• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    СК адмовіўся распачынаць крымінальную справу супраць мліцыянтаў, якія білі журналіста Трафімовіча

    Бо ў выніку праверкі ня знойдзены склад злачынства, гаворыцца ў лісьце СК, які атрымаў Антон Трафімовіч.

    Ліст са Сьледчага камітэту прыйшоў праз чатыры месяцы пасьля таго, як журналіста Радыё Свабода Антона Трафімовіча затрымалі і пабілі ў цэнтры Менску. 15 ліпеня ён асьвятляў падачу скаргаў у Цэнтральную выбарчую камісію. У той дзень некалькі соцень чалавек выстраіліся ў чаргу да ЦВК, каб падаць скаргу аб нерэгістрацыі Віктара Бабарыкі як кандыдата ў прэзыдэнты.

    Паўтузіна людзей, якія не назваліся, скруцілі журналіста, ударылі па твары, пасадзілі ў мікрааўтобус і адвезьлі ў Заводзкае РУУС. Сярод тых, хто яго затрымліваў, былі некалькі чалавек у форме АМАПу. Без складаньня пратаколу і без тлумачэньняў журналіста адпусьцілі праз гадзіну.

    На наступны дзень Трафімовіч напісаў заяву ў СК з патрабаваньнем распачаць крымінальную справу супраць сілавікоў, якія парушылі ягоныя правы як журналіста – гэта артыкул 198 Крымінальнага кодэксу.

    Праз два месяцы прыйшоў першы адказ: праверку паводле заявы журналіста спынілі, бо СК Маскоўскага раёну не атрымаў вынікаў судова-мэдычнай экспэртызы.

    «Цяжка ўявіць, што ліст ішоў два месяцы з вуліцы Кіжаватава, дзе месьціцца экспэртыза, да вуліцы Алібегава, дзе месьціцца СК», – сказаў Трафімовіч.

    Цяпер жа, паводле інфармацыі СК, праверка праведзена, склад злачынства ня знойдзены. Таму ў завядзеньні крымінальнай справы журналісту адмовілі.

    «Было б наіўна разьлічваць на нешта іншае. Асабліва пасьля таго, як сотням людзей зь цяжэйшымі траўмамі адмовілі ў крымінальных справах супраць сілавікоў», – сказаў Трафімовіч.

    Да канца верасьня Антон Трафімовіч працаваў як акрэдытаваны журналіст беларускай службы Радыё Свабода. Пасьля падаў новыя дакумэнты на пераакрэдытацыю, адказу з МЗС ужо больш як два месяцы няма.

    Пра перасьлед журналістаў Радыё Свабода ў Беларусі ўжо выказвалася кіраўніца РСЭ/РС Дэйзі Сындэлар.

    «Спачатку беларускія ўлады паставілі працу журналістаў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода па-за законам, пазбавіўшы іх акрэдытацыі. Калі адданыя сваёй справе журналісты знайшлі спосаб так ці інакш працаваць, улады абралі яшчэ больш жорсткую тактыку — перасьледы, пагрозы, арышты, — заявіла Дэйзі Сындэлар. — Гэта відавочнае пакараньне за іх працу, якая асьвятляе надзвычайныя пасьлявыбарныя падзеі ў Беларусі, і гэта непрымальна».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці