• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сілавікі прыйшлі ў «Новы Час». Пасля ператрусаў і допытаў рэдактараў вызвалілі

    Раніцай перасталі выходзіць на сувязь супрацоўнікі газеты "Новы Час". Пазней стала вядома, што дома ў журналістаў і ў рэдакцыі адбываюцца вобшукі.

    Пасля вобшукаў Сяргея Пульшу і Аксану Колб дапыталі. Цяпер яны на свабодзе.

    Ад раніцы няма сувязі з галоўным рэдактарам Аксанай Колб, журналістам, намеснікам рэдактара Сяргеем Пульшой. У Сяргея Пульшы быў вобшук дома, гэта паведамілі сведкі падзеі. Пасля гэтага сілавікі разам з Сяргеем паехалі ў рэдакцыю «Новага Часу».

    З Сяргеем Пульшой «скончылі следчыя дзеянні». Ён на свабодзе.

    Таксама была затрыманая галоўны рэдактар «Новага Часу» Аксана Колб. Сутнасць прэтэнзій да выдання невядомая, бо журналісты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні.

    Пасля ператрусу і допыту Аксану Колб таксама вызвалілі.

    Учора, 19 кастрычніка, быў вобшук дома ў фатографа выдання «Новы Час» Дзмітрыя Дзмітрыева. Забралі кампутар. 

    «Новы Час» — беларуская агульнапалітычная штотыднёвая газета. Заснавана Мінскай гарадской арганізацыяй Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, спадкаемца газеты «Згода». Выдаецца з сакавіка 2002.

    ***
    У лістападзе 2020 года падчас асвятлення пратэстаў у Беларусі былі затрыманыя фотакарэспандэнты газеты. Адну з іх — Яну Трусіла — затрымлівалася два разы і агулам яна была пакараная 28 суткамі адміністрацыйнага арышту. Фатографа выдання Дзмітрыя Дзмітрыева таксама неаднаразова затрымлівалі. 9 жніўня 2020 га яго затрымалі падчас працы на выбарчым участку з прымяненнем гвалту. Затым яго некалькі разоў затрымлівалі ў кастрычніку, а ў лістападзе пасля чарговага затрымання прысудзілі 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

    5 жніўня 2021 года рана раніцай у дом Дзмітрыя прыйшла міліцыя. Фатографа забралі на допыт, у той жа дзень адбыўся суд. Дзмітрыева прысудзілі да 15 сутак адміністрацыйнага арышту за «супраціў супрацоўнікам міліцыі».

    12 сакавіка 2021 года арыштавалі журналіста выдання Дзяніса Івашына. Дзяніс Івашын — аўтар цыклу артыкулаў-расследаванняў «Каго ці што абараняе «Беркут» у Беларусі».

    Івашына абвінавачваюць па артыкуле 365 Крымінальнага кодэкса (ўмяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў). Журналіст прызнаны палітычным зняволеным.

    14 студзеня 2021 года стала вядома, што «Белсаюздрук» разрывае дамову з рэдакцыяй аб распаўсюдзе яе выдання ў сваіх кіёсках з 1 лютага. З гэтага моманту газета распаўсюджвалася толькі па падпісцы. 7 чэрвеня «Белпошта» праінфармавала рэдакцыю, што газета выключаная з падпіснога каталога на другое паўгоддзе. Рэдакцыя самастойна рассылала газету падпісчыкам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці