• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Спецдакладчыкі ААН праінфармаваныя аб факце ціску на праваабаронцаў і журналістаў

    Спецыяльныя дакладчыкі ААН праінфармаваныя аб факце ціску на праваабаронцаў і журналістаў падчас акцыі апазіцыі ў Мінску 24 лістапада.

    У гэты дзень у цэнтры Мінска прайшло несанкцыянаванае шэсце, прысвечанае гадавіне рэферэндуму 1996 года. За ходам акцыі назіралі шэсць прадстаўнікоў праваабарончага грамадскага аб’яднання «Беларускі Хельсінкскі камітэт» (БХК) і праваабарончага цэнтра «Вясна». Пасля мерапрыемства ў дачыненні да назіральнікаў БХК Сяргея Каспяровіча і Наталлі Сацункевіч супрацоўнікі міліцыі склалі пратаколы аб правапарушэннях па арт. 23.34 КоАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

    Пратаколы па гэтым жа артыкуле былі складзеныя ў дачыненні да журналістаў Галіны Абакунчык («Радыё Свабода»), Кацярыны Андрэевай (газета «Народная воля») і Дзмітрыя Галко (газета «Новы час»).

    Да звароту, ініцыятарам якога выступіў Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, далучыліся БХК і цэнтр «Вясна». Ліст накіраваны чатыром спецдакладчыкам ААН (па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі; па пытанні аб становішчы праваабаронцаў; па пытанні аб праве на свабоду мірных сходаў і асацыяцый; па пытанні аб заахвочванні і абароне права на свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне), а таксама прадстаўніку АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ.

    «На працягу многіх гадоў беларускія праваабарончыя арганізацыі ажыццяўляюць назіранне падчас правядзення масавых мерапрыемстваў у Беларусі, — адзначаецца ў звароце. — Падрыхтаваныя на падставе такіх назіранняў маніторынгавыя справаздачы з рэкамендацыямі па паляпшэнні сітуацыі ў галіне свабоды сходаў у Беларусі накіроўваліся ў адрас Міністэрства ўнутраных спраў, Следчага камітэта, Палаты прадстаўнікоў НС Рэспублікі Беларусь і іншых дзяржаўных органаў».

    Аўтары звароту адзначаюць, што раней падчас масавых мерапрыемстваў адказныя супрацоўнікі міліцыі кантактавалі з праваабаронцамі, «ажыццяўлялася пісьмовая камунікацыя з органамі ўнутраных спраў». «Назіральнікі заўсёды абазначаныя сінімі камізэлькамі і нагруднымі імяннымі бэйджамі, знаходзяцца ў баку ад асноўнай масы ўдзельнікаў і іх заўсёды лёгка ідэнтыфікаваць. Падобнага роду фактаў ціску раней не ўзнікала», — падкрэсліваюць прадстаўнікі трох праваабарончых арганізацый.

    Яны заклікаюць спецдакладчыкаў абмеркаваць здарэнне 24 лістапада з беларускімі ўладамі, а таксама наведаць Беларусь для вывучэння сітуацыі з рэалізацыяй асноўных свабод у краіне.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці