• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Слонімскія журналісты калядавалі ў сваіх чытачоў

    Ідэя гэта ўзнікла падчас абмеркавання планаў мерапрыемстваў на 2017 год на сходзе Слонімскай суполкі БАЖ.

    — Новы год сустрэлі, салаты даелі, прачнуліся, здаецца, усе. Цяпер самы час падумаць, як жыць далей. А паколькі час цяпер калядны, то мо варта было б зладзіць нейкую імпрэзу, каб нагадаць людзям пра старажытную традыцыю святкавання Калядаў у Беларусі? — запыталася ў калегаў Вольга Шынкевіч.

    — А што тут гадаць — пайшлі калядаваць! — адразу знайшла што адказаць Таццяна Плахетка.

    — А ідэя мне падабаецца — можа цікавы рэпартаж потым атрымацца для газеты… Толькі куды пайсці, можа, варта было б скласці калядны маршрут па адрасах нашых чытачоў і падпісчыкаў? — запытаўся, усё адно як прапанаваў калегам, галоўны рэдактар “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук.

    Мерапрыемства прызначылі на вечар 13 студзеня. У праваслаўных — багатая куцця, Стары Новы год. Самы час для такой імпрэзы.

    Рыхтаваліся да калядавання самыя маладыя слонімскія БАЖаўцы і супрацоўнікі “Газеты Слонімскай” Мікіта Пастухоў, Таццяна Плахетка, Вольга Шынкевіч ды Вольга Бурсевіч, якая задзейнічала ў імпрэзе яшчэ і дваіх сваіх дзяцей — не было з кім дома пакінуць.

    Сцэнарый напісалі, касцюмы знайшлі-зрабілі самі ў перапынках паміж пошукам і напісаннем навінаў ды выпускам у свет чарговага нумару газеты. Толькі калядны маршрут дапамог распрацаваць начальнік аддзела падпіскі і распаўсюду “ГС” Аляксей Навіцкі.

    І вось пасля нялёгкага працоўнага дня настаў вечар пятніцы, 13-га… Нашы калядныя героі сабраліся разам у прызначаным месцы, дзе іх чакала са сваім аўто Вольга Шынкевіч. Бо Слонім — горад не маленькі, а калядны маршрут распрацавалі доўгі. Акрамя шафёрскай, Вольга ў той вечар выконвала яшчэ і ролю фотакарэспандэнта. З яе здымкаў мы цяпер бачым, як слонімскія журналісты калядавалі ў сваіх чытачоў. Але тут мушу прызнацца, што бачым мы гэта толькі з тых здымкаў, якія наша калега палічыла магчымым паказаць нам і нашым чытачам.

    — Сцэны частаванняў і застольныя — не, гэта не для ўсеагульнага агляду! — як адрэзала Вольга на прапанову аўтара гэтых радкоў паказаць больш “хатніх” здымкаў.

    Але і з таго, што бачым, відаць, што сумна ў той вечар нікому не было. Не было сумна і назаўтра. І нават яшчэ ў панядзелак.

    Каляды ўсё ж — вясёлыя святы! Чаго і вам жадаем ды не толькі на Каляды.

    Фота з архіва “ГС”

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці