Кіраўнік польскага МЗС патлумачыў, чаму сярод вызваленых па абмену няма Пачобута
Міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў пятніцу адказаў на пытанне, чаму падчас маштабнага абмену зняволенымі паміж Захадам і Расіяй не вызвалілі беларускага палітзняволенага журналіста Анджэя Пачобута.
«Я хацеў бы запэўніць вас, што працэдуры вызвалення іншых палітвязняў, беларускіх палітвязняў, у тым ліку Анджэя Пачобута, ідуць іншым шляхам, — цытуе словы Сікорскага tvn24.pl. — Гэта ў маіх думках кожны дзень».
Як вядома, падчас абмену ў Расію вярнуўся арыштаваны ў Польшчы ў 2022 годзе расійскі разведчык Павел Рубцоў. Варшаву аб гэтым прасіў Вашынгтон.
Анджэй Пачобут — адзін з лідараў незалежнага Саюза палякаў. Яго затрымалі 25 сакавіка 2021 года. За публікацыю пра падзеі верасня 1939-га журналіста абвінавацілі ў «распальванні варожасці па нацыянальнай прыкмеце» — так улады ацанілі тое, што ён назваў агрэсіяй напад СССР на Польшчу. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасці ў Беларусі, артыкул пра задушэнне беларускіх пратэстаў у 2020‑м і тэкст 2006 года пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падполля на Гродзеншчыне.
Пачобут быў асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у «закліках да санкцый» і ў «распальванні сацыяльнай варожасці». КДБ РБ дадаў яго ў Спіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці. Палітвязню прапаноўвалі напісаць прашэнне аб памілаванні, але ён адмовіўся.
Пра тое, што Польшча і Беларусь вядуць перамовы пра вызваленне Анджэя Пачобута, было вядома раней.