• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што вядома пра былога прэс-сакратара Купалаўскага тэатра, якога дапытвалі па справе аб здрадзе дзяржаве?

    Знаёмыя Мікалая Зайца расказалі пра яго больш. Ён выдаў зборнік беларускага рэпу ў 14 гадоў, адшукаў інфармацыю пра 10 пакаленняў сваіх сваякоў, піша "Наша Ніва".

    25-гадовы Мікалай Заяц мае дзве вышэйшыя адукацыі. Ён скончыў факультэт журналістыкі БДУ і Акадэмію кіравання, а таксама мае ступень MBA. Дадаткова навучаўся ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце і Вышэйшай школе эканомікі. Падчас навучання кіраваў дэбат-клубам на факультэце журналістыкі. Цікавіўся вывучэннем карпаратыўных выданняў, рыхтаваў манаграфію, а ў 2020 годзе стаў лаўрэатам расійскага студэнцкага конкурсу па даследаванні карпаратыўных медыя.

    У юнацтве Мікалай захапляўся беларускамоўнай рэп-музыкай. На пачатку 2010‑х адміністраваў першы беларускамоўны хіп-хоп-партал. З 2012 года кіраваў праектам «Лэйбл MZ pro­duc­tion», які займаўся прасоўваннем беларускай музыкі.

    А ў 14 гадоў выдаў CD-зборнік беларускамоўнай рэп-музыкі «Жалуды». У інтэрнэт-дадатку да выдання, сярод іншых, былі трэкі і вядомых рэп-музыкаў, Макса Коржа і гурта ЛСП, якія падрыхтавалі для зборніка свае кампазіцыі на беларускай мове. Асноўны дыск прадаваўся ў крамах.

    У 18 гадоў Мікалай стаў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся арганізацыяй канцэртаў у Мінску, падтрымліваў маладых беларускамоўных выканаўцаў. За актыўнасць у сферы культуры ў 2018 годзе ён стаў лаўрэатам стыпендыі імя Аркадзя Смоліча.

    Некалькі год таму хлопец рыхтаваўся да арганізацыі беларускамоўнага джаз-фестывалю, але каранавірус перашкодзіў планам.

    Мікалай супрацоўнічаў з дзяржаўнымі і незалежнымі СМІ: Tut.by, БелТА, Белтэлерадыёкампаніяй і іншымі. Пісаў на тэмы культуры і мастацтва, а таксама на грамадска-палітычныя. У 2019‑м быў акрэдытаваны ў якасці журналіста для працы ў Данецку, двума гадамі раней — у Прыднястроўі. У 2017 годзе запісаў размову з экс-прэзідэнтам Польшчы Лехам Валенса для Tut.by.

    Прэс-сакратаром Купалаўскага тэатра ён стаў улетку 2020-га. У жніўні быў адпраўлены ў прастой, а ў сакавіку 2021-га, не выходзячы з прастою, быў звольнены. Паралельна быў піяр-спецыялістам у Чырвоным Крыжы. 

    Хлопец прадстаўляў сацыяльна-экалагічны праект, які адправіў на перапрацоўку дзясяткі тон пластыкавых накрывак. На атрыманыя сродкі купляліся медычныя сродкі для дзяцей з цяжкімі захворванням. У 2021 годзе на перапрацоўку было накіравана больш за 50 тон пластыку і атрымана больш за 20 тысяч рублёў.

    На пачатку восені 2020 года на факультэце журналістыкі БДУ, які скончыў Мікалай, пачаўся палітычны пераслед студэнтаў і выкладчыкаў. Малады чалавек быў сярод тых, хто ініцыяваў перамовы з кіраўніцтвам факультэта. 

    У апошнія гады Мікалай захапіўся генеалогіяй і краязнаўствам. З блізкімі ён дзяліўся сваімі напрацоўкамі, вёў тэлеграм-канал. Там ён распавядаў, што знайшоў інфармацыю аб звыш чым 1200 сваяках, даведаўшыся інфармацыю аб 10 пакаленнях «углыб».

    Па словах Мікалая, усе яны — беларусы-сяляне, якія нарадзіліся і выраслі на беларускіх землях. Па словах Мікалая, яго продкі сябравалі са знакамітым палескім родам Скірмунтаў.

    Адзін з апошніх запісаў у Insta­gram у Мікалая — пра беларускую мову. Вось што ён пісаў у сувязі са святкаваннем Дня роднай мовы:

    «Калі я вучыўся ў звычайнай рускамоўнай школе ў Мінску, для мяне было прынцыповай справай весці дзённік і канспект па гісторыі Беларусі не як усе на рускай мове, а па-беларуску. Дзённік — твар вучня, а гісторыю Беларусі я зусім не ўяўляю на любой іншай мове — сінхронна перакладаў лекцыі. Аднойчы за такую дзёрзкасць мяне выклікалі да дырэктара.

    Калі я працаваў у сакратарыяце Беларускага Чырвонага Крыжа, калега «прад’яўляла» мне за тое, што я насіў вопратку з нацыянальнымі элементамі.

    Калі я праходзіў сумоўе на пазіцыю дырэктара па камунікацыях аднаго з буйных аўтадылераў у Беларусі, у мяне, чалавека з дзвюма вышэйшымі адукацыямі і MBA, спыталі: «Почему в ваших соцсетях так много белорусского языка?»

    На жаль, гэтых «калі…» было шмат.

    Я ведаю імёны кожнага са сваіх продкаў пачынаючы ад XVIII стагоддзя. Усе яны беларусы і карысталіся беларускай мовай як хатняй.

    Нешта не так сёння ў нашым грамадстве з роднай мовай…»

    Мікалая затрымалі 13 сакавіка. Спачатку яму далі 12 сутак адміністрацыйнага арышту, пасля накінулі яшчэ 14 (абодва разы судзілі за тое, што ён нібыта «размахваў рукамі ў РУУС»). Па словах сукамернікаў, паведамляла «Зеркало», хлопца дапытвалі па справе аб здрадзе дзяржаве. Невядома, ці выстаўленае Мікалаю абвінавачанне па ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), але калі так, яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення волі. 

    Чытайце яшчэ: 

    Трагедия маленьких шагов: как иностранные медиа помогли Лукашенко удержаться

    Кіберзброя. Як выявіць маніпуляцыі з візуальным кантэнтам?

    Отказ от принципа информационного суверенитета. Что эксперты увидели в белорусских госСМИ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці