«Бобруйский курьер»
Першы нумар «Бобруйского курьера» выйшаў 31 жніўня 1914 г.
Выпуск газеты «Бобруйский курьер» за 1915 г. (у газеце абвестка пра падпіску на 1916 г.)
Выдаўцом, заснавальнікам і рэдактарам газеты тады быў вядомы бабруйскі купец Гілер Фававіч Фрыдлянд.
Акрамя газеты, ён таксама з’яўляўся ўладальнікам друкарні (заснавана ў 1888 г.), тэатра і цырка.
У ліпені 1920 года, пасля прыходу ў Бабруйск савецкай улады (да гэтага там была часовая польская адміністрацыя), газету закрылі, іншую ўласнасць Фрыдлянда – забралі і «нацыяналізавалі».
(Дарэчы, у «нацыяналізаваным» будынку Фрыдлянда да гэтага часу размяшчаецца гарвыканкамаўская газета «Бабруйскае жыццё», па-ранейшаму працуе друкарня…)
Выпуск за 29 кастрычніка 1917 г.
Такім чынам, «Бобруйский курьер» выходзіў са жніўня 1914 па чэрвень/ліпень 1920, з перапынкам на нямецкую акупацыю ў 1918 годзе (люты-лістапад).
Падчас польскай адміністрацыі ў 1919–1920 гг. газета свой выхад не спыняла. Выдаваўся «Бобруйский курьер» штодня, на рускай мове (пэўная інфармацыя друкаваліся таксама і на польскай). З 1916 года пры газеце выходзіў дадатак «Тэлеграмы “Бобруйского курьера”».
У «БК» публікаваліся мясцовыя, расійскія і міжнародныя навіны, разнастайныя артыкулы, агляды, фельетоны, вершы, белетрыстыка, рэклама, аб’явы…
Адзін з нумароў за 1920 год.
Выпуск «Бобруйского курьера» за 1920 г. Адна з абвестак: у кантору рэдакцыі патрабуюцца газетчыкі!
Аднавіў свой выхад «Бобруйский курьер» (пасля 70-гадовага перапынку) у выглядзе самвыдату, намаганнямі пачаткоўцаў журналістаў-энтузіястаў. Было гэта ў 1990 годзе.
З 1991 г. стаў выходзіць як дадатак да абласной газеты «Магілёўская праўда», а з 1992 года – як самастойнае грамадска-палітычнае выданне.
З 1995 г. газета стала ўласнасцю выдавецкай фірмы «Рэкламны кур’ер».
З 2003. г. фірмай і газетай кіруе журналіст і літаратар Анатоль Санаценка.
З прыходам новай каманды «БК» атрымаў «другое дыханне». На яго старонках сталі з’яўляцца крытычныя публікацыі, расследаванні, мясцовая аналітыка. Даходы ад рэкламы праз некалькі месяцаў павялічыліся ўдвая. Адкрываліся новыя перспектывы: выхаду на іншыя рэкламныя рынкі, адкрыцця новых газет, стварэння свайго выдавецкага дома, сваёй сістэмы распаўсюду; сумесных інфармацыйна-выдавецкіх праектаў з мясцовымі прадпрыемствамі і фірмамі…
Усе гэтыя планы і надзеі былі разбураны «новым парадкам», які ўсталяваўся ў краіне. Выдавецкі і іншы бізнэс ўзялі пад больш строгі ідэалагічны кантроль. Бізнес-праекты цяпер маглі быць паспяховымі толькі, скажам так, з дазволу ўладаў. Улады «запісалі» прэсу (не спытаўшы ў яе дазволу) у свае «супрацоўнікі», у ідэалагічныя памочнікі. У агітатараў і прапагандыстаў. Як і раней, пры камуністычным рэжыме…
«Бобруйский курьер» не ўпісваўся ў гэтыя схемы. І супраць яго (як бывае ў такіх выпадках) была ўжытая палітыка «мяккага задушвання».
Улады – кулуарна – забаранілі ўсім прадпрыемствам, установам, банкам супрацоўнічаць з «Бобруйским курьером», размяшчаць у ім сваю рэкламу, праводзіць падпіску сярод сваіх работнікаў (пад пагрозай не падаўжэння кантракту, не прадастаўлення крэдытаў і г.д.)…
На 2,5 года «БК» «выкідвалі» з кіёскаў «Саюздруку», заявіўшы (пасля 15-гадовага супрацоўніцтва), што ім нявыгадна рэалізоўваць гэтую газету…
За сем гадоў эканамічнага і юрыдычнага задушвання бюджэтам газеты было страчана каля мільёна долараў (не атрыманы, страчаны прыбытак). Да лета 2010 г. – пачатку чарговай спецыяльнай аперацыі па абранні УсеВедаюцьКаго, газета апынулася ў аслабленым фінансавым становішчы. Яе рахунак быў заблакаваны падатковай інспекцыяй (двойчы за кароткі перыяд), што не дазволіла працягваць далейшы выпуск папяровага варыянта газеты, весці іншую гаспадарчую дзейнасць…
З кастрычніка 2010 года «Бобруйский курьер» выходзіць толькі ў электронным выглядзе.
Між тым, сайт «БК» быў заснаваны ў 1998 г. (і стаў адным з першых газетных інтэрнэт-праектаў у краіне). З тых часоў ён неаднаразова мадэрнізаваўся, мяняў дызайн, уводзіў новыя опцыі. Зараз гэта – сучасны мультымедыйны інтэрнэт-рэсурс з разнастайнымі функцыямі.
Электронны «Бобруйский кур’ер» абнаўляецца кожны дзень, на ім прадстаўлены навіны культуры, спорту, грамадскага, палітычнага жыцця. А таксама асвятляюцца самыя важныя сусветныя падзеі.
Інфармацыйныя матэрыялы нярэдка дапаўняюцца відэаролікамі. У газеце размяшчаецца вялікая колькасць фотаздымкаў рэпартажнага плану, вядуцца блогі…
Словам, газета жыве, развіваецца.
31 жніўня «Бобруйскому курьеру» – сто гадоў, і ён робіць упэўнены «лічбавы» крок у другое стагоддзе…
Вадзім Александровіч (вярстальшчык «БК») і Лілія Санаценка (начальніца аддзела рэкламы) у 2003 г. ля пад’езда рэдакцыі.
Лілія Санаценка і Віктар Качан (выпускаючы рэдактар выдання), 2007 г.
Карэспандэнтка выдання Марына Маўчанава, 2013 г.
Міхаіл Ларчанка, з 2004 па 2010 — вярстальшчык і адміністратар сайта газеты.
Супрацоўнікі і сябры рэдакцыі, 2012 г.
Пра гісторыю, пераемнасць, «залаты век» і праблемы выдання ГА «БАЖ» гутарыць з супрацоўнікамі сённяшняй рэдакцыі: