СМІ: Хашокджы задушылі пры спробе ўцячы
Апазыцыйны саудаўскі журналіст Джамаль Хашокджы загінуў у выніку выкарыстаньня супраць яго «задушлівага прыёму», калі спрабаваў вырвацца з консульства Саудаўскай Арабіі і паклікаць на дапамогу.
Пра гэта паведамляе Reuters са спасылкай на ананімную крыніцу. Паводле крыніцы, супрацоўнікі дыпляматычнага ведамства перадалі цела Хашокджы аднаму зь мясцовых жыхароў, каб пазбавіцца ад доказаў.
Хашокджы 2 кастрычніка ўвайшоў на тэрыторыю саудаўскага консульства ў Стамбуле і больш не зьяўляўся. Праз тры тыдні пасьля яго зьнікнення Эр-Рыяд прызнаў гібель журналіста, аднак заявіў аб недатычнасьці кіраўніцтва краіны да яго сьмерці. Паводле вэрсіі саудаўскіх уладаў, Хашокджы быў забіты ў бойцы з прадстаўнікамі консульства. Саудаўская пракуратура арыштавала ў гэтай справе 18 чалавек.
Кароль Саудаўскай Арабіі Салман і спадчынны прынц Мухамад бін Салман 21 кастрычніка прынесьлі свае спачуваньні сыну Хашокджы. Улады настойваюць на недатычнасьці прынца да інцыдэнту, аднак газэта The New York Times даведалася пра яго сувязі з адным з падазраваных у забойстве.
Праз гібель Хашокджы канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель заявіла аб прыпыненьні паставак нямецкага зброі ў Саудаўскую Арабію.
Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Эрдаган і Дональд Трамп падчас тэлефоннай размовы дамовіліся высьветліць абставіны здарэньня. Турэцкія ўлады далі ахову нявесьце Хашокджы — Хаціджы Джэнгіз. Раней амэрыканскі прэзыдэнт запрашаў яе ў Белы дом.