• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Маніторынг “Асвятленне прэзідэнцкіх выбараў у беларускіх СМІ” (21 верасня – 4 кастрычніка 2015 г.)

                                       Бюлетэнь №3

    Уводзіны

    Падсумаванне вынікаў

    Асноўныя факты

    Дзяржаўныя медыя

    Прамы доступ

    Прамоцыя аднаго кандыдата

    Папярэднія ацэнкі выбарчай кампаніі

    Недзяржаўныя медыя

    Высновы

    Ілюстратыўная графіка

     

    1. Уводзіны

    У азначаны перыяд працягвалася агітацыйная кампанія. Кандыдаты завяршылі свае выступы па радыё і на тэлебачанні, а таксама ўзялі ўдзел у тэледэбатах.

     

    2. Падсумаванне вынікаў

    Нягледзячы на тое, што выбарчая кампанія фармальна ўступіла ў самую актыўную фазу, яе цяжка ахарактарызаваць як сутыкненне розных палітычных ідэй і пазіцый альбо як “перадвыбарчую гонку”, у якую ўцягнуліся кандыдаты.

    Дзяржаўныя медыя павялічылі сваю ўвагу да выбарчай кампаніі, гэта, аднак, аніяк не змяніла рэальных суадносін эфірнага часу і плошчы, адведзеных претэндэнтам. Па-ранейшаму дамінантнай фігурай быў дзеючы Прэзідэнт краіны.

    З прычыны адсутнасці рэальнай палітычнай барацьбы паміж кандыдатамі ў асвятленні выбараў (як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі медыя) адсутнічаў выразны драматургічны пачатак, інтрыга.

    Папярэднія ацэнкі выбарчай кампніі, распаўсюджаныя дзяржаўнымі медыя, сведчаць пра яе ціхі і бесканфліктны характар.

    Недзяржаўныя медыя сканцэнтравалі сваю ўвагу на праграмах і асобах кандыдатаў.

    Сярод альтэрнатыўных кандыдатаў асоба спн. Караткевіч выклікала найбольшую цікавасць перадусім з прычыны канфлікту ўнутры беларускай палітычнай апазіцыі датычна падтрымкі альбо непадтрымкі гэтага кандыдата.

     

    3. Асноўныя факты

    3.1 Дзяржаўныя медыя

    Параўнальна з папярэднім перыядам маніторынгу, дзяржаўныя электронныя медыя павялічылі эфірны час, прысвечаны выбарчай тэматыцы. Так, навінавая праграма “Панарама” (ТБ-канал “Беларусь 1”) адвяла ёй 10% часу (у мінулы перыяд — 6%), прагнозу надвор’я – 2,6% (адпаведна 3%), спартыўным  навінам – амаль 22% (у мінулы перыяд 17% часу). Гэтаксама сваю ўвагу да выбарчай кампаніі заўважна павялічылі “Наши новости” ОНТ, праграма “Радыёфакт”, Першы нацыянальны канал Беларускага радыё ды іншыя маніторынгавыя электронныя медыя.

    Падобная тэндэнцыя характэрна і для друкаваных дзяржаўных СМІ. Да прыкладу, плошча, адведзеная ў газеце “Беларусь сегодня” кандыдатам Т. Караткевіч і С. Гайдукевічу, павялічылася, параўнальна з папярэднім перыядам, прыкладна ў 3 разы.

    Агульная тэндэнцыя павелічэння ўвагі да выбараў і кандыдатаў істотна, аднак, не змяніла суадносіны эфірнага часу і газетнай плошчы, адведзеных галоўным суб’ектам маніторынгу.

    Дзеючы Прэзідэнт краіны сп. Лукашэнка заставаўся найбольш заўважнай публічнай фігурай беларускіх дзяржаўных медыя. Так, праграма “Главный эфир”, Беларусь 1 адвяла яму амаль 64% параўнальна з усімі астатнімі суб’ектамі маніторынгу1, праграма “Панарама”, Беларусь 1 – крыху меней. Не змяніліся і ацэнкі асобы Прэзідэнта. Дзяржаўныя медыя рэпрэзентавалі яго пераважна станоўча.

    Іншыя кандыдаты, хоць і атрымалі ў некаторых дзяржаўных медыя больш увагі, аднак аніяк не змаглі зраўняцца з дзеючым Прэзідэнтам. Так, у праграме “Наши новости”, ОНТ суадносіны эфірнага часу ў адсотках былі наступныя:  сп. А. Лукашэнка – 65%, спн. Т. Караткевіч – 4%, сп. С. Гайдукевіч – 3%, сп. М. Улаховіч – 3%. Ніякіх істотных адрозненняў датычна суадносінаў часу і плошчы, адведзеных кандыдатам у іншых дзяржаўных медыя, не выяўлена.

    Разам з тым, крыху зменшылася доля часу і плошчы, адведзеная Цэнтральнай выбарчай камісіі, і крыху павялічылася ўвага да назіральнікаў. Рэпрэзентацыя назіральнікаў пераважна станоўчая. Аднак, са з’яўленнем першага прамежкавага даклада БДІПЧ АБСЕ, дзяржаўныя медыя агучылі і адмоўныя ацэнкі дзейнасці назіральнікаў ад гэтай арганізацыі.

    Названыя медыя працягвалі ігнараваць беларускую апазіцыю.

     

    3.2 Прамы доступ

    1 Лічбы эфірнага часу і плошчы, якія падаюцца ў адсотках, не з’яўляюцца абсалютнымі. Яны паказваюць на долю часу альбо плошчы, адведзеных таму ці іншаму актару адносна ўсіх астатніх суб’ектаў маніторынгу. Як і падчас першага раўнду агітацыйнай кампаніі, дзяржаўныя друкаваныя і электронныя медыя шырока не анансавалі тэле- і радыёзвароты кандыдатаў. А праграма тэлеперадач адно пазначала: «Выступления кандидатов в президенты Республики Беларусь», не падаючы іх прозвішчаў2. Не пазначаны ў праграме і прозвішчы кандыдатаў, што 3 кастрычніка бралі ўдзел у тэледэбатах. Затое, анансуючы расійскі крымінальны тэлесерыял “Улицы разбитых фонарей”, тая ж праграма палічыла неабходным падаць прозвішчы персанажаў гэтага фільма: “Убиты два человека, живших в одном доме: бизнесмен Семенов и учитель физкультуры Копейкин”.

    Адзін з кандыдатаў на вышэйшую пасаду ў краіне, а менавіта дзеючы Прэзідэнт сп. Лукашэнка, адмовіўся ад выступаў па радыё і на тэлебачанні, а таксама ад удзелу ў тэледэбатах. Падчас свайго візіту на Беларускі металургічны завод (г. Жлобін) ён, адказваючы на пытанне датычна ўласнага рашэння, сказаў: “Ну, вы знаете, это не ново. Я каждый день, кстати, выступаю на телевидении, практически. Это не проблема. (…) Я считаю, что я должен как-то реагировать на те процессы, которые идут на практике. Ну, что я сяду на экран и буду вам рассказывать, какое у нас будет образование или здравоохранение? Тот, кто за мной следит и за моей политикой, он прекрасно знает мои подходы”. “Главный эфир” (“Беларусь 1”, 27.09.2015).

     

    3.3 Прамоцыя аднаго кандыдата

    У папярэдніх бюлетэнях мы ўжо адзначалі, што адмыслова падрыхтаваны тэлесерыял пад назвай “Беларусь ХХІ” (праграма “Главный эфир”, “Беларусь 1”) пазітыўна альбо надзвычай пазітыўна рэпрэзентуе дзеючага Прэзідэнта краіны. Дваццацігадовы тэрмін яго прэзідэнцтва пададзены як гісторыя нашых здзяйсненняў і перамог. Зроблены ў дакументальна-гістарычным жанры, тэлесерыял не мае дачынення да выканання кіраўніком краіны сваіх сённяшніх службовых абавязкаў, а таксама не прымеркаваны да якой-небудзь важнай даты ў беларускай найноўшай гісторыі.

    Навінавая праграма “Панарама” ТБ-канала “Беларусь 1” ужо цягам месяца дэманструе адмысловыя сюжэты пад назвай “Мы сделали это вместе”, у якіх распавядаецца пра стварэнне культурных, сацыяльных, медыцынскіх, адміністрацыйных, спартыўных ды іншых цэнтраў і збудаванняў па ўсёй краіне. Кантэкстуальна альбо наўпрост гэтыя сюжэты адсылаюць да дваццацігадовага прыяду прэзідэнцкай дзейнасці сп. Лукашэнкі.

    Газета “Наша Ніва” (23.09.2015) падлічыла частотнасць найбольш характэрных слоў, што выкарыстоўваюцца ў праграмах кандыдатаў у прэзідэнты. “У Аляксандра Лукашэнкі, – піша тыднёвік, – пераважаюць словы “мы/нас/нам” (53 разы)”. Далей “ідзе “Беларусь” (27 разоў)”. Адзначым таксама, што ключавым словам з’яўляецца і “ВМЕСТЕ”, пададзенае ў праграме кандыдата вялікімі літарамі: “ВМЕСТЕ мы создали независимую Беларусь! ВМЕСТЕ мы преодолеем любые невзгоды! ВМЕСТЕ мы построим счастливую и процветающую страну!”.

