Сьледзтва ў справе забойства Шарамета: прагрэс ёсьць, але не для публікі
Генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка кажа, што ў справе забойства беларускага журналіста Паўла Шарамета сьледзтва атрымала новыя зьвесткі, але яны не падлягаюць абнародаваньню.
«Ёсьць зрухі, але я не магу гэтым з вамі падзяліцца. У справе Шарамета няма ніякай інфармацыі, якая можа быць абнародаваная. У нас ёсьць сур’ёзны прагрэс у расьсьледаваньні, але ён не публічны», — заявіў Юры Луцэнка сёньня ў Кіеве на прэсавай канфэрэнцыі.
Павал Шарамет загінуў 20 ліпеня ў Кіеве ад выбуху аўтамабіля. Паводле папярэдніх вынікаў расьсьледаваньня, дзяўчына і хлопец заклалі самаробную выбуховую прыладу пад машыну напярэдадні ўначы. Паліцыя шукае адзінага сьведку, які ў той час праходзіў побач і мог бачыць абаіх падазраваных. Сьледзтва пакуль ня вызначыла іхніх асобаў.
Апроч таго, Міністэрства ўнутраных спраў Украіны праводзіць службовую праверку наконт магчымай датычнасьці кіраўніка крымінальнай паліцыі Вадзіма Траяна да незаконнага сачэньня за беларускім журналістам Паўлам Шараметам напярэдадні яго забойства.