• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Нашы за мяжой: Кацярына Арцёменка

    Беларускі талент, раскрыты ва ўмовах свабоднага грамадства. Колішняя журналістка радыёканалу “Культура”, што сама прабівала сабе шлях на Захад. Доўгі час вучыла нямецкую, а цяпер вучыць немцаў паважаць Беларусь.

    Гісторыя ад’езду

    Я з’ехала з Беларусі, калі вучылася на 4 курсе. Да гэтага працавала на радыёканале “Культура” Белтэлерадыёкампаніі, дзе ў мяне не вельмі добра ўсё склалася. Апошняе, што я рабіла, была мая аўтарская праграма, якая нядоўга праіснавала – прыкладна 2 месяцы. Мне стала зразумела, што тыя ідэі, якія ў мяне былі, тыя тэмы, на якія я хацела б паразмаўляць, мне не атрымаецца данесці да людзей, я не змагу гэта рэалізаваць ў Беларусі.

    Стала ясна, што я хачу чагосьці большага. Да таго ж, мне хацелася атрымаць адукацыю больш сур’ёзную, чым можа прапанаваць наш Інстытут журналістыкі БДУ, таму я вырашыла з’ехаць у Нямеччыну.

    Спачатку вучыла нямецкую мову, паралельна працавала ў розных месцах – трэба ж было неяк фінансаваць сваё жыццё і вучобу. Працавала на “Нямецкай хвалі” ў беларускай рэдакцыі некаторы час. Пасля пераехала ў горад Эсэн, у той час шмат хто туды пераязджаў. У гэтым горадзе ёсць свая радыёстанцыя – у Нямеччыне ў кожным горадзе ёсць свая радыёстанцыя… Тут я і працую з канца 2009 года.

    Але зараз я планую перайсці з прыватнай радыёстанцыі на грамадска-прававую. Гэта больш складана, бо людзям з акцэнтам (а акцэнт у мяне будзе ўсё жыццё) вельмі цяжка прабіцца ў радыёжурналістыцы. Акцэнт лічыцца вялікай перашкодай для разумення тэкстаў…

    Што было самым складаным пасля пераезду з Беларусі?

    Канешне, было вельмі цяжка – найперш у стасунках з людзьмі. Немцы не вельмі прыязна ставяцца да чужых, таму трэба спачатку вучыцца разумець іх. Чакаць, пакуль яны зразумеюць цябе – гэта глупства.

    Якія планы на бліжэйшую будучыню, ці не збіраецеся вяртацца?

    Я штогод разважаю над гэтым пытаннем: ці хачу я заставацца ў гэтай краіне яшчэ, ці ёсць у мяне праца, ці ёсць праекты, якімі б я хацела займацца, якія планы на год… Зараз вось ужо хутка Новы год, і падобна на тое, што наступны год я яшчэ правяду ў Германіі – калі мае праекты для грамадска-прававога канала ўхваляць.

    Кацярына — лаўрэат прэміі CIVIS-Medi­en­preis у 2011 годзе. Фота WDR/Sachs

    Як рэагуюць немцы, калі чуюць, што Вы з Беларусі?

    Па-першае, у нямецкай мове ёсць такое дурацкае слова Weißrus­s­land, а не Belarus. Таму шмат хто кажа: ах, вы з Расіі, напэўна. Таму прыходзіцца тлумачыць, што паміж Расіяй і Беларуссю ёсць розніца. І гэта рэакцыя не толькі малаадукаваных людзей – часам і студэнтаў і нават аспірантаў. Мая першая гісторыя, звязаная з назвай Беларусь, адбылася на самым пачатку, калі я прыйшла ў мясцовую адміністрацыю атрымаць рэгістрацыю. Мне сказалі, што няма такой краіны, і што я выдумляю, а насамрэч я з Расіі. Мне давялося дастаць свой пашпарт, які яны вельмі доўга разглядалі…

    Больш за ўсё беларусаў у Берліне. Там ёсць свае суполкі, якія кантактуюць паміж сабой, а ў нас тут у Паўночнай Вестфаліі беларусаў няшмат. Прынамсі, яны не так шчыльна кантактуюць у параўнанні з берлінскімі. У мяне муж – беларус. Ну і яшчэ я ведаю адну беларускую журналістку, якая працуе на “Нямецкую хвалю”. І ўсё.

    Фота WDR/Sachs

    Што можаце параіць тым, хто цяпер вырашае для сябе: з’ехаць альбо не з’ехаць?

    Тут трэба вельмі добра ўсведамляць, для чаго ты з’язджаеш. Проста на ўсіх пакрыўдзіўся і проста збягаеш альбо маеш мэту. Хочаш з іншай краіны нешта рабіць для сваёй, або проста хочаш скласці валізы і з’ехаць. Гэта першае пытанне, якое варта сабе задаць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці