліва часу ні на што не маю. Асабліва апошнія паўгады, калі паўстаў праект “Студыя Белсат”, увесь мой жыццёвы графік падпарадкаваны працы.

    Я мушу да адпаведнай гадзіны легчы спаць, у адпаведны час устаць, мець адпаведны настрой. Напрыклад, не дапускаць эмацыйных усплёскаў, а вельмі спакойна сябе паводзіць, каб берагчы энергію на тры гадзіны жывога эфіру. Так жыву ўжо ад верасня. Толькі вось у сераду ў якасці выключэння дазволіў сабе паглядзець матч “Шахцёр-Барусія” і выпіць бутэлечку піва.

    У астатнім ніякіх непрадказальных і спантанных імпрэзаў ці тусовак я сабе дазволіць не магу, бо эфір заканчваю а дзясятай гадзіны вечара. Потым трэба пераапрануцца, сабрацца, даехаць дахаты. Хаджу хіба толькі на лазню ды на нейкія канцэрты магчыма ў пятніцу альбо суботу.

    Хоць абсалютна не магу сказаць, што маю вакол сябе толькі беларускае асяроддзе: ёсць і беларусы, і палякі, і іншыя еўрапейцы. Добрых знаёмых з часам становіцца усё болей і болей. Гуляю ў футбол я, напрыклад, з офісам АБСЕ 🙂

    Планы на будучыню

    Любому незалежнаму журналісту (асабліва калі працуеш у такім праекце, як “Белсат”) цяжка нешта планаваць наперад. Але я абсалютна перакананы, што буду жыць на радзіме. Планую не толькі прафесійна вярнуцца ў Беларусь, але і сям’ю тут ствараць, жыць далей… Я не ўяўляю сябе ў ролі эмігранта. Псіхалагічна заўсёды гэтую ролю ад сябе адмятаю. Спадзяюся, што ўжо у бліжэйшай будучыні мае намаганні вярнуцца будуць мець поспех.

    Усе мае сябры – там, усе прафесійныя амбіцыі звязаныя з Беларуссю. Хоць Польшча таксама мне вельмі дарагая – тут ужо склаліся пэўныя бытавыя традыцыі, ад якіх будзе цяжка адмовіцца, – але цяга да радзімы значна большая. Ну і самае галоўнае – там мой глядач. Гэта асноўная мая матывацыя – жыць сярод тых людзей, дзеля якіх працуеш.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае

    «Здавалася, з кім можна гаварыць у Беларусі?» Наста Роўда — пра прагляды, хейт, уласны стыль і каманду «ТОК»

    19.11.2024
    Акцэнты

    «Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў

    Спартыўнае выданне «Трыбуна» актыўна развівае сетку ўласных дадаткаў і сэрвісаў — перадавых не толькі для Беларусі, але і для рэгіёну. Пра акалічнасці інтэграцыі сучасных тэхналогій у журналісцкую і рэдактарскую працу БАЖ пагутарыў з кіраўніком «Трыбуны» Максімам Беразінскім.
    05.11.2024
    Акцэнты

    «Бюро»: Пасля нашых публікацый бізнэсоўцы перапісваюць кампаніі і выдаляюць профілі ў сацсетках

    Напрыканцы мінулага года паўстала новае беларускае медыя «Бюро» — праект, створаны камандай журналістаў-расследавальнікаў. Першая ж праца «Бюро» пра рээкспарт люксавых аўто выклікала перапалох на беларуска-еўрапейскай мяжы, а многія далейшыя матэрыялы вымушалі варушыцца і еўрапейскіх, і беларускіх чыноўнікаў. 
    15.11.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці