• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Скажы мне, хто твой сябра?

    Прызнацца шчыра, да закрыцця апазіцыйнага тэлеканала RCTV Inter­na­cional  у Каракасе не мела паняцця, што ў дзяржаве Уга Чавеса ўвогуле можа быць нешта падобнае. Падавалася, што, калі ў Беларусі няма незалежнага тэлебачання, скуль яно возьмецца ў Венесуэле? Памылялася: тэлебачанне ёсць (ну, ці было)….

    Тэлеканал RCTV быў заснаваны яшчэ ў 1953 годзе і да закрыцця з’яўляўся самым старым у краіне. Праблемы канала пачаліся яшчэ ў 2007 годзе, калі ўрад краіны адмовіўся працягваць яму ліцэнзію на вяшчанне з‑за таго, что канал быццам бы садзейнічаў дзяржаўнаму перавароту (у 2002 годзе Уга Чавеса часова адхілілі ад улады). У канала забралі не толькі ліцэнзію, але і абсталяванне, перадатчыкі і нават камеры. Між тым, RCTV усё ж вытрываў, перайшоўшы на кабельнае і сатэлітарнае вяшчанне.

    Пытанне: што б зрабілі беларускія ўлады з такой «косткай у горле»? Адказ відавочны — разнеслі б на кавалачкі, задушылі б праверкамі, судовымі зыскамі, папярэджаннямі. Але каналу з Венесуэлы далі праіснаваць яшчэ два (!!!) гады і толькі на пачатку 2010 прыпынілі дзйнасць RCTV, які адмовіўся (!!!) ад трансляцыі праграмы «Алё, прэзідэнт», падчас якой Чавес адказвае на пытанні народу.

    Немагчымая, амаль фантастычная для беларускай рэчаіснасці гісторыя. Сварыцца з прэзідэнтам? Гэта будзе дорага каштаваць. Памятаеце гісторыю з «белымі плямамі»? Але ж гэта было 15 год таму!

    Не ведаю, як вам, а мне падаецца, што венесуэльскім ідэолагам і прапагандыстам след тэрмінова да нашых на курсы выпраўляцца. Гэта ж проста недапушчальна, каб мясцовыя «нячэсныя» так вольна пачуваліся!

    Яшчэ менш укладваецца ў маёй галаве тая падтрымка, якую венесуэльскія студэнты аказваюць зачыненаму тэлеканалу. Маніфестацыі моладзі не спыняюцца ў краіне другі тыдзень. Нягледзячы на дзесяткі параненых, дваіх забітых і невызначаную колькасць затрыманых, маладзёны працягваюць выходзіць на вуліцы з патрабаваннем вярнуць RCTV.

    Беларускія незалежныя медыя толькі мараць пра падтрымку з боку грамадства. Знікненне з інфармацыйнай прасторы газет, часопісаў, тэле- і радыёканалаў у нашай краіне звычайна кранала толькі журналістаў, якія там працавалі, і невялічкую колькасць блізкіх да СМІ асобаў. Ды што казаць пра грамадства, калі тыя палітыкі, што любяць указваць нам на месца ў сваёй «лодцы», рабілі выгляд, што гэта іх не тычыцца?..

    Канечне ж, венесуэльскія ўлады штодня спрабуюць дэскрэдытаваць акцыі пратэсту студэнтаў, заяўляючы, што яны — усяго толькі марыянеткі ў руках апазіцыйных партый (як жа ж нам гэта знаёма!). Венесуэльская пракуратура нават распачала справу ў дачыненні да кіраўніцтва навучальных установаў, якія, на думку дзяржавы, маглі даць дазвол на выкарыстанне студэнтаў і моладзі ў вулічных акцыях. Але ж да студэнтаў ужо далучылася каталіцкая царква, якая абвесціла закрыццё канала недэмакратычным.

    Уга Чавес

    Гляджу навіны з Каракаса і ціха зайздрошчу: так, жыццё там не цукар, так, Чавес — яшчэ той «дэмакрат», але ж калі віцэ-прэзідэнт краіны падае ў адстаўку (хоць бы афіцыйна і па асабістых матывах), гэта выглядае на часткова захаванае сумленне, якога так не стае нашым «вертыкальшчыкам». А значыць — дае надзею венесуэльцам на перамены падчас выбараў прэзідэнта ў верасні гэтага года.

    Разумею, што закрыццё апазіцыйнага канала — толькі нагода для акцый пратэсту, бо эканамічны стан краіны пагаршаецца з кожным месяцам, а значыць, расце колькасць незадаволеных палітыкай Чавеса грамадзян.
    Але ж чакаю на той час, калі ціск на беларускія медыя адгукнецца ў розумах і душах беларусаў. Калі яны зразумеюць, што яшчэ адна зніклая з інфармацыйнай прасторы краіны газета ці яшчэ адзін заблакаваны сайт — не проста праблема некалькіх дзесяткаў журналістаў, а чарговы кляп у глотку тым, хто не згодны, хто бачыць, што ў кожнага медаля ёсць адваротны бок.

    Кажуць — скажы мне, хто твой сябра… Дык можа, калі ўжо мы сябруем з Венесуэлай, павучымся ў «сяброў», як бараніць свае думкі, свае меркаванні і свае свабоды?

    Нават калі дзяля гэтага давядзецца адмовіць прэзідэнту ў піяры і выйсці ў свет з «белымі плямамі»…

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці