• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што за ініцыятыва блакуе каналы Азаронка і сілавікоў ў сеціве і як ёй гэта ўдаецца

    «З нашага досведу, лягчэй за ўсё заблакаваць акаўнт у тыктоку», — дзеліцца каманда «Стоп Прапаганда». Адзін з яе ў дзельнікаў расказаў «Нашай Ніве», як з’явілася ініцыятыва, як пабудаваная іх праца і колькі неабходна скарг для выдалення паста ці канала прапаганды. 

    «Патраціўшы пяць хвілін на дзень, кожны беларус робіць маленькі крок да перамогі над дыктатурай»

    Тэлеграм-канал «Стоп Прапаганда» аналізуе парушэнні правілаў у сацсетках. Пасля яны раздаюць заданні падпісчыкам, якія скардзяцца на пасты і каналы прапагандыстаў.

    Апроч уласных крыніц для маніторынгу, у ініцыятывы ёсць форма, куды любы жадаючы можа даслаць спасылку на канал або асобны пост. 

    «Уся праца пабудаваная на падачы скарг, — расказвае адзін з удзельнікаў каманды. — Не варта думаць, што ў сацсетак ёсць усёвідушчае вока, якое адсочвае парушэнні ў пастах, каментарыях і выдаляе іх. Мы неаднаразова сутыкаліся з выпадкамі, калі які-небудзь бруд можа вісець месяцамі і яго ніхто не выдаляе, пакуль не паскардзішся.

    Таму — скардзіцеся і яшчэ раз скардзіцеся на пасты з хейтам, гвалтам, абразамі. Не варта траціць сілы на гнеўныя каментарыі ці павучанні пад такімі пастамі». 

    Масавасць скарг палягчае працу. 

    «Напрыклад, украінскія калегі, якія займаюцца блакіроўкамі, маюць каля 300 тысяч падпісчыкаў у канале», — тлумачыць беларуская ініцыятывы, якая мае ў тэлеграме каля 4 тысяч падпісчыкаў. 

    Калі некалькі дзясяткаў тысяч скардзяцца на адно і тое ж, сацсеткі хутчэй гэта заўважаюць.

    «Таксама мы звяртаемся да іншых спосабаў блакавання, пра якія, на жаль, не магу расказаць. Гэта сукупнасць як тэхнічных сродкаў, так і розуму і зацятасці нашых валанцёраў. Дарэчы, мы ўвесь час набіраем валанцёраў, пасля праверкі з радасцю прымаем у свае рады. Ёсць нават чат, у якім ёсць заданні для больш выдасканаленых і зацятых барацьбітоў з прапагандай.

    Патраціўшы пяць хвілін на дзень на наша заданне, кожны беларус робіць свой маленькі крок да перамогі над дыктатурай».

    Дакладных інструкцый наконт таго, колькі трэба скаргаў на той ці іншы пост, няма, бо алгарытмы сацсетак часта змяняюцца.

    «З нашага досведу, лягчэй за ўсё заблакаваць акаўнт у тыктоку. У іх шырокі спіс парушэнняў, добра адгукаюцца на скаргі. У нас атрымалася дамагчыся блакавання больш за 60 працэнтаў акаўнтаў у тыктоку, па якіх мы вядзём статыстыку.

    Гавораць, што ў YouTube трэба 10 тысяч скарг, каб паставілі канал на ручную мадэрацыю. Але, зноў жа, адна рэч канал на мільён падпісчыкаў і зусім іншая — на некалькі тысяч. Нядаўна мы дабіліся блакіроўкі ў ютубе канала «Я/МыОмон», у іх было каля 3,7 тысячы падпісчыкаў», — кажа прадстаўнік ініцыятывы. 

    Каналы выдаляюць радзей, чым пасты ў сацсетках. Але каманда спрабуе знаходзіць і іншыя каналы для паспяховай блакіроўкі. 

    Напрыклад, акаўнт «Желтые сливы» у твітары быў выдалены толькі пасля таго, як адзін з валанцёраў уступіў у перапіску са службай падтрымкі. Ён напісаў ліст з прыкладамі зневажальных і варожых выказванняў у гэтым акаўнце. 

    «Што тычыцца каналаў ГУБАЗ у тэлеграме, то там не толькі скаргі адыгралі ролю, — расказваюць. — Каналы пачалі выдаляць пасля таго, як мы прыняліся за бюракратычныя працэдуры: якаснае напісанне абгрунтаванняў аб парушэннях. Іх адпраўлялі ў плэй-маркеты або ў сацсеткі па ўнутраных каналах сувязі». 

    Колькі чалавек у камандзе і чаму прапагандысты закрываюць свае сацсеткі?

    У камандзе «Стоп Прапаганда» працуюць чатыры чалавекі. Нядаўна да іх далучыліся яшчэ некалькі валанцёраў. 

    «Мы лічым камандай усіх нашых падпісчыкаў, — дадае суразмоўца. — Ініцыятыва валанцёрская, але дзейнасць называем «працай», таму што гэта ўжо частка нашага паўсядзённага жыцця. 

    Пасля жніўня 2020 года я зразумеў, што калі б не было столькі прапаганды з боку рэжыму, то падсілкоўванне для сілавікоў адсутнічала б, прыхільнікаў лукашызму і іх упэўненасці ў правільнасці сваіх дзеянняў таксама было б менш.

    Чалавек схільны спажываць інфармацыю, і калі яму падсоўваюць лёгкі «фаст-фуд» з кожнага праса, то ён часцей за ўсё не спрабуе разабрацца далей, нават калі гэтая інфармацыя супярэчлівая. 

    Жыхары Беларусі і Расіі апрацоўваюцца прапагандай 24 на 7. Адсюль і нарадзілася ідэя, што трэба неяк з ёй змагацца. Трэба выціснуць прапаганду з поля зроку людзей яе замяшчэннем альтэрнатыўнымі крыніцамі, але на гэта патрэбны значны рэсурс і калектыў, мы вырашылі змагацца з ёй такім спосабам».

    У скаргаў можа быць адкладзены эфект. Напрыклад, YouTube пасля выдалення якога-небудзь відэа можа абмежаваць магчымасць загрузкі новых на канал, але не выдаляць яго. 

    «Некаторыя ўладальнікі акаўнтаў робяць яго прыватным пасля скаргаў ці нават проста падчас выхаду самога задання на нашым канале, часцей за ўсё, гэта ў тыктоку або інстаграме», — кажа прадстаўнік ініцыятывы. 

    Апошнім часам у каманды «Стоп Прапаганда» шмат перамог у тыктоку. Таксама ёсць зрухі ў тэлеграме.

    «Выдалілі каналы ГУБАЗіка і прапагандысцкай газеты «Мінская праўда», пасты Людмілы Гладкай, Алега Гайдукевіча. 

    Тут, хутчэй, у цэлым трэба глядзець на вынік дзейнасці. Нават калі ў нас няма дакладнай перамогі ў выглядзе выдалення каналаў і акаўнтаў прапагандыстаў, нашы рухі прыводзяць іх у стрэс. Яны вымушаныя закрываць доступ да сваіх рэсурсаў, каб мы не змаглі набраць тую неабходную колькасць скарг, якія дазволяць сацсетцы адрэагаваць і заблакаваць іх. 

    Нават невялікая колькасць скаргаў на іх акаўнты садзейнічае паніжэнню ў рэйтынгу пошукавай выдачы. І гэта таксама збольшага перамога — людзі менш бачаць прапаганду».

    Чытайце яшчэ: 

    “Героі маіх кніг замянілі мне бабуль і дзядуль, якіх я не заспеў”. Гістарычны лёс Руслана Кулевіча

    Сацыёлагі далі свежыя звесткі, каму беларусы давяраюць і ці гатовыя жыць без Расіі

    Журналістку Кацярыну Ерусалімскую абакралі ў Грэцыі, пакінуўшы без грошай, дакументаў і квітка на самалёт. Што было далей

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці