Што такое “pitch” альбо як напісаць для “The Guardian”?
Адно са значэнняў слова pitch у перакладзе з англійскай – рэкламны заклік. У сучаснай медыявытворчасці pitch – гэта паведамленне рэдактару ад журналіста з прапановай-заклікам узяць яго гісторыю для друку. Рэдактары сусветных медыя, які збіраюць інфармацыю па ўсім свеце, чытаюць гэтыя паведамленні.
Як напісаць добры pitch? На самой справе проста. І вось гісторыя з Беларусі – на галоўнай «The Guardian», выдання з 6 млн падпісчыкаў!
Рэдактар «The Guardian» па працы з сацыяльнымі сеткамі Мэйв Шэрлаў на сустрэчы ў Мінску расказала, як працуе яе СМІ і як журналісцкія гісторыі трапляюць на анлайн-старонкі выдання. Сустрэча з Мэйв Шэрлаў адбылася ў межах “Прэс-клуба Беларусь” у пятніцу, 29 студзеня.
Такім чынам для напісання паспяховага pitch, паводле Мэйв Шэрлаў, трэба:
- мець “ачышчаную” ідэю;
- дакладныя “5W” адказы (адказ на пытанні: хто? што? чаму? калі? дзе? і як?);
- абраць сваё мэтавае выданне (напрыклад, «The Guardian»);
- азнаёміцца з яго стылем;
- ідэнтыфікаваць выпускаючага рэдактара/аў. Мэйв Шэрлаў паведаміла, што яна і яе калегі пазначаюць свой статус рэдактара (і адрас электроннай пошты) ва ўсіх сацыяльных сетках, якімі карыстаюцца;
- памятаць, што рэдактары вельмі занятыя.
Pitch-паведамленне павінна быць кароткім, а таксама:
- уключаць пералік інтэрв’ю (аўтараў цытат) і крыніц,
- адказваць на пытанне: “Чаму гісторыя цікавая і важная?”,
— павінна быць добра, без памылак напісанае на англійскай мове,
— утрымліваць спасылкі на папярэднія працы журналіста (аўтара pitch’а),
— не ўтрымліваць дадаткаў і файлаў,
— пасаваць па часе.
У прыватнасці, Мэйв Шэрлаў раіла дасылаць pitch-паведамленні ў працоўныя гадзіны ў Вялікабрытаніі. “У дзень мы атрымлівам каля 600 паведамленняў. Ніхто не будзе раскрываць атачменты і захоўваць файлы, каб іх прачытаць. Таму ўсю інфармацыю варта кампанаваць у целе ліста. А паведамленне, дасланае ноччу ці ў выходныя, хутчэй за ўсё, проста згубіцца”, – падкрэсліла спн. Шэрлоў.
Мэйв Шэрлаў – выпускаючая рэдактарка і рэдактарка па працы з сацыяльнымі медыя ў аддзеле па міжнародных сувязях газеты “The Guardian”. Адна з яе задач – шукаць навіны з тых рэгіёнаў у свеце, адкуль прыходзіць вельмі мала інфармацыі. Гэта Афрыка, Іран, Паўночная Карэя і постсавецкія краіны, у тым ліку і Беларусь. Такую міжнародную сетку пошуку інфармацыі “The Guardian” запусціла некалькі год таму. “Раней артыкулы пра Беларусь з’яўляліся 2–3 разы за тры месяцы. Але зараз, дзякуючы гэтай сістэме працы і нашым партнёрам, гісторыі з Беларусі з’яўляюцца часцей”, – кажа М. Шэрлаў.
“The Guardian” мае толькі аднаго карэспандэнта у Маскве, аднаго – у Афрыцы. “Паколькі ў нас няма журналістаў у кожнай краіне, мы супрацоўнічаем з кампаніямі і журналістамі, каб перадрукоўваць іх навіны”, – кажа Мэйв Шэрлаў. Фармат паведамленняў “з месцаў” можа быць розны. “Як правіла, мы публікуем навіны, аналітычныя артыкулы, фотасправаздачы і часам відэа”, – кажа М. Шэрлаў.
Якія гісторыі з Беларусі размясціла “The Guardian” апошнім часам? Па-першае, гэта Нобелеўская прэмія па літаратуры Святланы Алексіевіч. “У адзін дзень пра Беларусь пачалі гаварыць, – кажа Мэйв Шэрлаў пра навіну. – Таксама выбары, мірныя перамовы паміж Расіяй і Украінай у Мінску, – гэтыя падзеі “выцягваюць” Беларусь на міжнародную навінавую хвалю. Мы вельмі шмат пісалі пра Беларускі “Свабодны тэатр”, які зараз даволі вядомы ў Вялікабрытаніі. Як правіла, у гэтых артыкулах пра Беларусь фігуруе вызначэнне “апошняя дыктатура ў Еўропе”, – кажа рэдактар.
Facebook, Twitter, Instagram: што служаць рэдакцыі лепш?
Журналісцкая дзейнасць змяняецца вельмі хутка. Зараз 50–60% трафіку “The Guardian” мае з мабільных дадаткаў. Змяніўся спосаб таго, як выданне прадукуе інфармацыю. На сустрэчы ў Мінску Мэйв Шэрлаў распавяла, як яна ў сваёй рэдактарскай працы выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі.
