Лёша Мінчонак: самым галоўным драйвам былі паходы на рэчку
З надыходам лета вірлівая журналісцкая праца крыху прыціхае пад сонечнымі промнямі. Хтосьці з калег карыстаецца магчымасцю радыкальна змяніць абстаноўку і скіроўваецца на адпачынак у далёкія краіны. А камусьці даспадобы тутэйшы каларыт і магчымасць папрацаваць рукамі не толькі на клавіятуры.
Прэс-служба ГА “БАЖ” аднаўляе леташнюю рубрыку “Журналістыка на лецішчы”, у межах якой наведвае “фазэнды” калег, каб пагутарыць з імі пра жыццё ў непрацоўнай абстаноўцы і пераканацца ў разнастайнасці іх талентаў. А таксама каб данесці глыток свежага паветра да тых, хто пакуль вымушаны сядзець у душных офісах.
…Каля Кургана славы паварочваем направа і праз колькі кіламетраў апынаемся ў дачным кааператыве лётчыкаў былога “Аэрафлота”. Зусім побач – лецішчы тых, хто працаваў у Нацыянальным аэрапорце “Мінск” у якасці персаналу.
За дваццаць гадоў дачы прадаваліся і купляліся, таму кантынгент жыхароў змяняўся, але на дачах па-ранейшаму лёгка сустрэць авіятараў, якія тысячы разоў заходзілі на пасадку над уласнымі стрэхамі.
– Спачатку наша лецішча было менавіта ў гэтым, аэрапортавым кааператыве, бо акурат у “Мінску‑2” працавала цётка. Мая маці здолела купіць нейкі будаўнічы вагончык, да якога паступова дабудаваліся і іншыя часткі дома. Потым усё гэта абклалі цэглай, дабудавалі другі паверх, які зрабілі дзедавай майстэрняй. Так і жылі ўсе дружна, – кажа Аляксей Мінчонак.
Аляксей Мінчонак – рэдактар праграмы “Сальда” тэлеканалу “Белсат”. У журналістыцы з 2003 года, быў адным са стваральнікаў музычнага парталу “Тузін Гітоў”, з 2006-га па 2008-ты правацаў журналістам “Радыё Рацыя”.
– Усё дзяцінства лецішча для нас было своеасаблівай працоўнай павіннасцю. У дзевяностыя многім сем’ям сур’ёзны разлік даводзілася рабіць на ўласны гарод. Да таго ж, наша бабуля вельмі любіла працаваць і лічыла святым абавязкам заняць градамі ўсю адпушчаную плошчу.
Часы змяніліся, і дзевяць гадоў таму бацькі набылі ўжо дом, што прадаваўся ў кааператыве для лётчыкаў. Зараз гэта цалкам прыдатнае для жыцця памяшканне: праведзеныя газ, вада і нават інтэрнэт.
Бацькі садзілі ўсе гэтыя дрэвы. Маці ў мяне працуе галоўным бухгалтарам у будаўнічай кампаніі, а бацька – інжынер. Сам я сканчаў не журфак, а факультэт філасофіі і сацыяльных навук – там было аддзяленне інфармацыі і камунікацыі, першых піяршчыкаў у Беларусі рыхтавалі. У 2003‑м годзе разам з Сяргеем Будкіным мы стварылі “Тузін Гітоў”, папрацаваў піяршчыкам пару год пасля ўнівера, а потым увесь час у журналістыцы. Таму ў асноўным з сябрамі-журналістамі тут і адпачываем.
У нас тут адмысловая альтанка, стол, зверху – натуральны дах з вінаграду, які вельмі хутка ўжо раскіне буйное лісце. Нават у дождж тут можна спакойна знаходзіцца.
Нікуды не падзелася і сельскагаспадарчая частка – клубніцы, цыбуля, кроп, гуркі, памідоры – каб далёка не ездзіць па дробязі. Займаецца гэтым пераважна бабуля Аляксея. Зазіраем таксама на дзіцячую пляцоўку, а затым скіроўваемся ў дом.
– Калі разграбалі хату пасля былых гаспадароў, знайшлі кучу чыгунных савецкіх батарэй – як у фільме “Джентельмены удачи”. Іх хапіла, каб абсталяваць увесь дом.
На першым паверсе у нас стаіць газавы кацёл, тут таксама кухня і гасцёўня, – кажа Аляксей і наладжвае “Белсат” на тэлевізары.
– Нікога тут вакол асабліва не цікавіць, дзе ты працуеш, чым займаешся. Але аднойчы сусед папрасіў дапамагчы наладзіць інтэрнэт, што раптоўна знік. Гляджу – у суседзяў такі сапраўдны “джэнтэльменскі набор” у закладках – “Хартыя”, “Наша Ніва”, TUT.BY.
Падымаемся на другі паверх. Тут ёсць камін, старое радыё, калаўрот. Наогул увесь дом апраўлены дрэвам, пакрытым толькі лакам.
А ў падвале ў Мінчонкаў – сапраўдная майстэрня: інструменты, фарбы, запчасткі для ровара і газонакасілкі.
– На ровары дамоў і паеду, – кажа Лёша і дастае ўласнага жалезнага каня.
Лецішча Мінчонкаў на самым ускрайку лесу – адчыняем брамку і адразу бачым перад вачыма пагрызеную невядомым зверам бярозу.
– Але самы небяспечны звер для гэтых мясцінаў – чалавек, – кажа Аляксей, дастаючы з травы пустую бутэльку з‑пад гарэлкі.
Скіроўваемся на рэчку.
– Ніякіх асаблівых падзеяў у дзяцінстве звычайна на лецішчы не адбывалася, таму самым галоўным драйвам былі паходы на рэчку. Раней тут нават адмысловую яміну выкопвалі летам побач з кладкай, каб можна было купацца ў крынічнай вадзе. У вялікую спёку было файна. У дзяцінстве здавалася, што рака шырэйшая, ці насамрэч так было – не ведаю.
На гэтай аптымістычнай ноце мы дзякуем Аляксею за смачную гарбату і экскурсію па дачным участку і скіроўваемся ў Мінск.
Калі Вы таксама не супраць падзяліцца з калегамі сваімі сельскагаспадарчымі, будаўнічымі дасягненнямі ці проста добрым настроем – напішыце нам пра гэта на press@baj.by.