Што можа журналіст?
Газэта «Наша Ніва» перадрукавала матэрыял Паўла Шарамета: «Аглядальніца прэзідэнцкай газеты „Советская Белоруссия“ даслала ў Маскву, у „Коммерсант“ сваё рэзюмэ і прапанову працы… Журналістка ў дзяржаўных колах вядомая і зарабіла аўтарытэт сваімі ўхвальнымі артыкуламі пра „беларускі цуд“…»
Факт, безумоўна, цікавы. Але ня меней цікавая і самахарактарыстыка прэтэндэнткі на пасаду: яна «можа прадставіць розныя пункты гледжання на падзеі ў Беларусі».
Фраза, як той казаў, чапляе. У ёй адчуваецца пэўны драматызм і нават інтрыга. Перадусім, зьвернем увагу на «можа». То бок, што значыць «можа»? «Можа» калі? Калі загадаюць ці папросяць? «Можа», калі захоча? Дарэчы адзначыць, што журналістка піша пра сябе ў трэцьцяй асобе. Не «я магу», а «можа», г.зн. разглядае сябе звонку,
Слова «прадставіць» таксама сэмантычна важнае. Бо не падаць, а «прадставіць». Зноў жа, — ці калі трэба, ці калі папросяць? І нарэшце, «прадставіць розныя пункты гледжання на падзеі ў Беларусі». Інакш кажучы, прэтэндэнтка запэўнівае, што яшчэ ня страціла ўяўленьняў пра прафэсійныя стандарты. Менавіта — уяўленьняў. Бо праца ў прапагандысцкіх СМІ не патрабуе гэтых самых стандартаў датрымоўвацца.
Цікавая фраза яшчэ і тым, што, насамрэч, ёсьць самавыкрыцьцём. Гэта выпадак некантраляванай падсьвядомасьці, якая адначасна прамаўляе двума галасамі. Голасам напаўрэпрэсаваных уяўленьняў датычна прафэсійных патрабаваньняў (у прапагандысцкіх СМІ, як ужо адзначалася, яны непатрэбныя) і голасам сэрвільнай журналістыкі («зарабіла аўтарытэт сваімі ўхвальнымі артыкуламі пра «беларускі цуд»). Гэта выпадак падвоеных стандартаў, калі журналіст піша не пра тое, што лічыць важным для грамадства, а пра тое, што патрабуе ад яго рэдактар ці дабраахвотна прынятыя абавязкі палітычнай дабранадзейнасьці і ідэалягічнай адданасьці.
Праблема, аднак, зусім не адназначная. Інфляцыя разам з дэвальвацыяй, як выглядае, падточваюць ціхі фінансавы дабрабыт працаўнікоў ідэалягічных мэдыяў. І пісаць надалей пра эканамічны цуд неяк не выпадае. Дзесьці трэба шукаць паратунку.
Чаму ж не ў «Коммерсанте»? І вось жа зноў цікава: «Коммерсант» — слова яўна з фінансавага лексыкону. Дык ці возьмуць?
Б’юся аб заклад, — калі возьмуць, Шарамет пра гэта абавязкова напіша.