СМІ: Узамен на абмежаваньне вяшчаньня Белсату Менск гатовы даць у кабэльныя сеткі польскі тэлеканал
«Улады Беларусі гатовыя ўключыць у сыстэму наземнага вяшчаньня сваёй краіны адзін з польскіх тэлеканалаў цаною абмежаваньня вяшчаньня Белсату»,— пра гэта ў аўторак паведаміла газэта «Nasz Dziennik», блізкая да польскай кіроўнай партыі «Права і Справядлівасьць»
— Пад увагу бяруцца два варыянты. Першы — гэта вяшчаньне польскай грамадзкай тэлевізіі TVP1, але без тэлепрадукцыі, якая праз абмежаваньні аўтарскіх правоў ня можа паказвацца за мяжой. Гэта датычыць пераважна замежных фільмаў. Замест іх уключалася б вяшчаньне інфармацыйнага тэлеканалу TVP Info. Другі варыянт — гэта вяшчаньне тэлеканалу TVP Polonia — гаворыцца на сайце выданьня.
Паводле газэты, TVP Polonia зьмяніла б сваю праграму адмыслова для аўдыторыі ва Ўсходняй Эўропе і часткова вяшчала б па-расейску.
Дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўска-Гузы пракамэнтавала гэтую інфармацыю наступным чынам:
«Ужо некалькі тыдняў працягваецца наскок на Белсат па абодва бакі мяжы. Пасквіль у «Советской Белоруссии», а цяпер дзіўныя чуткі газэты «Nasz Dziennik».
«Nasz Dziennik» заўважае, што польска-беларускія адносіны апошнім часам моцна палепшыліся. Усё пачалося ад візыту ў Беларусь міністра замежных справаў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага. У кастрычніку Варшаву наведаў Уладзімер Макей. Раней у Беларусі прымалі віцэ-сьпікера польскага Сэйму Рышрда Тэрлецкага і віцэ-прэм’ера Матэвуша Маравецкага.