Следчы камітэт вярнуў Паўлу Дабравольскаму мабільны тэлефон
Раніцай 16 сакавіка карэспандэнт TUT.BY наведаў упраўленне Следчага камітэта. Журналісту паведамілі, што цяпер праверкай на факце яго збіцця супрацоўнікамі міліцыі будзе займацца новы, ужо трэці па ліку следчы – Васіль Макрушыч.
Апроч гэтага, Дабравольскаму вярнулі мабільны тэлефон, які журналіст перадаў следчым пасля інцыдэнту з нападам. Тэлефон зацікавіў супрацоўнікаў СК, бо ад самага пачатку журналіст здымаў канфлікт з супрацоўнікамі міліцыі на відэа.
Як распавядаў Павел раней, на тэлефоне застаўся відэазапіс пачатку канфлікту, а потым, калі журналіста зацягнулі ў службовае памяшканне суда і збівалі, тэлефон працягваў запісваць аўдыё.
Нагадаем, што праверка па факце інцыдэнту ў судзе Фрунзенскага раёна працягнутая да 25 сакавіка. Да гэтай даты супрацоўнікі СК абяцаюць даць адказ – ці перавысілі міліцыянты свае службовыя паўнамоцтвы падчас затрымання журналіста і ці будуць яны прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.
25 студзеня ў пачатку судовага пасяджэння па «справе графіцістаў» моладзевыя актывісты разгарнулі расцяжку з надпісам «Не – палітычным пераследам». Іх вывелі з залы суда і павялі па калідоры, дзе іх пачаў здымаць на відэа журналіст Павел Дабравольскі. Яго разам з актывістамі завялі ў пакой, збілі, пасля даставілі ў Фрунзенскі РУУС, склалі пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях, а затым прыгаварылі да штрафаў у тым жа судзе Фрунзенскага раёна па арт. 17.1 (дробнае хуліганства) і арт. 23.34 (непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы) КаАП.