• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што паслухаць пра беларускую літаратуру? Топ‑8 падкастаў

    У сённяшніх умовах, калі беларусы раскіданыя па свеце, а літаратурныя імпрэзы ў Беларусі абмежаваныя, падкасты — зручны спосаб трымаць руку на пульсе сучаснага літаратурнага працэсу. Вядоўцы чытаюць і абмяркоўваюць класіку і навінкі, ацэньваюць прачытаныя кнігі, размаўляюць з аўтарамі, дзеляцца новымі фактамі. Budz­ma cабрала для вас падкасты пра беларускую літаратуру: ад утульных размоў пад піва да літаратурных аналізаў і гісторый саміх аўтараў.

    Фота: cot­ton­bro stu­dio для pexels.com

    «Белліт»

    Вядоўца і аўтарка — філалагіня, перакладчыца, супрацоўніца кнігарняў «Кніжная Шафа» і «Кнігаўка» Наста Карнацкая. У падкасце яна чытае кнігі і дзеліцца сваімі ўражаннямі пра прачытанае: навінкі і класіку, беларускаую і сусветную літаратуру, цікавыя літаратурныя факты.

    У падкасце ёсць дадаткова некалькі цыклаў. Напрыклад, «Асобы» — пра выбітных літаратараў, «Яны сярод нас» — размовы з нашымі сучаснікамі, жыццё якіх звязана з кнігамі, і «Літнавіны» — пра апошнія навіны літаратуры ў свеце і ў Беларусі.

    У апошнім выпуску «Літнавінаў» Наста распавяла пра папаўненне ў спісе экстрэмісцкай літаратуры, вынікі літаратурных прэмій, творчыя планы Джаан Роўлінг і Ангелы Меркель, а таксама пра навінкі беларускага кнігавыдання. Таксама ў выпуску Лявон Вольскі расказаў пра працу над ілюстрацыямі да рамана Альгерда Бахарэвіча.

    З падкастам «Белліт» таксама звязаныя падкаст «Кніжная шафа» і кніжны клуб «Анягож», у якім вядоўцы абмяркоўваюць прачытаныя кнігі.

    Паслухаць падкаст можна на Spo­ti­fyGoogle Pod­castsApple Pod­castsYouTubeSound­Cloud.

    «Кніжная шафа»

    Падкаст аднайменнай невялічкай кнігарні ў Мінску, які вядуць яе супрацоўніцы.

    падкасты пра літаратуру

    У падкасце яны распавядаюць пра мілыя, дзіўныя, незвычайныя, смешныя і сумныя гісторыі, якія здараюцца з імі і наведвальнікамі кнігарні. Таксама Насты дзеляцца топамі продажаў «Кніжнай шафы» і распавядаюць пра кнігі, якія зараз чытаюць.

    У падкаста ўжо 25 выпускаў, апошні з якіх выйшаў у сакавіку. У ім дзяўчаты адказалі на пытанні слухачоў і падзяліліся сваімі топамі кніг у розных жанрах.

    Паслухаць можна на спасцылцы.

    «Белліт пад піва»

    Цікавы па фармаце падкаст, у якім Наста Хлеб, Соф’я і Тоня, абмяркоўваюць нетыповыя творы беларускай літаратуры, жартуюць і п’юць піва.

    падкасты пра літаратуру

    Сюжэты твораў вядучыя абмяркоўваюць досыць падрабязна, могуць быць спойлеры. Абмеркаванні жывыя і нязмушаныя, бы слухачы таксама знаходзяцца ў гэтай кампаніі. Акром піва падкаст вылучаецца тым, што ў ім можна пачуць і лаянку, і словы-паразіты, і абмеркаванні «дарослых» тэм.

    У апошнім выпуску дзяўчаты абмяркоўвалі твор Касі Чэкатоўскай «Далікатна» — споведзь дзяўчыны пра валантэрства ў інтэрнатах для хворых. Папярэдні быў прысвечаны твору Змітра Багаслоўскага «Ціхі шэпт сыходзячых крокаў» і ўключыў у сябе невялічкі лікбез па сучасным драматургічным свеце.

    Паслухаць можна па спасылцы.

    «Спіс на лета»

    Новы літаратурны падкаст праекта wir.by, у якім кандыдатка філалагічных навук Марына Казлоўская і паэтка Дар’я Бялькевіч размаўляюць пра класічныя школьныя творы беларускай літаратуры.

    падкасты пра літаратуру

    Ці трэба перачытваць класіку ў дарослым узросце? І як гэта рабіць? Наколькі адрозніваецца ўспрыняцце твораў у залежнасці ад узросту? Менавіта на гэтыя пытанні спрабуюць адказаць аўтаркі падкасту.

    У першым выпуску вядоўцы абмеркавалі праграмныя п’есы Янкі Купалы і паразважалі, як трэба пісаць вусцішныя камедыі і смяяцца падчас катастроф. У наступных выпусках падкаста гаворка пойдзе пра Францішка Багушэвіча, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа і іншых класікаў беларускай літаратуры.

    Паслухаць можна на Spo­ti­fyYouTubeYan­dex MusicApple Pod­casts.

    «Кніжны Хома»

    Падкаст, які вядзецца ад асобы беларускамоўнага хамяка Хомы.

    падкасты пра літаратуру

    Хома вядзе блог пра беларускую літаратуру ў Insta­gram, Tik Tok і Face­book, чытае кнігі сваіх «скураных» гаспадароў і распавядае пра гэта ў падкасце.

    Ужо выйшла тры выпускі падкаста: прысвечаны раману Максіма Гарэцкага «Віленскія камунары», ««Энеіда Навыварат», або Чаму Новая Беларуская Літаратура Пачалася са Сцёбу» і апошні прысвечаны Вінцэсю Мудрову і яго зборніку «Восень у Вільні».

    Паслухаць можна па спасылцы.

    «Каля літаратуры»

    Падкаст вядзе пісьменніца, перакладчыца і рэдактарка Марыя Лапо.

    падкасты пра літаратуру

    Вокладка выпуска падкаста з Лізаветай Лянкевіч

    Госці — людзі, звязаныя з літаратурай, але не наўпрост. Ці звязаныя не толькі з літаратурай. Таму размовы балансуюць на мяжы пісьменніцтва і іншых дысцыплін.

    Сярод апошніх выпускаў падкаста — гутаркі з Настай Карнацкай пра кніжную справу, з Анхелай Эспіноса — пра досвед чужаніцы і гішпанскую беларускасць і з Лізаветай Лянкевіч — пра ілюстраванне і гармонію тэкста і карцінак.

    Паслухаць можна на Spo­ti­fyYouTubeGoogle Pod­castsApple Pod­casts.

    «Супердудко»

    Вядоўца — літаратар Андрэй Дудко. Стваральнікі называюць падкаст «найсуб’ектыўнейшым падкастам пра беларускую літаратуру».

    падкасты пра літаратуру

    Андрэй Дудко размаўляе з літаратар_камі з Беларусі і з тымі, хто ўжо з’ехаў, папярэдне прачытаўшы іх тэксты.

    У апошніх выпусках — гутаркі пра літаратуру з Марыяй Мартысевіч, Ігарам Бабковым, Валерам Гапеевым.

    Паслухаць можна на Spo­ti­fyYouTubeGoogle Pod­castsApple Pod­casts.

    «Адкуль бяруцца кнігі»

    Падкаст пра пісьменніцтва, які складаецца з асабістых гісторый беларускіх аўтараў і аўтарак, іх творчых правілаў і практычных пісьменніцкіх парадаў.

    падкасты пра літаратуру

    Героі падкасту распавядаюць, якія траўмы, успаміны дзяцінства, месцы, гісторыі кахання, няўдачы ды выпадковасці паўплывалі на іх творчасць. Таксама разважаюць пра механіку пісьма: натхненне і пісьменніцкія страхі, важнасць дысцыпліны і штодзённых рытуалаў, крыніцы сюжэтаў, першыя спробы, чарнавікі і канцоўкі. І, вядома ж, пра тое, што прыўносіць у іх жыццё пакутлівы і прыцягальны працэс пісьма.

    У падкасце можна паслухаць пра калючыя мары Уладзя Лянкевіча, «балотны» свет Евы Вежнавец і пажыццёвы аўтафікшн Анкі Упалы.

    Паслухаць можна на Spo­ti­fyYouTubeGoogle Pod­castsApple Pod­casts.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці