• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Што ня так з расьсьледаваньнем БТ пра «цукровую мафію»

    У сюжэце Беларускай тэлевізіі ўсіх дырэктараў буйных цукровых камбінатаў Беларусі, а таксама некалькіх іншых кампаній, абвінавацілі ў карупцыі шляхам продажу ўпакоўкі для цукру. Свабода паглядзела, што з кампаніямі, пра якія вялася гаворка, і ў чым магла быць карупцыйная схэма.

    Што сказалі па БТ, коратка:

    • Дробны расейскі бізнэсовец даваў хабары ўсім чатыром дырэктарам цукровых заводаў.

    • Дырэктары адкрылі ў Беларусі фірму «Еўратарэкс», каб рабіць упакоўку для цукру.

    • Фірма набывала дарагую сыравіну з расейскай фірмы «Полимер».

    • Абедзьве фірмы «не сьвяцілі» свае даходы, а «дзялілі паміж сабой».

    • Злачынную схему пакрываў былы кіраўнік ГУБАЗіК Уладзімер Ціхіня.

    • Прыбыткі «цукровых кіраўнікоў» складалі мільёны даляраў, па іх яны езьдзілі ў офіс расейскай кампаніі «Полимер».

    Фірма, якую нібыта стваралі знарок пад «цукровую афёру», дзейнічае 20 гадоў

    У сюжэце БТ гаворыцца пра фірму «Еўратарэкс», якую нібыта стварылі ў Беларусі адмыслова пад злачынную схему, пра што ў эфіры расказаў сьледчы Канстанцін Бычак. Згодна зь дзяржаўным рэестрам, гэтая фірма зьявілася 20 гадоў таму. Яе кіраўнік Дзьмітры Сямашка. Свабода засьпела яго на працоўным месцы, у Гарадзеі, дзе зарэгістравана прадпрыемства.

    «Пакуль нашая арганізацыя працуе, як і працавала. А ўсё астатняе, думаю, будзе камэнтаваць сьледзтва», — сказаў Дзьмітры Сямашка.

    З сайту арганізацыі вынікае, што яна займаецца вытворчасьцю поліпрапіленавых мяхоў, мае дзьве тэхналягічныя лініі, магутнасьці дазваляюць выпускаць да 22 мільёнаў адзінак прадукцыі на год.

    У партнэрах арганізацыі прапісаныя ўсе цукровыя заводы і яшчэ з тры дзясяткі розных дзяржаўных і недзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў.

    Сыравіну, апроч згаданага ў сюжэце БТ расейскага «Полимера», на прадпрыемства пастаўляюць яшчэ 5 арганізацый, у тым ліку беларускае «Белхім» — адно з самых старых прадпрыемстваў краіны.

    «Еўратарэкс» не зьяўляецца дзяржаўным прадпрыемствам, мае сумесную форму ўласнасьці з доляй замежнага капіталу.

    Арганізацыя мела некалькі судоў аб вяртаньні грошай зь дзяржаўных прадпрыемстваў, якія не расплаціліся за прадукцыю. Напрыклад, Глыбоцкі камбікормавы завод быў вінен прадпрыемству 24 тысячы рублёў.

    Рэгулярна «Еўратарэкс» правяралі, у тым ліку Міністэрства падаткаў і збораў і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пра парушэньні не паведамляецца.

    Расейскі «Полимер», у якога, як паказалі па БТ, куплялі сыравіну па завышаных цэнах, зарэгістраваны ў дзяржаўным рэестры Расеі. Заснавальнік — Сяргей Кананенка, які, паводле БТ, цяпер затрыманы.

    Гэтая кампанія чым толькі не займаецца: ад продажу прамысловых хімікатаў да рэклямы, жыльля, фатаграфіі і перакладу.

    Зарэгістравана арганізацыя ў цэнтры Масквы.

    Даходы яе за 2018 год — 1,6 мільёна даляраў. Але чысты прыбытак 92 тысячы даляраў, ці 5,8 мільёна расейскіх рублёў.

     

    Вэрсіі Лукашэнкі і КДБ разышліся

    У сюжэце, які паказалі па БТ, уся схема круціцца вакол упакоўкі для цукру і сыравіны для яе. Пры гэтым Аляксандар Лукашэнка дагэтуль казаў зусім пра іншую схэму.

    «Такога ў Беларусі яшчэ не было, — заявіў Аляксандар Лукашэнка. — Што зрабілі гэтыя дзялкі: яны стварылі ў Маскве „пракладку“, гандлёвы дом. Звычайная „пракладка“. Паставілі туды сваіх. З заводаў па заніжаных цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розьніцу хабарамі раздавалі гэтым дырэктарам заводаў», — казаў Лукашэнка перад выхадам сюжэту.

    Тут вядзецца пра цукар, а не ўпакоўку. Паводле Аляксандра Лукашэнкі, схема, за якую затрымалі цукровых кіраўнікоў, выглядала так: продаж беларускага цукру ў Расею па заніжаных цэнах, продаж яго там праз кампанію ў Маскве ўжо па высокіх цэнах і пасьля продаж лішку ў Беларусь таксама па высокіх цэнах.

    Экспэрты, блізкія да харчовай галіны, казалі Свабодзе, што расейскі цукар маглі завозіць у Беларусь, бо ён таньнейшы, каб пакрыць страты цукровых прадпрыемстваў. Тры з чатырох прадпрыемстваў, кіраўнікоў якіх затрымалі, — стратныя. Расея падвысіла вытворчасьць цукру, цэны на яго ўпалі. А Беларусі папросту няма куды яго прадаваць, бо ўвесь экспарт апошнія гады быў арыентаваны на ўсходнюю суседку.

     

    Што вядома пра «цукровую справу»

    КДБ завёў крымінальныя справы паводле ч. 3 арт. 430 «Атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры» ў дачыненьні да адказных асобаў і паводле ч. 2 арт. 431 «Даваньне хабару ў буйным памеры» да бізнэсоўцаў. Санкцыі артыкулаў прадугледжваюць пакараньне да 15 гадоў.

    Расьсьледаваньне працягваецца. Сьледчы Канстанцін Бычак сьцьвярджае, што фігуранты даюць паказаньні з прызнаньнямі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.

    Цяпер затрыманыя:

    • дырэктар Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіл Крыштаповіч,

    • дырэктар Слуцкага цукроварафінаднага камбінату Мікалай Пруднік,

    • дырэктар Жабінкаўскага цукровага заводу Віктар Міронаў,

    • дырэктар Скідальскага цукровага заводу Дзьмітры Ягораў,

    • Былы кіраўнік ГУБАЗіК Уладзімер Ціхіня,

    • дырэктар Беларускай цукровай кампаніі Дзьмітры Кірылаў,

    • Заснавальнік расейскай кампаніі «Полимер» Сяргей Кананенка.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці