СК распачаў спецвытворчасць у дачыненні да журналістаў-фрылансераў Ірыны Чарняўкі і Аляксандра Кіркевіча
Паведамленні пра крымінальныя справы ў дачыненні да журналістаў-фрылансераў Ірыны Чарняўкі і Аляксандра Кіркевіча з’явіліся ў афіцыйным Telegram-канале Следчага камітэта Беларусі.
Паводле канала «Специальное производство. Официально», Ірыну Чарняўку вінавацяць на падставе частак 1 і 2 артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса («Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Паведамляецца, што спецыяльную вытворчасць супраць яе распачалі 23 траўня 2024 года.
У дачыненні Алеся (Аляксандра) Кіркевіча спецыяльную вытворчасць распачалі 29 сакавіка 2024 года. Яго гэтаксама вінавацяць паводле частак 1 і 2 артыкула 361–4 Крымінальнага кодекса.
Журналіст-фрылансер, пісьменнік і краязнаўца, колішні намеснік старшыні «Маладога фронту» Алесь Кіркевіч — былы палітвязень. Ён браў удзел у пратэстах супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года. На пачатку 2011-га быў арыштаваны. 5 траўня 2011 года суд Кастрычніцкага раёна Мінска прыгаварыў яго да 4 гадоў зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Адбываў пакаранне ў наваполацкай папраўчай калоніі, і быў вызвалены праз памілаванне 1 верасня 2011 года.
Абодва журналісты-фрылансеры з Гродна, таму праз афіцыйны Telegram-канал іх запрашаюць з’явіцца ва ўпраўленне Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці. На сёння Ірына Чарняўка і Алесь Кіркевіч вымушана знаходзяцца па-за межамі Беларусі.
Парадак спецыяльнай вытворчасці дазваляе весці следчыя дзеянні і судзіць абвінавачаных без іхняга ўдзелу. Санкцыі артыкула 361–4 КК прадугледжваюць пазбаўленне волі тэрмінам да 7 гадоў.