Следчы камітэт з дзясятай спробы праводзіць праверку па заяве журналіста на дзеянні міліцыянта і чыноўніка
Магілёўскі міжраённы аддзел Следчага камітэта ў чарговы – дзявяты – раз адмяніў пастанову сваіх жа супрацоўнікаў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па факце неправамерных дзеянняў з боку супрацоўніка міліцыі Сяргея Калеснікава, які перашкодзіў выконваць прафесійныя абавязкі журналісту БелаПАН Уладзіміру Лапцэвічу.
Сяргей Калеснікаў разам з чыноўнікам адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанцінам Кісцянёвым не дазволілі Уладзіміру Лапцэвічу прысутнічаць на сходзе чальцоў гаражнага кааператыву «Спадарожнік 2008» вясной 2017 года.
Папярэднія адмовы Следчага камітэта распачынаць крымінальную справу ў дачыненні міліцыянта і чыноўніка адмяняліся альбо судом, альбо пракуратурай ці кіраўніцтвам магілёўскага аддзела СК пасля заяў журналіста.
Гэтым разам адмяніў пастанову старэйшага следчага падпалкоўніка юстыцыі Аляксандра Ляскаўца часова выконваючы абавязкі начальніка Магілёўскага МРСК падпалкоўнік юстыцыі Аляксей Сянькоў (Алексей Сеньков), які высветліў, што “праверка праведзена не ў поўным аб’ёме”.
“На мой погляд, супрацоўнікі Следчага камітэта папросту цягнуць час, каб сыйшоў тэрмін прыцягнення да крымінальнай адказнасці, і такім чынам Кісцянёў і Калеснікаў не панеслі ніякага пакарання. Пасля маіх заяў Следчым камітэтам праводзіцца ўжо дзясятая дадатковая праверка, аднак нават напісаць нармальную пастанову аб адмове распачынаць крымінальную справу пасля іх следчыя не могуць, а папросту перапісваюць папярэднія”, – зазначыў у гутарцы з карэспандэнтам службы маніторынгу ГА “БАЖ” Уладзімір Лапцэвіч.
У апошні раз рашэнне аб правядзенні дадатковай праверкі было прынятае Магілёўскім МРСК 9 кастрычніка 2018 года, ужо пасля таго, як супрацоўнікі Следчага камітэта самі парушылі беларускае заканадаўства – не прадаставілі матэрыялы справы ў суд у вызначаны законам тэрмін.
Каб дабіцца нейкай рэакцыі з боку магілёўскіх следчых, Лапцэвіч пакінуў скаргу ў Кнізе заўваг і прапаноў Упраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці.
“Я звярнуўся таксама ў Беларускую асацыяцыю журналістаў, каб быў накіраваны афіцыйны ліст ад арганізацыі на імя кіраўніка Следчага камітэта Івана Наскевіча, дзе б казалася аб недапушчальнасці парушэння правоў журналістаў. Магчыма, хоць пасля гэтага звароту магілёўскія следчыя нарэшце стануць выконваць свае службовыя абавязкі”, – кажа Уладзімір Лапцэвіч.