Януш Гаўрылюк: Дакументалістыка — гэта не тое, на чым трэба эканоміць
Рэдактар «Белсат Doc» Януш Гаўрылюк расказаў БАЖ, як дакументальныя фільмы пашыраюць магчымасці тэлеканала, што цікава зараз беларускаму гледачу і ці не згубім мы праз складанасці з фінансаваннем буйную пляцоўку, на якой аўтары маглі рэалізоўваць свае ідэі.
«Белсат» — амаль адзінае незалежнае медыя, якое дае беларускім рэжысёрам платформу для стварэння дакументальных фільмаў. У цяперашніх умовах, калі не толькі абмяжоўваецца свабода слова ў Беларусі, але і фінансаванне незалежных медыяпраектаў рэзка скарачаецца, дакументальныя праекты могуць страчваць падтрымку. Аднак Януш Гаўрылюк перакананы, што дакументалістыка — гэта не тое, на чым трэба эканоміць. Паводле яго слоў, менавіта цяпер, у гэты крызісны час, культура, а асабліва дакументальнае кіно, з’яўляецца ключом да захавання беларускай памяці і асэнсавання падзей.
Навіны хутка страчваюць актуальнасць, а фільмы набіраюць прагляды праз гады
«Белсат» стаў важнай платформай для беларускіх дакументалістаў. Тут яны маглі здымаць фільмы, не залежачы ад дзяржаўнай цэнзуры. Канал заўсёды ставіў перад сабой задачу даваць магчымасць беларускім рэжысёрам развівацца і прасоўваць свае ідэі, расказвае Януш Гаўрылюк.
На «Белсаце» можна было рабіць кіно, якое не атрымалася б стварыць на дзяржаўных студыях, такіх як «Беларусьфільм», адзначае суразмоўца.
Тэлеканал пачаў працу 10 снежня 2007 года, а першыя дакументальныя фільмы з’явіліся ўжо ў 2008 годзе. За 17 гадоў выйшла каля 200 дакументальных стужак, цыкл «Невядомая Беларусь», сотні тэлерэпартажаў цыкла «Без рэтушы».
Дакументалістыка патрабуе больш глыбокага асэнсавання і можа жыць доўга пасля выхаду на экраны, мяркуе Януш Гаўрылюк. У той час як навінавыя праграмы хутка страчваюць актуальнасць, дакументальныя фільмы працягваюць жыць на YouTube, набіраючы прагляды праз некалькі гадоў пасля публікацыі.
Усе фільмы, створаныя за час існавання «Белсата», даступныя зараз на адным YouTube-канале — «Белсат Doc». Януш Гаўрылюк расказвае, што раней існавала палітыка, калі фільмы, якія не набіралі вялікую колькасць праглядаў, проста выдаляліся. Аднак год таму гэтая практыка спынілася, і зараз нават архіўныя дакументальныя фільмы працягваюць жыць і набіраць папулярнасць.
Так, напрыклад, здарылася з цыклам «Беларусь пад немецкай акупацыяй» або з фільмам пра лёс Генадзя Карпенкі — палітыка і дзеяча беларускага дэмакратычнага руху, які памёр ў 1999 годзе пры нявысветленых абставінах. Гэтыя стужкі, знятая ў 2009 годзе, набіраюць дзесяткі тысяч праглядаў.
Палітычныя падзеі — самая папулярная тэма
Януш Гаўрылюк адзначае, што па статыстыцы, якую дае YouTube, 80% гледачоў канала «Белсат Doc» — гэта людзі ў Беларусі. Гэтая лічба асабліва важная, бо часта лічыцца, што асноўная аўдыторыя падобных каналаў складаецца з мігрантаў. Аднак рэальнасць паказвае, што беларусы, якія застаюцца ўнутры краіны, таксама актыўна цікавяцца дакументальным кіно.
Архіўныя відэа пра жыццё ў вёсцы або гісторыю звычайна маюць добрыя прагляды. Але найбольш папулярнымі становяцца фільмы пра палітычныя падзеі. Нарпыклад, «Гульня без правілаў», дзе асвятляецца прыход да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, або дакументальныя стужкі пра падзеі 2020 года. Такія фільмы набіраюць ад 150 да 200 тысяч праглядаў.
Аўдыторыя «Белсат Doc» найбольш засяроджана на ўласна беларускай гісторыі і палітыцы, дзеліцца назіраннямі Януш. Напрыклад, калі на «Белсаце» зрабілі рэпартаж пра вайну ва Украіне, дзе не было беларускага героя, то праглядаў было мала. Але як толькі героем фільма стаў баец Палка Каліноўскага, колькасць праглядаў рэзка павялічылася.
Паводле суразмоўцы, тэлеканал імкнецца захоўваць баланс фарматаў: 50% аўтарскіх дакументальных фільмаў, якія можна паказваць на кінафестывалях, і 50% добра зробленых стужак для тэлебачання пра важныя беларускія гістарычныя падзеі, беларускіх герояў і найноўшую беларускую гісторыю — фільмы, якіх вельмі патрабуе звычайны глядач.
Далёка не заўсёды аўтарскія стужкі, якія атрымалі міжнародныя ўзнагароды, становяцца масавымі ў праглядах. Аднак рэдактар падкрэслівае, што падобныя фільмы займаюць важнае месца на канале, бо яны маюць мастацкую каштоўнасць і значна глыбей асэнсоўваюць сутнасць падзей.
Дакументальнае кіно стала ахвярай бюджэтных скарачэнняў
Сярод найбольш вядомых рэжысёраў «Белсата» — Андрэй Куціла, які акурат пачынаў сваю дакументальную дарогу з каналам і да сённяшняга дня супрацоўнічае з ім. Куціла стварыў для «Белсата» 16 стужак, якія не раз атрымоўвалі міжнародныя ўзнагароды.
Агулам на працягу ўсіх гадоў фільмы «Белсата» сабралі больш за 100 ўзнагарод у розных кінематаграфічных конкурсах і фестывалях.
Аднак падзеі 2020 года ўнеслі значныя змены ў работу тэлеканала. Некалькі фільмаў знялі ў Беларусі пасля рэвалюцыйных падзей. Пазней многія рэжысёры і героі вымушаны былі пакінуць краіну. У эміграцыі праца над дакументальнымі праектамі аднавілася, але на гэтым этапе перад «Белсатам» паўсталі фінансавыя праблемы. Дакументальнае кіно стала ахвярай бюджэтных скарачэнняў.
Бюджэтныя праблемы прывялі да таго, што да канца гэтага года новыя праекты запушчаныя не будуць.
Але гэта не азначае поўнага спынення дзейнасці, кажа Януш Гаўрылюк. «Белсат» збірае прапановы ад рэжысёраў, каб, калі з’явіцца магчымасць атрымаць грант, можна было адразу пачаць працу.
Зараз у вытворчым працэсе тры дакументальныя стужкі і адна капрадукцыя [сумесная вытворчасць — БАЖ], якія выйдуць ужо ў наступным годзе. Цешыць Януша тое, што беларускія аўтары зноў маюць новыя ідэі.
У цяперашняй сітуацыі важна знайсці новыя крыніцы фінансавання, каб паўнацэнна аднавіць дакументальнае кіно на «Белсаце», упэўнены рэдактар. Ён спадзяецца, што з новага года бюджэт канала будзе дазваляць здымаць новыя фільмы. У той жа час ён заклікае маладых рэжысёраў прасоўваць свае праекты, каб захоўваць творчы патэнцыял беларускага кіно.
Фільмы могуць аб’ядноўваць беларусаў
Адной з найвялікшых праблем, з якой сутыкаецца сучаснае беларускае кіно, з’яўляецца разрыў паміж беларусамі ўнутры краіны і эмігрантамі. Януш заўважае, што беларусы ў краіне ўсё менш цікавяцца тым, што адбываецца ў эміграцыі, і наадварот. Гэта патрабуе ад аўтараў новых рашэнняў, каб ствараць фільмы, якія будуць цікавымі для ўсіх.
Пры гэтым аўтарскі падыход можа быць ключом да стварэння ўніверсальных праектаў. Гаўрылюк прыводзіць прыклад новага фільма, які рыхтуе рэжысёр Андрэй Куціла. Ён жыве ў Польшчы, але працуе над стужкай пра беларускіх палітвязняў пад рабочай назвай «Лісты». Фільм плануецца да выхаду праз год і ўжо атрымаў фінансаванне ад польскага тэлебачання і Лодзскага кінафонду.
Яшчэ адна тэма, якая можа стаць важнай для беларускага дакументальнага кіно, — гэта Падляшша, дзе цяпер жывуць як этнічныя беларусы, так і новыя эмігранты. Такія праекты маглі б спрыяць захаванню беларуска-польскіх культурных сувязяў і пашыраць разуменне таго, як жывуць беларусы за межамі сваёй краіны.
Януш Гаўрылюк расказвае, што «Белсат» намагаецца найперш падтрымліваць беларускіх аўтараў, якія маюць арыгінальныя тэмы і харызматычных герояў, бо гэта не менш важна, чым у ігравым кіно.
Тэлеканал імкнецца стаць цэнтрам прыцягнення для беларускіх дакументалістаў за мяжой. Януш Гаўрылюк лічыць, што пляцоўка беларускага незалежнага медыя можа зрабіцца асновай для захавання нацыянальнага кіно і яго развіцця ў будучыні.
Януш Гаўрылюк — этнічны беларус, нарадзіўся ў Бельску-Падляскім у 1975 годзе. Ён вырас у польскім асяроддзі і толькі падчас вучобы ў Варшаве ўсвядоміў сваю прыналежнасць да беларускай культуры. Гаўрылюк зацікавіўся беларускай літаратурай, традыцыямі і кіно, а ў 2011 годзе арганізаваў першы фестываль беларускага кіно ў Варшаве. З 2017 года Януш Гаўрылюк з’яўляецца рэдактарам дакументальных фільмаў на «Белсаце», дзе актыўна падтрымлівае беларускіх рэжысёраў і спрыяе развіццю дакументалістыкі.