Праз Facebook на старонку “The Guardian” прыходзіць 20–30% ад агульнай колькасці чытачоў. “Калі Facebook увёў абмежаванне колькасці карыстальнікаў, якім можа быць паказаны матэрыял, мы былі вымушаныя размяшчаць больш пастоў. Зараз мы размяшчаем навіну кожныя 30 хвілін. Мы залежым ад Facebook, бо ў іх свая палітыка: у Facebook адбываецца тое, што хоча Facebook. Мы не можам на яго паўплываць. Адзінае, што мы можам, – сачыць за дадзенымі і назіраць, колькі чалавек прыходзіць да нас праз гэтую сацыяльную сетку”, – кажа Мэйв Шэрлаў.
Twitter – вельмі важны медыяінструмент, але, паводле М. Шэрлаў, прысутнасць у Twitter амаль не ўплывае на трафік. “Twitter важны ў экстраных сітуацыях. З яго дапамогай мы праводзім сесіі ў фармаце пытанні-адказы. Многія нашыя журналісты любяць гэтую сетку і нават з’яўляюцца яе фанатамі”, – кажа М. Шэрлаў.
Праз Instagram на сайт “The Guardian” прыходзіць яшчэ менш людзей, чым з Twitter. “Але я ведаю, што Instagram вельмі папулярны тут, у Беларусі, – кажа рэдактар. – Мы думаем пра тое, якія фота можам публікаваць і як дзяліцца імі. Ёсць шмат людзей, якія любяць візуальную інфармацыю”.
Малавядомая ў Беларусі сацыяльная сетка Reddit прыносіць выданню вельмі шмат трафіку. “Але многія наведвальнікі з Reddit застаюцца на сайце 1–2 секунды. Гэта трафік ці не? Пакуль не зразумела”, – разважае Мэйв Шэрлаў. На яе думку, важнымі з’яўляюцца рэгіянальныя асаблівасці выкарыстання сацыяльных сервісаў. Напрыклад, WhatsApp вельмі папулярны ў Індыі, а Telegram – у Іране. Рэдакцыя выкарыстоўвае гэта, каб знайсці крыніцы інфармацыі і дасягнуць аўдыторыі ў гэтых краінах.
Хто вораг сучаснага медыя ў інтэрнэце? Троль
Журналістам Мэйв Шэрлаў параіла думаць, дзе канкрэтна будзе размешчаны іх тэкст і якія асаблівасці паказу матэрыялаў маюць тыя ці іншыя пляцоўкі. “Ці гэта хатняя старонка “The Guardian”, ці старонка ў Facebook, ці гісторыя будзе ў форме твітаў – важна памятаць, што загаловак павінен дапамагаць прадаваць артыкул, адлюстроўваць змест і добра глядзецца ў сацыяльных сетках”, – кажа рэдактар. Спн. Шэрлаў адзначыла, што “The Guardian” мае спецыяльную каманду з 5 чалавек, якія праглядаюць усе спасылкі перад іх публікацыяй у адкрытым доступе. “Іх мэта – сачыць за тым, каб усе правілы былі выкананыя”, – кажа М. Шэрлоў.
Асобна спн. Шэрлаў адказала на пытанне пра мадэрацыю каментароў. У рэдакцыі “The Guardian” ёсць спецыяльная каманда, адказная за гэты накірунак. Рэдактары вельмі шчыльна супрацоўнічаюць з мадэратарамі. “Мы ведаем, што ёсць каманды троляў, якія адмыслова працуюць на раздзьмуванне балючых тэм. Тэмы – гэта матэрыялы, якія тычацца Беларусі, Украіны і Расіі, а таксама ўцекачоў, крызісу ў ЕС, ІДІЛ, – кажа Мэйв Шэрлоў. – Часам мы бачым, што тэкст прачытала 200 чалавек, і там ужо 200 каментароў. Таму мы прынялі рашэнне адкрываць для каментароў толькі адзін матэрыял у дзень на гэтыя тэмы. Інакш дыскусія не прыносіць карысці”.
Зараз галоўная старонка “The Guardian” мае 6 млн падпісчыкаў. Іншыя 40 старонак выдання, прысвечаныя культуры, спорту, музыцы, грамадству, таксама з’яўляюцца вельмі папулярнымі ў інтэрнэт-прасторы. “Мы расцем прыкладна на 1 млн падпісчыкаў кожныя 4–5 месяцаў. Колькі з іх глядзяць вэб-сайт? Вось асноўнае пытанне. Самае важнае для нас – гэта трафік”, – кажа Мэйв Шэрлаў.
Сустрэча з Мэйв Шэрлаў адбылася на новай пляцоўцы “Прэс-клуба Беларусь”, у будынку на вул. Харужай, 3 у Мінску. Па словах Юліі Слуцкай, якая адкрыла паседжанне, “Прэс-клуб” збіраецца выкарыстоўваць гэтае памяшканне “па максімуму”. “Тут будуць адбывацца прэс-канферэнцыі, круглыя сталы, дыскусіі. Таксама будзе бібліятэка для журналістаў, запрацуе невялікае памяшканне для адукацыйных праектаў на 15–20 чалавек”, – сказала Юлія Слуцкая.
Сустрэчу з Мэйв Шэрлоў у Мінску наведалі каля 100 чалавек.