    2 Праграма радыёперадач падавала: “Выступления кандидатов на пост Президента Республики Беларусь”.

    Характэрна, што ўжо колькі месяцаў у краіне ладзіцца агульнанацыянальная акцыя пад назвай “Мы вместе”, у якой жыхары розных гарадоў Беларусі могуць “спеть вместе с известными артистами на всю страну”.  Трансляцыі канцэртаў ажыццяўляе агульнанацыянальны канал ОНТ, які пры гэтым выкарыстоўвае “графічны знак (лагатып) у выглядзе галачкі ў форме літары «V» лацінскага алфавіту, размаляванай у арнамент і колеры дзяржаўнага сцяга”. І, як адзначыла кандыдат Т. Караткевіч, “ідэнтычны элемент афармлення выкарыстоўваецца і ў агітацыйнай кампаніі кандыдата Лукашэнкі…”.

    “Вместе” з’яўляецца ключавым словам і ў рэкламным відэароліку тэлеканала Беларусь 1. Відэаролік заклікае маладых людзей прыйсці на выбары і прагаласаваць.

    Праграма “Радыёфакт” (23.09.2015, Першы нацыянальны канал Беларускага радыё) распачала серыю гутарак з беларускімі навукоўцамі пад назвай “Выбіраем Беларусь”.

    Прагучала інтэрв’ю з палітолагам А. Дзермантам, прысвечанае ўмацаванню беларускага суверэнітэту. Галоўная заслуга ўмацавання суверэнітэту, парадку ў краіне, як лічаць суразмоўцы, належыць дзейнасці кіраўніцтва краіны.

    Відавочна, што вышэйшае кіраўніцтва персаніфікуе дзеючы Прэзідэнт сп. А.Лукашэнка.

    Інтэрв’ю карэлюе з тэлесерыялам “Беларусь ХХІ”, дзе выкарыстоўваецца тая самая мадэль пазітыўнай рэпрэзентацыі дзеючага Прэзідэнта праз дваццацігадовую гісторыю суверэннай Беларусі. А ў аналагічным сюжэце названай праграмы Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё ад 30.09.2015 журналіст фактычна пераказвае альбо цытуе ў перакладзе на беларускую мову цэлыя абзацы з праграмы дзеючага Прэзідэнта.

    Журналіст: “У аснове беларускай эканамічнай мадэлі заўсёды быў прынцып даць кожнаму чалавеку магчымасць зарабляць сваёй працай на годнае жыццё. Таму ў любыя сусветныя крызісы, а спачатку 90‑х Беларусь прайшла не праз адзін з іх, сэнсам дзяржаўнай палітыкі было захаваць прадпрыемствы і працоўныя месцы для людзей. Такі падыход застаецца і падчас цяперашніх праблем у сусветнай эканоміцы.”

    З перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі: “Дать каждому человеку возможность зарабатывать на достойную жизнь своим трудом – этот принцип изначально был положен в фундамент белорусской экономической модели. Сохранить предприятия, рабочие места для людей, несмотря на любой кризис, – всегда было главным смыслом нашей политики…”

    Журналіст: “Таму кіраўніцтва Беларусі ўжо зараз выстройвае планы на будучыню. Так, у эканоміцы вызначаны тры стратэгічныя мэты: занятасць, экспарт, інвестыцыі. Занятасць – гэта стабільнасць у грамадстве, калі кожны мае магчымасць зарабіць сабе на жыццё. Экспарт – стабільнасць эканомікі, моцны рубель і нізкая інфляцыя, а інвестыцыі – гэта развіццё краіны.”

    З перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі: “Занятость – это стабильность общества и благополучие людей, возможность каждому заработать себе на достойную жизнь своим трудом. Экспорт – это стабильность экономики, крепкий рубль, низкая инфляция, сбалансированный бюджет. Инвестиции – это развитие страны, новые технологии и новое качество жизни для каждого белоруса”.

    Журналіст: “Як чакаецца, усе гэтыя меры – эфектыўнае дзяржаўнае кіраванне плюс прыватная ініцыятыва плюс добрасумленная праца беларусаў – і забяспечаць нашай краіне новы эканамічны прарыў у бліжэйшыя гады”.

    З перадвыбарчай праграмы А. Лукашэнкі: “Все перечисленные меры в совокупности обеспечат нашей стране новый экономический прорыв за счет сочетания эффективного государственного управления, частной инициативы и добросовестного труда наших людей”.

    І, нарэшце, у праграме “Наши новости” (ОНТ 29.09.2015) адзін з сюжэтаў быў прысвечаны рэкорду 16-гадовай беларускі на спаборніцтвах па паўэрліфтынгу.

    Журналіст: “Впрочем, не только спортивными успехами запомнит Александру испанская столица. В Мадриде девушка выступала в весьма заметной футболке”.

    Далей гераіню паказваюць у спартыўнай зале. Яна расшпільвае кофту, пад якой на t‑shirt  партрэт сп. А.Лукашэнкі з надпісам “Alexan­der Lukashenko. The Pow­er­ful Pres­i­dent of the Pow­er­ful Coun­try”. Спартсменка кажа: “Это была моя идея, так как я уважаю Александра Григорьевича. Это сильный человек. Я уважаю его политику”.

    Падобнай агітацыі на карысць іншых кандыдатаў у праграме не было выяўлена.

    Прыведзеныя вышэй выпадкі можна ахарактарызаваць як эфекты медыя. У іншай тэрміналогіі – гэта прыклады прыхаванай альбо непрыхаванай агітацыіі на карысць аднаго з кандыдатаў.

     

    3.4 Папярэднія ацэнкі выбарчай кампаніі

    Дзяржаўныя СМІ акцэнтавалі ўвагу на наступных ацэнках сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі.

    Крысціян Херпфер, прафесар Універсітэта Абердзіна: “Нынешняя кампания проходит гораздо спокойнее (…) Это успешная кампания, которая соответствует международным стандартам проведения выборов”. (“Главный эфир”, 20.09.15. “Взгляд на Беларусь экспертов Диалогов цивилизаций”)

    Сп. Сяргей Лебедзеў, старшыня місіі назіральнікаў ад краін СНД: “Избирательная кампания идёт строго в соответствии с законодательством, а что касается напряжения предвыборного, то если его нет, это говорит о стабильности в обществе”.  (“Панарама”, Беларусь 1, 21.09.2015).

    3 Пад гэтым тэрмінам мы разумеем выпадкі аднабаковага і тэндэнцыйнага асвятлення, неабгрунтаваных інтэрпрэтацый, наўмыснага  альбо ненаўмыснага (падсвядомага) скажэння інфармацыі, селектыўнага ці фрагментарнага адлюстравання рэчаіснасці, а таксама замоўчванне падзей і фактаў, што змяняюць альбо могуць змяніць грамадскае  бачанне сітуацыі і тым самым паўплываюць на электаральны выбар.

     

    3.5 Недзяржаўныя медыя

    Інтэрнэт-газета www.naviny.by акцэнтавала сваю ўвагу на праграмах і асобах кандыдатаў і ацэньвала іх як пазітыўна, так нейтральна і негатыўна. Найбольш плошчы атрымалі кандыдаты сп. Улаховіч (24%) і спн. Караткевіч (16%), а найменш – сп. Лукашэнка (6%) і сп. Гайдукевіч (6%). Увага да астатніх суб’ектаў выбарчага працэсу істотна знізілася.

    Газета “Народная Воля” аддала перавагу, паводле плошчы, кандыдатам сп. Лукашэнку (13%) і спн. Караткевіч (9%), а таксама апазіцыі (23%). Тыднёвік “Наша Ніва” перадусім пісаў пра сп. Лукашэнку (52%) і спн. Караткевіч (25%), характарызуючы іх як нейтральна, так і адмоўна.

    “Комсомольская правда в Беларуси” нейтральна пісала пра ўсіх кандыдатаў і размеркавала адведзеную ім плошчу пароўну.

    Названыя выданні, нягледзячы на большую ўвагу да некаторых кандыдатаў, аднак, не падтрымлівалі каго-небудзь з іх персанальна.

     

    Высновы

    Атрыманыя падчас гэтага перыяду маніторынгу дадзеныя пацвярджаюць зробленыя намі папярэднія высновы: у мадэлі асвятлення сёлетняй выбарчай кампаніі дзяржаўнымі медыя не адбылося істотных змен. Яна па-ранейшаму арыентаваная на прамоцыю толькі аднаго прэтэндэнта на вышэйшую пасаду. Такая мадэль непазбежна вядзе да дэпалітызацыі выбарчага працэсу, стрымлівае канкурэнтную барацьбу палітычных ідэй і платформ (“ціхія выбары”, выбары “без напругі”), маргіналізуе апанентаў дзеючай улады ды рытуалізуе працэс галасавання, г. зн. ператварае яго не болей як у “выкананне выбаршчыкамі свайго пачэснага грамадзянскага абавязку”, паводле савецкай тэрміналогіі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці