Следчы камітэт адказаў БАЖ наконт загінулых журналістаў
Аднаўленне расследавання спраў Чаркасавай і Завадскага і дадатковыя праверкі па ўстанаўленні абставін смерці Бябеніна і Гроднікава – па-за кампетэнцыяй Следчага камітэта, бо рашэнні па іх справах прымаліся да 1 студзеня 2012 г.
«…Папярэдняе следства па крымінальных справах аб знікненні Завадскага Д.А. і забойстве Чаркасавай В.А., а таксама праверкі па фактах смерці Бябеніна А.М. і Гроднікава В.П. праводзіліся органамі пракуратуры РБ, па выніках якіх прыняты адпаведныя працэсуальныя рашэнні, – гаворыцца ў лісце за подпісам начальніка галоўнага ўпраўлення працэсуальнага кантролю А.С. Шандаровіча. – Правам адмены незаконных і неабгрунтаваных рашэнняў па крымінальных справах і матэрыялах праверкі, прынятых да 01.01.2012, надзелены выключна органы пракуратуры…»
“Мы не ставілі пытання пра адмену нейкіх незаконных ці неабгрунтаваных рашэнняў. Мы прасілі аднавіць расследаванне спраў, перададзеных пад кантроль Следчага камітэта. На мой погляд, гэта цалкам у яго кампетэнцыі”, – пракаментаваў змест ліста намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец.
Нагадаем: напярэдадні Сусветнага дня за спыненне беспакаранасці злачынстваў супраць журналістаў (23 лістапада) ГА “БАЖ” даслала старшыню Следчага Камітэта РБ Валянціну Шаеву афіцыйны ліст.
“За апошнія 12 гадоў мы маем як нераскрытыя справы аб забойствах журналістаў, так і справы, у якіх нібыта пастаўлена кропка, але якія пакідаюць шмат пытанняў без адказаў”, – пісала арганізацыя, нагадваючы пра знікненне Дзмітрыя Завадскага, забойства Веранікі Чаркасавай, а таксама загадкавыя абставіны смерцяў Алега Бябеніна і Васіля Гроднікава.
Паколькі пасля стварэння Следчага камітэта ў студзені 2012 года расследаванне такога кшталту спраў перайшло ў кампетэнцыю гэтай установы, ГА “БАЖ” прасіла Следчы Камітэт:
— аднавіць расследаванне крымінальных справаў па фактах забойства Дзмітрыя Завадскага і Веранікі Чаркасавай. Даць сваякам, калегам і грамадству адказы на пытанні — хто забіў журналістаў і хто з’яўляецца заказчыкамі гэтых злачынстваў;
— правесці дадатковае празрыстае расследванне абставін смерці Алега Бябеніна і Васіля Гроднікава.
Летась 23 лістапада ГА «БАЖ» дасылала аналагічны зварот у Генпракуратуру і МУС.
Пракуратура адказала праз 2 дні, што «…па двух выкладзеных Вамі ў звароце фактах расследаваны крымінальныя справы, а па двух — праведзены праверкі з прыняццем рашэнняў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы», і што «пра працэсуальныя рашэнні… удзельнікі крымінальнага працэсу праінфармаваныя ва ўстаноўленым законам парадку».
МУС адказала, што «аднаўленне расследавання згаданых БАЖ крымінальных спраў і правядзенне дадатковых праверак знаходзіцца ў кампетэнцыі Генеральнай пракуратуры».