• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Спажывальнікі дзяржаўных СМІ ў значна большай ступені падтрымліваюць Расію ў яе вайне супраць Украіны

    Chatham House апублічыў вынікі даследавання наконт стаўлення беларусаў да падзей ва Украіне. Ёсць узаемасувязь паміж поглядамі і тымі медыя, якія глядзяць / чытаюць беларусы.

    Задавалі пытанне, што Беларусь мусіць рабіць падчас цяперашняй вайны. Калі падсумаваць адказы, то за тое, каб так ці інакш падтрымаць у гэтай вайне Расію, выказвалася прыкладна траціна рэспандэнтаў. Пры гэтым толькі 3% выказаліся за падтрымку Расіі беларускімі войскамі, паведамляе «Радыё Свабода».

    20% выказаліся за тое, каб Беларусь падтрымала ў вайне Украіну, пры гэтым 1% мяркуе, што Беларусі варта ваяваць на баку Украіны супраць Расіі.

    І чвэрць апытаных выказаліся за нейтралітэт Беларусі ў гэтым узброеным канфлікце; за тое, каб яна не была ні на чыім баку, і за вывад замежных войскаў з тэрыторыі Беларусі.

    Але падтрымка як Расіі, так і Украіны, у асноўным «канапная». У прынцыпе беларусы не хочуць, каб беларускія войскі ўдзельнічалі ў гэтым канфлікце. І гэтая думка пераважае сярод усіх групаў грамадства — і сярод маладых, і сярод старых; і сярод прыхільнікаў, і сярод праціўнікаў Лукашэнкі.

    Яшчэ больш моцная ўпэўненасць у беларусаў у тым, што іх войску не трэба ў гэтую вайну ўлазіць і там паміраць.

    Беларусь, з’яўляючыся суагрэсарам, з’яўляецца і ахвярай гэтай вайны, яна аказалася закладніцай кіраўніцтва Беларусі і Расеі. Для беларускага грамадства гэтая вайна чужая і нават вар’яцкая.

    У беларусаў добрае стаўленне і да Расіі, і да Украіны, гэта блізкія ім народы і ментальна, і культурна. Гэта ў значна меншай ступені нашая вайна, чым гэтага хацелі б у Расеі.

    Пакаленню 18–24-гадовых вельмі часта цяжка адказаць на пытанне аб стаўленні да вайны. Людзі, якім больш за 55 гадоў, часцей займаюць выразныя пазіцыі ў гэтым пытанні. Людзі з вышэйшай адукацыяй часцей лічаць, што трэба асудзіць Расію і што Беларусі варта захоўваць нейтралітэт у гэтым канфлікце.

    Прыхільнікі ўлады часцей выступаюць за тое, каб падтрымаць Расею. Сярод іх 7% выступаюць за ўзброены ўдзел Беларусі ў канфлікце на баку Расеі. І гэта фактычна адзіныя людзі ў Беларусі, хто за такі варыянт.

    Беларускае грамадства можна падзяліць на тры групы: спажывальнікаў беларускіх і расійскіх дзяржаўных СМІ, спажывальнікаў расійскіх недзяржаўных СМІ, спажывальнікаў беларускіх недзяржаўных і ўкраінскіх СМІ.

    Спажывальнікі беларускіх і расійскіх дзяржаўных СМІ ў значна большай ступені за Расею, падтрымліваюць яе ў гэтым канфлікце. Спажывальнікі беларускіх незалежных СМІ і ўкраінскіх медыя больш схільныя да асуджэння пазіцыі Расіі і да нейтральнасці Беларусі ў вайне.

    42% апытаных адказалі, што Беларусь удзельнічае ў вайне, але толькі 22% пагадзіліся, што Беларусь зʼяўляецца агрэсарам у гэтай вайне.

    З беларускай тэрыторыі ляцяць ракеты на Украіну. Гаварыць, што мы не ўдзельнічаем у вайне, гэта, мякка кажучы, дзіўна. Тыя, хто лічыць, што Беларусь не ўдзельнічае ў вайне, — гэта звычайна прыхільнікі ўлады.

    А прыхільнікі пратэсту, апазіцыі, часцей кажуць, што Беларусь удзельнічае ў вайне, але пры гэтым для многіх з іх Беларусь не зʼяўляецца агрэсарам.

    Для гэтых людзей Беларусь была акупаваная яшчэ ў 2020 годзе. А што беларусы могуць зрабіць?

    Калі гаварыць пра чаканні, то людзі чакаюць крызісу. Многія рэчы, пра якія мы пыталіся, ужо адбыліся — гэта і рост цэнаў ды курсу долара, і немагчымасць купіць валюту, і дэфіцыт тавараў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці