Следзтва ў справах блогераў Кабанава і Пятрухіна завяршылі, чакаюцца суды
Падчас дасудовага сьледзтва блогеры знаходзіліся ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Палітвязень Аляксандр Кабанаў напісаў, што яго і Сяргея Пятрухіна пераводзяць у СІЗА ў Берасьце.
Жыхарка Берасьця атрымала ліст ад блогера Аляксандра Кабанава, якім падзялілася з «Брэсцкай газетай». У ім Кабанаў паведамляе, што ягоная крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіраваньня ў суд.
«А я неўзабаве да вас, у Берасьце. Закрыў справу, яе перадалі ў пракуратуру, і хутка будзе ў „судзе“. А судзіць будуць у Берасьці, і мяне, і Сяргея (Пятрухіна). Так што скора перавязуць у СІЗА Берасьця. І будуць вазіць у „суд“. Так што прыходзьце, калі ласка). І прыводзьце знаёмых. Толькі не зьдзіўляйцеся з нашай справы, у якой няма ніводнага доказу. Адны здагадкі і фантазіі. Ну ўсё, як заўсёды, беларускае „правасудзьдзе“, яно такое, своеасаблівае. Як і сьледзтва», — піша Кабанаў. Ліст датаваны 28 сьнежня 2020 году.
Палітвязень Аляксандар Кабанаў быў затрыманы 15 чэрвеня, калі пайшоў па выкліку ў паліклініку для кантролю па адбыцьці карантыну, і дастаўлены ў ІЧУ Ленінскага раёна Берасьця. Суд пакараў блогера арыштам на 15 дзён. Аднак 20 чэрвеня блогер зьнік з ІЧУ. Ягоны лёс стаў вядомы праваабаронцам толькі 25 чэрвеня, калі ў бацькоў Аляксандра Кабанава адбыўся ператрус, а сам блогер быў пераведзены ў Менскае СІЗА‑1.
Аляксандар Кабанаў знаходзіцца ў статусе падазраванага ў крымінальнай справе, заведзенай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу і зьвязанай з падзеямі ў Горадні 29 траўня.
Палітвязень Сяргей Пятрухін — брэсцкі блогер, аўтар ютуб-каналаў «Народны рэпарцёр» і «Youtube-дэпутаты».
16 чэрвеня ён быў затрыманы ў вёсцы пад Пухавічамі, пасьля чаго дастаўлены ў Кобрынскі ІЧУ. 25 чэрвеня Сяргея Пятрухіна даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Менска.
Стала вядома, што ён затрыманы ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), зьвязанай з падзеямі ў Горадні 29 траўня.
Хто яшчэ з блогераў знаходзіцца за кратамі
Ад 8 траўня ў зьняволеньні ўтрымліваюць аўтара youtube-каналу «Слуцк для жизни» Ўладзімера Няронскага. Яму выставілі абвінавачаньні па арт. 342 Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады». Ён сядзіць у сьледчай турме № 8 у Жодзіне.
Ігар Лосік у зьняволеньні ад 20 траўня. Аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» спачатку пачуў абвінавачаньні па артыкуле 342, а 15 сьнежня яму выставілі абвінавачаньне ў ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — Удзел у масавых беспарадках. На знак пратэсту Лосік пачаў галадоўку, якую трымае па сёньня. Яго ўтрымліваюць у Жодзіне.
Сяргей Ціханоўскі — аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», які зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Пры гэтым зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.
Ад 29 траўня Сяргей за кратамі. Цяпер яго ўтрымліваюць у Жодзіне па падазрэньні ў парушэньні артыкулаў 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 191 Крымінальнага (Перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў) Крымінальнага кодэксу. Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.
Ціханоўскі прысутнічаў на сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ у кастрычніку. Па словах іншых яе ўдзельнікаў, быў адзіным, хто зьвяртаўся да Лукашэнкі на «ты». У той жа дзень Ціханоўскаму дазволілі пазваніць жонцы Сьвятлане; падчас размовы ён параіў ёй быць больш жорсткай у супрацьстаяньні з уладамі.
Ад 9 чэрвеня ў зьняволеньні Ўладзімер Цыгановіч, аўтар youtube-каналу MozgON. Ён падазраваны па артыкуле 342, утрымліваецца ў СІЗА‑1 Менску.
На наступны дзень пасьля Цыгановіча затрымалі і зьмясьцілі пад арышт Зьмітра Казлова з Барані, які вядзе youtube-канал «Шэры кот». Яго таксама вінавацяць па артыкуле 342.
Ён стаў блогерам яшчэ ў 2017 годзе, а ў 2019 актыўна асьвятляў пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй. 15 сьнежня Казлову выставілі новае абвінавачаньне — у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК). Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу — 8 гадоў пазбаўленьня волі.