• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука». «Радыё Свабода» пачала публікацыю новай кнігі пра вядомага рэдактара

    Свабода пачынае публікацыю новай кнігі Сяргея Астраўцова «Спадар Свабода. Жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука».

    «Спадар Свабода» — драматычны аповед пра Ігара Герменчука (1961-2002), журналіста і палітыка, аднаго з бацькоў незалежнасьці Беларусі, рэдактара газэты СВАБОДА. Газэта пісала праўду пра чынавенства, таму выхо­дзіла пад пастаянным ціскам з боку кіраўніка ўраду Кебіча, а ў часы прэзыдэнта Лукашэнкі была забароненая. Рэдактара-прафэсіянала звольнілі з пасады «за непрафэсіяналізм», што, магчыма, прычынілася да ягонай раньняй сьмерці.

     Ігар Гермянчук. Здымак Уладзімера Сапагова

    ***

    За пераездам пачыналася вуліца Шырокая. Зрабіўшы правы паварот, кіроўца паволі перасякаў шэрагі чыгуначных рэек. У сьвятле самотнага ліхтара яны паблісквалі, быццам халодныя лёзы. І само гэтае марознае лютаўскае цемрыва таіла ў сабе трывогу, на якую адгукалася боем сэрца. «Я гатовы», — звыкла сказаў сам сабе ўголас.

    Няспынная гатовасьць сустрэць небясьпеку твар у твар жыла ў ім, колькі сябе памятаў. Чакай нечаканага. І сустрэнь зь яраснай зацятасьцю, амаль радасна. У вялікім і малым. Вясёлая ярасьць рабіла яго шмат дужэйшым за іншых і таму — пераможцам. Заўсёды і ў кожнай сытуацыі ён мусіў перамагчы.

    Ён вяртаўся дахаты — з тлумнага гораду ў свае ціхія аднапавярховыя Кало­дзішчы. Калі праца ў рэдакцыі зацягвалася дапозна, вяртаўся а­дзін, жонка з сынам начавалі ў гора­дзе ў цешчы зь цесьцем, як гэтым разам.

    Спыніўшыся перад плотам, ён абмацаў за пазухай пісталет. Выйшаў з машыны, азірнуўся. Быццам ні­дзе ні душы. Толькі з рота вырываецца жывая пара. І толькі ён, а­дзін на ўсёй гэтай вуліцы. Рэдактар галоўнай апазыцыйнай газэты СВАБОДА (так, прапіснымі, называла сябе сама газэта, каб ня браць важнае слова ў двукосьсе) Ігар Гермянчук.

    Кало­дзішчы — прадмесьце сталіцы і самі — сталіца тутэйшых цыганоў. А яшчэ тут чыгуначны вузел, ­дзе на пад’езь­дзе да Менску разыхо­дзяцца шляхі пасажырскіх і таварных цягнікоў. А папраў­дзе, дык звычайная вёска, ­дзе большасьць хат ня маюць ні ацяпленьня, ні цёплага клязэту. Нацепліць дом трэба самому. Пасьля можна запарыць кавы і закурыць.

    Азарт што­дзённае барацьбы не адпускае. Спакою няма. Ды ён і ня ведае, і ніколі ня ведаў, што такое спакой. Гэта азарт, які нараджаюць у ім асадка і чысты аркуш паперы (зусім як у героя ў рамане Ўла­дзімера Караткевіча «Чорны замак Альшанскі», які Ігар прачытаў яшчэ ў студэнцтве). Дзёрзкія і трапныя выкрывальніцкія артыкулы з‑пад ягонага пяра чытаюць усе. Што праўда, мала каму вядома, хто аўтар, ён падпісваецца псэўданімамі. Але тэксты — заўсёды чытэльныя, рэдактар піша толькі такія. У кагосьці яны выклікаюць гнеў, а камусьці перадаецца ад іх гэты самы азарт, выкла­дзены на паперы прафэсійнай журналісцкай рукой.

    Не запальваючы сьвятла, ён схаваў пісталет за кнігі, якіх на паліцах шмат, нібы ў бібліятэцы. «Песьня пра зубра», «Пан Тадэвуш», «Статут ВКЛ», «Францыск Скарына», «Збор помнікаў…». Гэтыя тамы для яго як абарончы замкавы мур — ад тых, хто гэтага ўсяго ня ведае й ня цэніць. Для яго гэта — праў­дзівыя скарбы. Зь іх бярэцца ягоная энэргія пераможцы.

    Адкуль у яго пісталет, натуральна ж, незарэгістраваны? У той час, калі за а­дзін патрон могуць паса­дзіць як за крымінальнае злачынства?

    Дэпутат Гермянчук у Вярхоўным Савеце. Здымак Уладзімера Сапагова
    Дэпутат Гермянчук у Вярхоўным Савеце. Здымак Уладзімера Сапагова

    Пісталет зьявіўся пасьля стрэлу ў вакно.

    У краіну прыйшоў той самы люты 1997-га… Вуліцу ў Кало­дзішчах замятала. Каля дому рэдактара «Свабоды» можна было адчуць сябе нібы ў далёкай глухмені. Здавалася б, да кухні сучаснай гісторыі адсюль далёка. Але ў гэтым ціхім, на першы погляд, месцы быў варштат, ­дзе таксама рабілася гісторыя, калі ён вяртаўся сюды з рэдакцыі. Прынамсі, і тут аказваўся супраціў, каб гісторыя не пакацілася назад.

    Аднойчы рэдактар зь сям’ёю вярнуўся ўвечары дахаты і пабачыў, што вакно працоўнага кабінэта прабітае куляй. Разгле­дзеліся. Сама куля паблісквала на падлозе. Міліцыя вызначыла: ад дробнакалібэрнай зброі. Сусе­дзі нічога ня бачылі й ня чулі. Так напісалі газэты.

    Прагучала даволі важка: вакно працоўнага кабінэта. Але ніякага кабінэта па-за рэдакцыяй у яго не было. Тут, дома, ён пісаў і правіў тэксты за невялікім абедным сталом, які стаяў у перадпакойчыку, злучаным з маленькай кухняй. Побач лядоўня. Назваць гэта кабінэтам? Сам ён так часам яго і называў, любіў пажартаваць.

    «Акно працоўнага кабінэта» — бу­дзе са словаў самога Ігара… Сказаць замежным агенцтвам, радыёстанцыям, што за кухонным сталом ён робіць «Свабоду» — несалідна. Ігар ня ведаў пыхі, але і цану сабе знаў. Прынамсі, прафэсіяналізм быў для яго крытэрам у кожнай справе, у журналістыцы найперш. Таму ўсё мусіла быць на найвышэйшым узроўні — у тым ліку ў ягоных інтэрвію.

    Стрэл быў вышэй галавы (калі б чалавек ся­дзеў за сталом). Апроч таго, стралок напэўна ведаў, што рэдактара няма дома. Гэта было папярэджаньне. Але Ігар успрыняў яго як выклік.

    На выклікі ён не ішоў — зрываўся. Толькі так можна было апярэ­дзіць і ўрэшце перамагчы. Натуральна, перамагчы не ў страляньні, а на газэтнай паласе — хвостка, ярка, забойча. Стрэл у вакно для рэдактара «Свабоды» быў сэнсацыяй.

    «Знайшоўшы кулю (выстрал быў зроблены з дробнакалібэрнай зброі), я патэлефанаваў у міліцыю. Дзяжурная сьледчая група Менскага РАУС склала ўсе неабходныя паперы, забрала кулю і паабяцала праз пару тыдняў паведаміць аб выніках расьсьледаваньня.

    Я перакананы, што гэта быў не выпадковы стрэл. Хто і за што вырашыў мяне такім чынам папярэ­­дзіць — здагадацца няцяжка, паколькі нічым, акрамя журналістыкі, я не займаюся. Але мушу расчараваць тых, хто, магчыма, хоча запалохаць мяне падобнымі мэтадамі. Усё гэта бессэнсоўна».

    Падпісана: Ігар Гермянчук.

    Рэдкі выпадак, калі пад публікацыяй у «Свабо­дзе» стаяла ягонае прозьвішча. Рэдактар мусіць прысутнічаць не на паверхні, а ўнутры газэты, пад яе скурай, у крывацёку. Яму трэба быць і галавой «Свабоды», і яе душою.

    Пазьней мы даведаемся, пра што папярэджвалі Герменчука і ў які шэраг пакла­дзецца гэтае здарэньне. А тады…

    Яшчэ ня зьніклі сярод белага дня нязгодныя палітыкі, бясьсьледна растварыўшыся ў новай рэчаіснасьці. Кандыдатаў, што наважваліся ўдзельнічаць у прэзыдэнцкіх выбарах, яшчэ не саджалі ў турму. Яшчэ ня быў ануляваны Дзень Незалежнасьці беларусаў. Але паліцэйская дзяржава ўжо будавалася на ўсю хаду.

    Вось што яшчэ было ў тым нумары «Свабоды» за 12 лютага ў нататцы пад загалоўкам: «Стрэл у Кало­дзішчах. Галоўнага рэдактара СВАБОДЫ папярэ­дзілі…»

    «Куля прабіла ­дзьве шыбіны і прайшла акурат праз тое месца ў маім доме, ­дзе я звычайна сяджу вечарамі і працую. Натуральна, калі б у той момант я ся­дзеў там, то гэтыя радкі давялося б пісаць некаму з маіх калег. Але стрэл зроблены ў той час, калі ў доме нікога не было. Мы прыехалі з жонкай і сынам дахаты а ­дзявятай га­дзіне вечара і, пабачыўшы дробнае шкло на стале, адразу зірнулі на вакно: шыбіны былі прабітыя навылёт».

    Праз паўтара года ён скажа ў інтэрвію:

    «Я думаю, што гэты стрэл быў зроблены ў папераджальных мэтах. З мэтаю запалохаць, паўплываць на мяне як на рэдактара, каб газэта стала больш ляяльнай да прэзыдэнта і яго палітыкі. Супрацоўнікі міліцыі, якіх я выклікаў, прыехалі, усё пабачылі і знайшлі кулю. Яны пацікавіліся ў мяне: „Хто гэта вас такім чынам папярэджвае?“ Я сказаў: „У мяне няма іншых ворагаў, апрача прэзыдэнта Лукашэнкі і ягоных лю­дзей!“»

    Злачынства засталося нераскрытым, дадасьць Гермянчук. Гутарыла зь ім Паліна Сьцепаненка для бюлетэня «Права на волю».

    Гэта быў час пісталетаў.

    Увосень 1993 году ад рукі кілера ў Горадні гіне абласны начальнік Дзьмітры Арцыменя. Панічныя настроі сярод начальства. Прэм’ер Кебіч дае каманду: выдаць пісталеты! І прыставіць ахову да ўсіх старшыняў аблвыканкамаў. Хто мог пра гэта паведаміць? Толькі «Свабода» Герменчука. І нечаканае супа­дзеньне — Арцыменя су­дзіўся са «Свабодай». І такое здарэньне раптам. Мараль першая: не су­дзіся са «Свабодай». Не пішы супраць начальства — другая.

    Будуць дазволеныя газавыя пісталеты, чым скарысталіся тыя ж бізнэсоўцы, на вуліцы час рэкету. Газавы з выгляду не адрозьніваецца ад звычайнага.

    Свабодаўцы і чытачы. Пікет пасьля закрыцьця газэты «Свабода» . Менск, плошча Якуба Коласа, 1997 год
    Свабодаўцы і чытачы. Пікет пасьля закрыцьця газэты «Свабода» . Менск, плошча Якуба Коласа, 1997 год

    Пасьля стрэлу ў вакно ў 1997‑м пісталет Герменчуку даў выдавец «Свабоды» Павал Жук, так гэта выглядае зь ягоных словаў. Ці трэба было тое рэдактару? Пытаньне. Ён не бізнэсовец, не рэкецір, ён робіць газэту і зброя ў яго ёсьць, але іншая. «Мая зброя — пяро», — мог іранічна сказаць Ігар, робячы глыток кавы перад тым, як зацягнуцца цыгарэтай. Тут гучала і праўда, і сьцёб з савецкага штампу «прыраўняць да штыха пяро».

    Сам Жук успамінае тую гісторыю па-свойму:

    «З Герменчуком у нас такіх цёрак, злобных разборак, што ты такі-сякі, у прынцыпе не было. Ён ле­дзь што, бег да мяне — што бу­дзем рабіць? Нават калі ў яго стралялі некалі, я яго таксама з гэтай сытуацыі выцягнуў. Па тым часе я яго ўзброіў да зубоў. І прыставіў лю­дзей, якія сачылі яшчэ ты­дзень. Ся­дзелі, ­дзяжурылі…

    …Першы раз стрэльнулі, калі дома нікога не было. Калі быў узброены, прыйшлі другі раз да яго. І калі сказалі: давай выхо­дзь пагаварыць, то ён адказаў — калі ты думаеш, што ў цябе ёсьць „мялкашка“, то ў нас таксама нешта ёсьць. А там яшчэ хлопцы ­дзяжурылі нашы. Хай бы паспрабавалі руку падняць хаця б, ён ім: у нас ёсьць і наразное, і гладкае, і якое хочаш, так што бу­дзь свабо­дзен… І пасьля гэтага адсталі. Ну, гэта гэбуха была, што скажаш. Папужаць хацелі проста».

    Сяргей Грыц, фотакарэспандэнт, успамінае са словаў самога Герменчука — што адбылося, калі неўзабаве пасьля інцыдэнту з куляй да Ігара ўвечары прыйшлі незнаёмыя лю­дзі: «„Адчыніце!“. А ён — „Я зараз адкрыю агонь!“ І там нейкія чувакі, якія, можа, хацелі яму па галаве настукаць — „Слухай, які яшчэ агонь?“ І пайшлі. І ён літаральна празь ­дзесяць хвілін расказваў у эфіры: вось нам кажуць, што літаральна пятнаццаць хвілін назад да рэдактара „Свабоды“ Герменчука ламіліся невядомыя ў ягоны дом у Кало­дзішчах».

    Неспакойна было на вуліцы Шырокай.

    Ігар Гермянчук і Сяргей Астраўцоў у рэдакцыі «Свабоды» на Іванаўскай. Канец 1997 году
    Ігар Гермянчук і Сяргей Астраўцоў у рэдакцыі «Свабоды» на Іванаўскай. Канец 1997 году

    Пра зброю быў і ўлюбёны анэкдот Герменчука. Дзед у са­дзе палівае кветкі машыннай алівай. На немае запытаньне ўнука важка тлумачыць: «Галоўнае, хлопча, каб зброя не заіржэла…»

    Іншы анэкдот яму таксама падабаўся. Барадатыя партызаны затрымалі на ўзьлеску хлопчыка: «Немцы ў вёсцы ёсьць?» — «Якія немцы, вайна даўно скончылася…» — «Халера, а мы ўсё яшчэ цягнікі пад адхон пускаем…»

    Любіў пасьмяяцца.

    Працяг будзе

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці