Што рабіць, калі ў Беларусі стануць блакаваць VPN — і ці трэба хвалявацца ўжо зараз
Беларускія ўлады даўно змагаюцца са сродкамі супраць цэнзуры. У Расеі з 1 сакавіка набудзе моц забарона «папулярызацыі VPN», а разам з тым Беларусь і Расея хочуць аб’яднаць «спісы экстрэмістаў». Не выключана, што ў Беларусі захочуць блакаваць VPN – «Белсат» расказвае, што рабіць у такім выпадку.
Чаму мы пра гэта пішам
Беларускія ўлады зноў збіраюцца змагацца з VPN: у планах на 2024–25 гады – фільтраванне трафіку з мэтай супрацьдзеяння ананімайзерам, VPN і проксі-серверам, якія выкарыстоўваюць «у супрацьпраўных мэтах». Выканаўцамі гэтай задачы прызначаныя міністэрствы сувязі і ўнутраных справаў, Камітэт дзяржаўнай бяспекі, Аператыўна-аналітычны цэнтр і іншыя зацікаўленыя органы і арганізацыі.
Акрамя таго, у Расеі 1 сакавіка набудзе моц забарона «папулярызацыі сродкаў абыходу блакаванняў» – самі гэтыя сродкі, як VPN, там забароненыя з лютага 2020 года.
А Беларусь і Расея збіраюцца зараз аб’яднаць спісы «экстрэмістаў» і «экстрэмісцкіх рэсурсаў». Хутчэй за ўсё, гэта тычыцца канкрэтных людзей, супраць якіх будуць чыніць рэпрэсіі, і канкрэтных сайтаў, якія будуць блакаваць. Але Беларусь і Расея могуць аб’яднаць і высілкі ў блакаванні сродкаў супраць цэнзуры.
Дык ужо ж блакавалі
Пакуль у Беларусі ні разу не блакавалі ўсе сродкі абыходу блакаванняў, хоць спрабавалі.
Яшчэ з 2015 года Дзяржаўная інспекцыя па электрасувязі абавязаная знаходзіць і ўносіць у «чорны спіс» сродкі абыходу блакаванняў – у адпаведнай пастанове Аператыўна-аналітычнага цэнтру згадваліся проксі-серверы і нават «Tor».
Правайдары абавязаныя блакаваць усё з «чорнага спісу», але як у 2015‑м, так і на момант публікацыі многія сродкі абыходу цэнзуры ў Беларусі дасяжныя. А калі ў 2016‑м улады спрабавалі блакаваць той жа «Tor», дык толькі павялічылі колькасць ягоных карыстальнікаў.
У першыя дні пасля выбараў-2020 у Беларусі блакавалі амаль усе замежныя медыі і сацсеткі, а таксама калі не заблакавалі, дык істотна запаволілі працу шэрагу папулярных VPN. Праўда, і тады знаходзіліся дзейныя сродкі абыходу цэнзуры.
Акрамя таго, з 2016 года ў Беларусі забаронена ўжываць нешта апісанае як «праграмныя і тэхнічныя сродкі, якія ў сукупнасці выкарыстоўваюцца для пераўтварэння пратакола абмену данымі, па якім перадаюцца галасавыя і іншыя паведамленні электрасувязі ад абанента, які выклікае, і перадачы гэтых паведамленняў выкліканаму абаненту з выкарыстаннем абаненцкіх нумароў, якія не належаць абаненту, які робіць выклік». Пад гэтае апісанне падпадаюць тэлефанаванні праз інтэрнэт на мабільныя і стацыянарныя тэлефоны, але сэрвісы кшталту «Skype» і «Viber» усё яшчэ прапануюць такую паслугу.
Што рабіць, калі ўсё ж заблакуюць VPN
Падставаў лічыць, што блакаваць VPN пачнуць ужо ў бліжэйшыя дні, няма. Але ўлады паставілі сабе такую задачу на 2024–25 гады – што рабіць, калі раптам у іх атрымаецца?
Сціслы адказ – шукаць іншыя сродкі, якія не заблакавалі. Зусім усё заблакаваць наўрад ці змогуць – нават у Кітаі не змаглі, хоць «вялікі кітайскі фаервол» будуюць больш як чвэрць стагоддзя.
VPN – не адзіны цэльны сэрвіс, а доўгі шэраг сэрвісаў ад розных кампаніяў. Калі заблакуюць папулярныя кшталту «ProtonVPN», «NordVPN» і «ExpressVPN» або ўбудаваны VPN у браўзеры «Opera», могуць знайсціся менш папулярныя, якія не заблакуюць. Ды і заблакаваныя VPN могуць праз нейкі час аднавіць працу ў Беларусі, бо самі знойдуць шляхі абыходу блакаванняў.
Як усталяваць VPN, «Белсат» расказваў тут на прыкладзе бясплатнага «ProtonVPN».
Таксама ёсць сэрвісы, якія працуюць падобна да VPN.
У 2020 годзе сябе добра зарэкамендаваў «Psiphon», які выкарыстоўвае як VPN, так і іншыя тэхналогіі. У час татальнага блакавання «Psiphon» працаваў павольна, але ўсё ж даваў доступ да навінаў.
Ёсць і спецыяльныя сайты – ўэб-проксі (web proxy), праз якія можна зайсці на іншыя сайты. Ды яны менш зручныя за VPN: цяжка знайсці надзейны, хуткі і бясплатны ўэб-проксі, які яшчэ і не завальвае карыстальніка рэкламаю. Да таго ж, карыстанне такім сайтам не абароніць іншыя праграмы па-за браўзерам, як тыя ж мэсэнджары.
«Tor» – праграма і сетка званай цыбулевай маршрутызацыі: як у цыбулі, там пад адным другі пласт, пад другім трэці пласт ананімізацыі, і гэтак далей. Трафік ідзе такімі хітрымі шляхамі, што адсачыць яго практычна немагчыма. «Tor» даўно спрабуюць заблакаваць, але выходзіць толькі ўскладніць доступ, зрабіць наладку праграмы цяжэйшай, а злучэнне – нестабільным. Як і ўэб-проксі, «Tor» не абароніць іншыя праграмы. Да таго ж, правайдар (і сілавікі) могуць даведацца, што карыстальнік ужывае «Tor», таму карыстацца ім праз VPN.
Калі няма пэўнасці, чым карыстацца, можна паглядзець, што раяць эксперты: напрыклад, пачытаць у Telegram каналы «Кіберпартызанаў» або ініцыятывы «CyberBeaver» (і лепш адразу мець «Партызанскі тэлеграм»). У 2020‑м доступ наўпрост да Telegram перакрылі, але для мэсэнджару стварылі сотні «абыходных шляхоў» – проксі-сервераў, іх спіс публікавалі і публікуюць дасюль на спецыяльным Telegram-канале @ProxyMTProto. Навіна пра гэтыя проксі ў 2020‑м за некалькі дзён разышлася па «сарафанным радыё».
Тэарэтычна, можа так стацца, што ў Беларусі не проста нешта заблакуюць, а адключаць зусім увесь інтэрнэт. Але і тады будуць сродкі бяспечнай сувязі, як то «П‑СМС» ад «Кіберпартызанаў (новыя версіі публікуюць на канале «Партызанскага тэлеграму», апошняя на момант публікацыі – тут). Праўда, трэба загадзя дамовіцца з тымі, каму трэба пісаць шыфраваныя SMS, каб і яны ўсталявалі гэтую праграму.
А калі адключаць і тэлефонную сувязь, можна карыстацца праграмамі кшталту «Bridgefy», якія дазваляюць абменьвацца паведамленнямі праз пратакол Bluetooth. Ды каб гэтая праграма запрацавала, трэба, каб хтосьці ёй карыстаўся ў радыусе не больш за 100 метраў. Наўрад ці адразу пасля адключэння сувязі ў такіх праграмаў будзе шмат карыстальнікаў, але з часам «сарафаннае радыё» можа разнесці звесткі пра спосаб «сувязі без сувязі».
Чытайце яшчэ:
Почему белорусам стоит использовать VPN и как его правильно выбрать
Штучны інтэлект пакуль не заменіць журналістаў, затое можа ім дапамагчы. Даем лайфхакі
Личные аккаунты нужно держать закрытыми? Изучили советы по безопасности в соцсетях