Што такое «Белсат» і колькі беларусаў яго глядзіць? Белсатаўцы апублікавалі статыстыку
Усё, што трэба ведаць пра першы незалежны тэлеканал у Беларусі.
Хто і як фінансуе «Белсат»?
Спосаб рэалізацыі місіі «Белсату» і абʼём фінансавання штогод зацвярджаецца міністрам замежных справаў з улікам рэкамендацыяў Дарадчай праграмнай рады, ў якую ўваходзяць прадстаўнікі МЗС Польшчы і TVP (польскае дзяржаўнае тэлебачанне).
Фінансавую ды інфраструктурную (студыі) дапамогу тэлеканалу аказвае TVP. Частка бюджэту нашага тэлеканалу – замежныя гранты.
Колькі каштуе «Белсат» і «Russia Today»?
Гадавы бюджэт «Белсату» складае каля 26 млн злотых (11 700 000 дэнамінаваных беларускіх рублёў) з іх 17 млн – сродкі, якія выдзяляе МЗС (каля Br 7 650 000). Гадавы бюджэт прапагандысцкага тэлеканалу «Russia Today» каля € 307 мнл. Гадавы кошт «Белсату» – 5 дзён працы «Russia Today»!
«Белсат» у космасе і ў інтэрнэце
Тэлеканал вяшчае праз спадарожнік Astra 4A 19,5 гадзінаў штодня. Геаграфічны ахоп – уся Еўропа.
Акрамя таго, наш наўпроставы эфір можна глядзець праз «YouTube». Усе праграмы, якія выходзяць у эфір даступныя на belsat.eu. Дарэчы, неўзабаве мы плануем запусціць 2 расейскамоўныя перадачы. Адна будзе прысвечаная міжнародным навінам, а другая – забаўляльная. Нашая інтэрнэт-старонка працуе на чатырох мовах: беларускай, польскай, расейскай і ангельскай.
Місія «Белсату»
Галоўная мэта тэлеканалу – паказваць рэальную і праўдзівую беларускую рэчаіснасць. Але наша хата не з краю і таму мы звяртаем асаблівую ўвагу на падзеі ў суседніх з Беларуссю краінах і на тое, што адбываецца ў свеце.
Хто робіць «Белсат»?
На «Белсаце» па абодва бакі мяжы працуе каля 170 асобаў. За 9 гадоў больш за 300 журналістаў прайшлі стажыроўку на нашым тэлеканале. Некаторыя далучыліся да нашай каманды. У 2016 годзе за выкананне сваёй працы журналісты «Белсату» атрымалі штрафы на суму 17 500 дэнамінаваных беларускіх рублёў.
Колькі людзей нас глядзіць?
Паводле даследавання групы кампаніяў SATIO «Белсат» глядзіць 4,7 % беларусаў. 2,7 % глядзяць рэгулярна (часцей за адзін раз у тыдзень).
Паводле сацыялагічнага цэнтру «ЗЕРКАЛО-ИНФО» 22 % дарослых беларусаў маюць доступ да спадарожнікавага тэлебачання. Палова ўладальнікаў спадарожнікавых талерак дэкларуюць, што глядзяць «Белсат».
Варта адзначыць, што даследаванні аўдыторыі «Белсату» мелі характар анкетавання. Дакладных тэлеметрычных звестак у нас няма.
Для агульнай арыентацыі прапануем азнаёміцца з вынікамі тэлеметрычных даследаванняў аўдыторыі польскіх дзяржаўных тэлеканалаў, якія можна знайсці ў кабельных сетках, або глядзець як наземнае тэлебачанне (TVPINFO).
- TVPINFO – 3,1 % (ад усёй патэнцыйнай аўдыторыі)
- TVN24 – 3,5 %
- TVP Polonia – 0,18 %
- TVP3 – 0,93 %
Крыніца: тэлеметрычнае даследаванне кампаніі «Nielsen Polska»
«YouTube» і сацсеткі
Наш youtube-канал мае 19,6 млн праглядаў. У нас ёсць польскі, беларускі і ангельскі плэйліст. На «Facebook’у» у нас 23 000 падпісчыкаў і іх колькасць стала расце. У мінулым месяцы 1 546 425 чалавек бачылі нашыя пасты на «Facebook’у». За лістапад мы сабралі 247 000 лайкаў. 284 000 разоў нашымі навінамі ды артыкуламі падзяліліся. Паказнік па відэа ў «Facebook’у» за мінулы месяц каля 300 000 праглядаў.
Акрамя таго мы маем расейскую ды польскую версію «Facebook’у».
Асаблівай папулярнасцю наш кантэнт карыстаецца ў сацсетцы «Однокласники», дзе некаторыя нашыя відэасюжэты сабралі па 700–800 тыс праглядаў.
Наш беларускамоўны профіль на «Twitter’ы» (17 000 падпісчыкаў) за апошні месяц сабраў 367 000 клікаў. Ангельскі профіль на «Twitter’ы» мае 3 900 падпісчыкаў. Польскі – 3000. У «Instagram’e» нас лайкае 2700 асобаў. У vk.com – 8300.
Дакументалістыка і ўзнагароды
Нашыя дакументальныя фільмы паказвае польскае дзяржаўнае тэлебачанне. Дакументалістыка «Белсату» заваявала 45 узнагародаў.
Увесь спіс узнагародаў па спасылцы.
«Белсат» у кабельных сетках
«Белсат» можна глядзець амаль ва ўсіх кабельных сетках Польшчы і Украіны.