• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Следчы камітэт Расіі выклікае фатографа Васюковіча на допыт з‑за скаргі на яго фотаздымкі з Данбасу

    1 лютага беларускі фатограф Аляксандр Васюковіч атрымаў на электронную пошту ліст са Следчага камітэта Масквы. У ім следчы А. Маразенка запрашае Васюковіча на гутарку для атрымання пісьмовых тлумачэнняў па матэрыялах праверкі, папярэдне ўзгадніўшы дату і час са следчым.

    З ліста таксама зразумела, што праверка праводзіцца па скарзе аднаго з дэпутатаў маскоўскай муніцыпальнай акругі Якіманка — Захарава Д. А. Дэпутат мяркуе, што ў выставе Васюковіча, якая прайшла ў Маскве ў мінулым годзе, ёсць «прапаганда забароненай у Расіі арганізацыі «Правы сектар».

    «Ліст я атрымаў толькі што на электронную пошту. Думаю, усё гэта з той самай серыі, што і знішчэнне выставы. На размову да следчага ў Маскву не паеду. Дашлю ім адказ, напішу, што жыву ў Беларусі, а не ў Расіі. На маіх здымках няма ўдзельнікаў «Правага сектара», — расказаў Аляксандр Васюковіч у размове з «Еўрарадыё».

    28 верасня ў Маскве ў Цэнтры дакументальнай фатаграфіі FOTODOC праходзіла творчая сустрэча з беларускім фатографам Аляксандрам Васюковічам. Васюковіч заняў першае месца ў намінацыі «Канфлікт» на міжнародным фотаконкурсе «Прамы погляд 2016». Тут жа можна было ўбачыць яго фотаздымкі з праекту «Фота на памяць», на якіх адлюстраваныя адзіночныя і групавыя партрэты удзельнікаў добраахвотнага батальёна «Данбас», зробленыя Васюковічам падчас паездкі на фронт летам 2014 года. Праз нейкі час Васюковіч ізноў звязаўся з героямі сваіх фота, каб даведацца іх лёс. На фотаздымках свайго праекта ён коратка пазначыў, хто з салдатаў застаўся жыць, хто быў паранены, трапіў у палон альбо загінуў.

    Падчас творчай сустрэчы ў залу прыйшоў маскоўскі мастак Антон Белікаў і пачаў замалёўваць здымкі Васюковіча фарбай з балончыка. «Вы — сціплы фашыст! Я пагарджаю вамі… Што вы робіце? Гэта ж забойцы! Яны забівалі жанчын і дзяцей. А вы прыязджаеце ў Маскву і вешаеце іх фота тут! Вы — усмешлівы гадзёныш. Як вам не сорамна?» — гаварыў Белікаў Васюковічу.

    Працэс знішчэння выставы беларускага фатографа здымаў канал «Рен-ТВ». Яшчэ праз дзень выстава беларуса была канчаткова знішчаная людзьмі, якія назваліся прадстаўнікамі казацтва.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці