• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Шустэр і шэраг палітыкаў ствараюць Камітэт выратаваньня свабоды слова ва Ўкраіне

    Тэлевядучы Савік Шустэр і шэраг украінскіх палітыкаў і грамадзкіх актывістаў абвясьцілі пра стварэньне Камітэту выратаваньня свабоды слова ва Ўкраіне ад «сыстэматычнага прыгнёту журналістаў і незалежных мэдыяў».

    Камітэт выратаваньня свабоды слова патрабуе ад прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, прэм’ер-міністра Ўладзіміра Гройсмана і сьпікера Вярхоўнай Рады Андрэй Парубія спыніць ціск на тэлеканал «3s.tv» і дазволіць Шустеру працаваць ва Ўкраіне.

    Акрамя Шустэра, ініцыятарамі стварэньня Камітэту выступілі старшыня Адэскай абласной адміністрацыі Міхаіл Саакашвілі, шэраг парлямэнтарыяў антыкарупцыйнай дэпутацкай групы, у прыватнасьці Віктар Чумак, былыя журналісты Святлана Заліщук, Сяргей Лешчанка. У Камітэт таксама ўвайшлі экс-кіраўнік праекту Insid­er Сяргей Шчарбіна, старшыня грамадзкай арганізацыі «Антыкарупцыйны рух», былы кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка, дысыдэнт Сцяпан Хмара.

    «Мы павінны адрозьнівацца ад суперніка, — гэта свабода слова. Кіеў павінен быць сталіцай волі на ўсёй постсавецкай прасторы. Сыстэма, якая прыносіць вось такія сюрпрызы, павінна быць разбураная», — сказаў Саакашвілі.

    Тэлевядучы шоў «Шустэр Live» Савік Шустэр заявіў увечары 26 красавіка, што пачынае галадоўку на знак пратэсту супраць таго, што яго пазбавілі дазволу на працу ва Ўкраіне. Раней у той жа дзень стала вядома, што журналісту, які мае канадзкае грамадзянства, анулявалі дазвол на працу ва Ўкраіне.

    Пасьля ў Дзяржаўнай службе занятасьці Ўкраіны патлумачылі, што дазвол на працу анулявалі праз адкрытую крымінальную вытворчасьць у дачыненьні да яго. У той жа час адвакатка Шустэра заявіла, што ён у гэтай справе зьяўляецца сьведкам.

    Занепакоенасьць з нагоды сытуацыі вакол Шустэра выказала прадстаўнік АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуня Міятавіч.

    Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выказаў надзею на хуткае ўрэгуляваньне сытуацыі, а прэм’ер-міністар Уладзімер Гройсман паведаміў, што даручыў апэратыўна ўрэгуляваць сытуацыю ў адпаведнасьці з дзеючым заканадаўствам.

    28 красавіка Дзяржаўная служба занятасьці прыпыніла рашэньне Кіеўскага цэнтра занятасьці аб ануляваньні Шустэру дазволу на працу Ва Ўкраіне.

    Таксама 28 красавіка стала вядома, што ток-шоу Савіка Шустэра «Шустэр life» будзе трансьляваць сталічны тэлеканал «Кіеў». Перад гэтым мэр Кіеву Віталь Клічко на сваёй старонцы ў Face­book прапанаваў Савіку Шустэру трансьляваць ягонае ток-шоў на камунальным тэлеканале «Кіеў».

    Зараз Шустэр вядзе палітычнае ток-шоў на тэлеканале 3S ТБ, ён зьяўляецца гендырэктарам прадакшн-кампаніі «Савік Шустэр Студыё». Праграма «Шустэр Live» ў розны час выходзіла ў эфір на Першым Нацыянальным, тэлеканале «Інтэр», тэлеканале «Украіна» і каналах «24», «1 + 1», «112».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці