«Мы зараз знаходзімся на парозе, калі будзем задаваць трэнды». Як «Трыбуна» стварае самае тэхналагічнае спартовае медыя для беларусаў
Спартыўнае выданне «Трыбуна» актыўна развівае сетку ўласных дадаткаў і сэрвісаў — перадавых не толькі для Беларусі, але і для рэгіёну. Пра акалічнасці інтэграцыі сучасных тэхналогій у журналісцкую і рэдактарскую працу БАЖ пагутарыў з кіраўніком «Трыбуны» Максімам Беразінскім.
У праекце «МедыяНаватары» БАЖ расказвае пра тое, як беларускія незалежныя медыі шукаюць свае формы, зместы, мадэлі і тэхналогіі. Ствараюць новыя праекты і прымаюць нестандартныя рашэнні. І, нягледзячы ні на што, развіваюцца. Гэта гісторыі пошуку і знаходак кожнай асобнай рэдакцыі і ўсяго беларускага медыясектрару разам.
«Можаш прааналізаваць толькі тое, што бачыш па тэлевізары»
Наша гутарка з Максімам у анлайн-фармаце — даволі звыклая рэч для журналістыкі апошніх гадоў. Але нават магчымасць дыстанцыйнай камунікацыі абсалютна недастатковая для пераадольвання перашкод, створаных беларускай уладай для незалежных журналістаў.
— Мы надзвычай абмежаваныя ў варыянтах здабычы інфармацыі. Гэта патрабуе высілкаў на прыдумленне таго, што раней было вельмі проста.
Напрыклад, гуляе мінскае «Дынама» на «Мінск-арэне». Раней можна было пайсці на хакей і атрымаць адтуль рэпартаж, знайсці дырэктара, задаць пытанні, сабраць каментары. Зараз ты можаш прааналізаваць толькі тое, што бачыш па тэлевізары. Гэта абсалютна іншы падыход.
Такая ж гісторыя з інсайдамі. Трэба падтрымліваць сувязь з людзьмі, што іх ведаюць, трэба нейкім чынам правяраць інфармацыю. Цяпер жа рызыкі перадачы больш-менш эксклюзіўнай інфармацыі для людзей у Беларусі значна ўзраслі, гэта пагаршае кантакт. Мы шукаем варыянты вырашэння, але рэпрэсіі працягваюцца, сітуацыя толькі пагаршаецца, таму пакуль цяжка.
Тым не менш, «Трыбуне» ўдаецца знаходзіць і публікаваць эксклюзіўную, важную інфармацыю ў сваёй сферы. Ведаем, што і па сёння некаторая інфармацыя, што публікуецца ў нас, даходзіць і да міністра спорту, і да некаторых дырэктароў клубаў, уплывае на рашэнні.
Как медиа в изгнании сохранить связь с аудиторией: опыт «Еврорадио»
«Убудоўваемся ў жыццё чалавека праз розныя часткі сэрвісу»
Але тэхнічнае развіццё выдання выклікана не рэпрэсіямі, а самім фактам з’яўлення новых тэхналогій і магчымасцяў, адзначае Максім Беразінскі. У той жа час праца ў гэтым кірунку дапамагае «Трыбуне» мінімізаваць некаторыя з наступстваў бягучых абмежаванняў у Беларусі.
— Мы ўвесь час існавання намагаемся быць наперадзе па тэхнічных момантах, якія могуць дапамагаць дацягвацца да аўдыторыі, што цікавіцца спортам. Да 2020 года мы мелі аплікацыі, шырокую прысутнасць ва ўсіх сацсетках, якімі карыстаюцца беларусы. Рабілі спробы працаваць у ютубе, бо частка людзей можа паглядзець відэа, але не стане шукаць інфармацыю на сайце. На ўсіх рынках, дзе мы працуем, маем вялікія сацсеткі, — кажа Максім.
У Беларусі на піку (зразумела, што пасля 2020 года было шмат адпісак) мелі да 180–190 тысяч падпісчыкаў, ва ўкраінскіх сетках больш за тры з паловай мільёны, у міжнародных – больш за 15 мільёнаў (гэта Фэйсбук, Інстаграм).
Зараз адна з важных для выдання платформаў – аплікацыя, ці дадатак.
— Бо мы разумеем, што прывязанасць людзей да спорту вельмі моцная і трывалая. Ёсць англійская прыказка, што можна змяніць жонку, а любімы клуб не зменіш.
Такая прывязанасць нам падказвала, што людзі могуць хацець атрымліваць інфармацыю пра свой любімы клуб у рэжыме анлайн.
Дадатак у гэтым сэнсе дае значна больш магчымасцяў працаваць з такой аўдыторыяй: мы можам дасылаць яму пушы (пуш-паведамленні – БАЖ), можам ствараць персаналізаваны каляндар, каб чытач атрымліваў інфармацыю пра важныя падзеі, матчы на цэлы сезон, каб выбудоўваць іншыя справы вакол гэтага. Зараз працягваем працу над гэтай функцыяй. На бягучы момант дадатак дазваляе чытаць нас з Беларусі без ВПН ці нейкіх іншых спецыяльных сродкаў.
Кардынальнай розніцы між дадаткам і веб-версіяй (сайтам) на «Трыбуне» намагаюцца не ствараць, каб карыстальніку было прасцей асвоіцца пры змене платформы. У той жа час дадатак выходзіць значна больш персаналізаваным, дазваляе раскрыць дадатковыя функцыі:
— Задача, якую мы намагаемся вырашаць, — гэта ўбудоўвацца ў жыццё чалавека праз розныя часткі сэрвісу. Вось прыклад з календаром матчаў: хочам зрабіць так, каб адным націсканнем можна было яго сінхранізаваць з асабістым гугл-календаром. Агулам гэта не ўнікальны кейс для спартыўных выданняў, але мы зараз знаходзімся на парозе, калі мы будзем задаваць трэнды.
«Калі ў цябе ёсць кам’юніці — гэта дадатковая вартасць»
— Зараз вялікая канкурэнцыя з боку тэлеграм-каналаў, якія публікуюць інфармацыю адной стужкай. Гэта негатыўна ўплывае на трафік сайту. Такая змена ў медыях ужо адбылася, гэта рэальнасць.
Чым мы канкуруем? Спорт – адна з нішаў, дзе акрамя навін вельмі істотны складнік – статыстычная база, якую складана падаць праз тэлеграм: расклад матчаў, табліцы, бамбардыры, статыстыка. Гэта ўсё зручней успрымаць, калі ты сам можаш абраць клуб, перыяд і іншыя акалічнасці. Мы шмат працуем над тым, каб нашай базай дадзеных было зручна карыстацца. Бо гэта тое, за кошт чаго мы можам адцягваць аўдыторыю ад тэлеграма.
Медыяменеджэр адзначае, што за гэтыя гады было зроблена шмат, каб знайсці варыянты працы з крыніцамі інфармацыі ўнутры краіны, «Трыбуна» навучылася вызначаць цікавыя для людзей у Беларусі тэмы. Аднак важным складнікам для выдання звычайна былі каментары, а актыўнасць аўдыторыі пасля 2020 году ўпала ў разы.
— На кам’юніці рабілася высокая стаўка. Але, на жаль, пасля 2020 года, з крыміналізацыяй нашай дзейнасці, беларуская версія мае абмежаванае кам’юніці. Бо яно фармуецца дзякуючы магчымасці свабодна каментаваць навіны і падзеі, дзяліцца думкамі, жартаваць. Гэта працуе, бо аўдыторыя мае агульны інтарэс – спорт. Цяпер жа, калі за каментары можа пагражаць пераслед, гэты складнік прасядае.
Пакуль няма рашэння, як знайсці выйсце. На бягучы момант каментары актыўней ідуць на платформах, якія гарантуюць большую ананімнасць, напрыклад, у ЦікТоку ці нават у Ютубе, дзе можна схаваць імя. Бо на сайце зараз цяжка прадугледзець такое: няма магчымасці пакінуць ананімны каментар, трэба зарэгістравацца.
У нас да 2020 года штомесяц было па 40–60 тысяч каментароў. Умоўная навіна пра тое, што Месі скончыў кар’еру, можа быць вы ўсіх медыях, нават не спартыўных. Але калі ў цябе ёсць кам’юніці — гэта дадатковая вартасць да гэтай навіны, бо людзі могуць пад навіной пажартаваць, узгадаць нейкі эпізод кар’еры, узгадваць, які гол Месі самы любімы і г.д. Гэта дазваляе людзям акрамя самой навіны атрымаць яшчэ нешта.
Адна з новых функцый, якая з’явілася каля трох месяцаў таму — платныя падпіскі. Максім тлумачыць, што для беларускіх рэалій гэтая функцыя не ёсць высока запатрабаванай, але «Трыбуна» змагла яе ўвесці, бо механізм і тэхнічная база былі распрацаваныя найперш для англамоўнай версіі.
— Ужо даўно ў нас мелася частка аўдыторыі, якая хацела аказаць падтрымку хоць нейкім чынам. Мы не разлічваем, што гэта будуць тысячы падпісак, бо агулам плата за кантэнт у нашым рэгіёне — не надта звыклая рэч.
«Чалавек, які карыстаецца дадаткам, спажывае ў двадцаць разоў болей кантэнту»
Дадаткі і сэрвісы «Трыбуна» ствараюцца вялікай камандай распрацоўшчыкаў, сярод якіх ёсць і беларусы. Тэхнічная база для розных рэгіянальных версій у выдання адна, што насамрэч нясе вялікую карысь беларускаму сегменту:
— З улікам таго, што мы гэта робім не толькі для нашага рынку, але і для сусветнага, з’яўляецца магчымасць мець досыць вялікую каманду і дасканала прапрацоўваць дадаткі, іх зручнасць.
Тут разлік не на ўмоўны мільён спартыўных балельшчыкаў у Беларусі, а на велічэзную аўдыторыю ўсяго свету. Гэта магчымасць рабіць высокатэхналагічнае спартыўнае медыя для Беларусі. Бо ў іншым выпадку гэта б не мела ніякага сэнсу, нават калі б быў доступ да рэкламнага рынку ў сярэдзіне Беларусі, які мы страцілі ў 2020‑м. Гэта вельмі дарагая цацка для беларускага рынку, яно б ніколі не акупілася.
Ужо як два гады на «Трыбуне» функцыянуе беларуская версія. Максім прызнаецца, што праца над лакалізацыяй дасюль працягваецца: у базе даных маецца больш за 800 тысяч тэгаў, сярод якіх безліч імёнаў, прозвішчаў, назваў клубаў і каманд, аўтаматычны пераклад якіх немагчымы. Адпаведна вядзецца метадычная ручная праца.
— У прынцыпе заўзятары ў розных геаграфіях больш-менш падобныя. Калі адбываюцца матчы, людзям цікавыя статыстыка, акалічнасці: хто зрабіў перадачу, хто забіў. Зразумела, нейкія кантэнтныя рэчы: скандалы, нечаканыя падзеі – гэта выклікае попыт скрозь. Таму складана выявіць адрозненні ў падабаннях паміж рознымі краінамі.
«Людзі гатовыя былі нават валанцёрыць — для іх было важна, каб «Трыбуна» з’явілася на беларускай мове». Інтэрв’ю з кіраўніком выдання
На пытанне, ці часта сам карыстаецца дадаткам, Максім усміхаецца:
— Я бадай не найлепшы прыклад карыстальніка, бо часцей заходжу туды з думкай: а раптам у нас там нешта не так, ці ёсць нейкія багі ці нешта яшчэ. Ведаю, хлопцы, дзяўчаты ў рэдакцыі карыстаюцца дадаткам не з працоўных меркаванняў, а каб атрымаць нейкую інфармацыю. Гэта зручна, калі не хапае часу сачыць за ўсімі матчамі ды падзеямі, а хочацца ведаць агульную сітуацыю, што адбываеца ў той ці іншай лізе.
Таксама мы заўважалі, што часам на сталах дырэктараў буйных кампаній ляжаць тэлефоны, а ў іх нашыя пуш-паведамленні з матчаў.
Карыстальнікі дадаткаў — для нас хардкорная аўдыторыя, якая з намі праводзіць значна больш часу, чым сярэдні юзер з сайта. Лічбы па статыстыцы: 4–5 праглядаў на сайце на ўнікальнага юзера. Адпаведна, чалавек, які карыстаецца дадаткам, спажывае больш чым ў двадцаць разоў болей кантэнту. Таму адназначна, што дадатак моцна павялічвае глыбіню і працягласць узаемадзеяння з «Трыбунай».
«Мы жывем у сітуацыі, калі даводзіцца перавыдумляць медыя»
У працу рэдакцыі пранікае і штучны інтэлект. Па словах Максіма, ён ніякім чынам пакуль не можа замяніць ані рэдактара, ані журналіста, але дапамагае значна павялічыць прадуктыўнасць, паскорыць выкананне задач.
— ШІ таксама паскарае пераклад кантэнту для беларускай версіі. Выкарыстоўваем яго і пры дызайне карцінак для сацыяльных сетак, што разгружае дызайнераў.
Мы шмат думаем пра тое, якім чынам выкарыстоўваць ШІ надалей. Напрыклад, гэта можа быць аўтаматычны пераклад каментароў на мову чытача. Для міжнародных дадаткаў гэта можа быць зручна, каб англамоўнаму чытачу было зразумела, што піша італьянскі балельшчык. Адпаведна і на Беларусь гэта функцыя можа распаўсюдзіцца.
Мы апошнія гады жывем у сітуацыі, калі даводзіцца перавыдумляць медыя, яго выгляд. У Вялікабрытаніі ці Штатах яшчэ ўсё ок з рэкламным рынкам, таму медыі выглядаюць дастаткова кансерватыўна. Мала дзе ёсць тыя ж каментары, што для нашай часткі свету (Усходняй Еўропы) — звыклая рэч. Мы ж апошні час займаемся прыдумваннем таго, як медыя можа існаваць далей, бо рэкламных грошаў ужо не хапае. Трэба вынаходзіць нешта яшчэ.
Адна з нашых гіпотэз у тым, што медыя, якое працуе як тэлевізар, успрымаецца горш. Калі чалавек не можа ўзаемадзейнічаць з інфармацыяй – гэта гісторыя з мінулага. Для нас важна выбудоўваць больш шчыльнае ўзаемадзеянне.
Сучасныя тэхнічныя сродкі вельмі хутка развіваюцца. Нават на прыкладзе перакладу: літаральна за апошнія гады надзвычай скараціўся час на працу з лакалізацыяй. У нас ёсць спакуса генераваць з дапамогай ШІ пэўныя рэчы. Будзем рабіць нейкія спробы.
Відавочна, трэба думаць у гэты бок, шукаць варыянты працы з ШІ, аптымізацыі на яго падставе. Думаю, што ў бліжэйшыя часы будзе яшчэ больш варыянтаў выкарыстання тэхналогій.
Важна не адварочвацца ад гэтага, каб не адстаць ад канкурэнтаў. Той хто зразумее, як гэтым плённа карыстацца, будзе мець перавагу.
«Трыбуна»: журналісты ў 30 краінах і 10-мільённая аўдыторыя
Tribuna.com Беларусь, заснаваная ў 2010 годзе, уваходзіць у дыджытал-выдавецтва Tribuna, якое таксама выдае Tribuna.com Украіна і міжнародны праект Tribuna.com на пяці мовах: англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, італьянскай.
Сайт «Трыбуны» у Беларусі быў заблакаваны ў дзень выбараў, 9 жніўня 2020 года. У 2021 годзе Tribuna.com была прызнаная экстрэміцкай. У 2023 годзе выданне абвешчана экстрэмісцкім фарміраваннем. Крымінальны пераслед зазналі выдаўцы Зміцер Навоша і Максім Беразінскі, журналіст Аляксандр Івулін. Рознага кшталту ціску падвяргаліся і іншыя супрацоўнікі Tribuna.com і іх сваякі. Нягледзячы на гэта, Tribuna.com Беларусь працягвае сваю дзейнасць.
Міжнародны праект Tribuna.com таксама заснаваны ў 2010 годзе. Яго аўдыторыя перавышае 10 мільёнаў унікальных карыстальнікаў, паводле даследаванняў Similarweb. Асноўным прадуктам Tribuna.com з’яўляюцца клубныя прыкладанні еўрапейскіх футбольных топ-клубаў: «Барселона», «Рэал», «Ліверпуль», «Манчэстэр Юнайтэд», «Чэлсі», «Арсенал», «Мілан», «Ювентус», «Інтэр», «Баварыя», «Барусія». Найбуйнейшыя лакацыі з пункту гледжання аўдыторыі: Германія, Італія, ЗША, Іспанія, Вялікабрытанія, Францыя, Нігерыя, ПАР.
Таксама Tribuna.com валодае вялікай сеткай спартовых паблікаў у сацыяльных сетках. Агульная аўдыторыя груп выдавецтва складае больш за 15 мільёнаў падпісчыкаў у Facebook і больш за 2 мільёны ў Instagram .
Рэдакцыя міжнароднага праекту аб’ядноўвае больш за 50 журналістаў, якія пражываюць больш чым у 30 краінах.
Развіццё міжнароднага праекту дазваляе адначасова паляпшаць беларускі прадукт і рабіць яго высокатэхналагічным, даючы беларусам лепшы сэрвіс сярод спартыўных праектаў. У планах дыджытал-выдавецтва — заставацца галоўным спартыўным медыя ў Беларусі і дабіцца аўдыторыі ў 50 мільёнаў унікальных карыстальнікаў у свеце.