«Эмацыйныя праекты з беларускім кодам»: Што і калі глядзець на кінафэсце «Паўночнае ззянне»
У лістападзе стартуе беларускі конкурс кінафестывалю «Паўночнае ззянне». Сёлета ў праграме 14 стужак асноўнага конкурсу і 1 стужка ў секцыі «Міждысцыплінарнае мастацтва». З 4 па 21 лістапада гледачы змогуць паглядзець іх анлайн, а таксама на афлайн-сеансах у Таліне, Вільні і Варшаве.
Асаблівасць сёлетняй конкурснай праграмы — малабюджэтныя, але эмацыйна насычаныя праекты з беларускім кодам і на важныя для кожнага беларуса тэмы.
Конкурсныя паказы
«Працэсы» (рэж. Андрэй Кашперскі, 2023, Польшча)
Сатырычная антыўтопія пра абсурднасць сістэмы і ўплыву таталітарнага кантролю, поўнаметражная версія серыяла «Працэсы».
Паказы: 5 лістапада – Вільня; 8, 14, 19 лістапада – анлайн; 20 лістапада — Талін.
«Кроў і караоке» (рэж. Юрый Сямашка, 2023 г., Польшча)
Анімацыйная камедыя пра прыгоды ахоўніка ў свеце крымінала.
Паказы: 6 лістапада – Вільня; 10, 16, 19 лістапада – анлайн.
«Беларусь 23.34» (рэж. Таццяна Свірэпа, 2023, Бельгія, Украіна, Польшча, Беларусь)
Дакументальны фільм пра пратэсты 2020 года, прадстаўлены праз асабістыя гісторыі ўдзельнікаў.
Паказы: закрыты паказ.
«Краіна Оз» (рэж. Яўгеній Чарняўскі, 2024 г., Беларусь)
Фільм пра мастацтва і жыццё ў псіханеўралагічным інтэрнаце.
Паказы: 6, 12, 18 лістапада – анлайн.
«Чамадан» (рэж. Даша Брыян, 2024 г., Польшча)
Кароткаметражны фільм пра псіхалагічнае выпрабаванне эміграцыей і адчуванні дома.
Паказы: 6 лістапада – Вільня; 9, 13, 18 лістапада – анлайн.
«Кут чужога шчасця» (рэж. Соня Харытанюк, 2024 г., Германія)
Псіхалагічная драма пра хатні гвалт.
Паказы: 6 лістапада – Вільня; 7, 15, 20 лістапада – анлайн.
«Выбар» (рэж. Валерый Навічкоў, 2023, Польшча)
Фільм пра выбар, заснаваны на рэальных падзеях.
Паказы: 9, 13, 19 лістапада – анлайн.
«Раб танца» (2024, Беларусь)
Сюррэалістычны скетч на тэму мары і явы, зняты ў стылі 80‑х.
Паказы: 5, 17, 20 лістапада – анлайн.
«Пад шэрым небам» (рэж. Мара Тамковіч, 2024, Беларусь)
Поўнаметражная драма пра выбар паміж свабодай і бяспекай ва ўмовах рэпрэсій.
Паказы: 9 лістапада — Варшава.
«Скрозь святло» (рэж. Вікторыя Ягорава, 2023, Польшча)
Фільм пра беларускую эмігрантку Наталлю, якая пакінула краіну з‑за пераследу пасля ўдзелу ў пратэстах. На новым месцы яна сутыкаецца з сэксуальнымі дамаганнямі.
Паказы: 7, 15, 20 лістапада – анлайн (кругласутачна), 6 лістапада – Вільня.
«Непажаданае сваяцтва» (2024, Германія)
Рэжысёр родам з Беларусі выкарыстоўвае вуліцы свайго берлінскага раёна як фон для даследавання ваенных злачынстваў ва Украіне, адначасова задаючыся пытаннем асабістай адказнасці за тое, што адбываецца.
Паказы: 6 лістапада — Вільня, 20 лістапада — Талін.
«За мяжой рэальнасці» (2024, Беларусь, Расія, Польшча, Украіна)
Фільм жахаў пра паралельны свет на ўскраіне горада. 45-гадовы герой знаходзіць у сваёй паштовай скрыні аўдыёкасету, на якой яго сын распавядае нялёгкую гісторыю свайго жыцця ў праклятым раёне Валынка.
Паказы: 10, 16, 18 лістапада – анлайн, кругласутачна (00:00–23:59).
«Барбі.ру» (2024, Беларусь)
Саркастычная алюзія на папулярны фільм пра Барбі.
Паказы: 10, 16, 18 лістапада – анлайн, кругласутачна (00:00–23:59).
«Шэры край» (рэж. Станіслаў Багдзя, 2023, Польшча)
Медытатыўнае даследаванне памяці і мінулага ў форме кароткага кінападарожжа.
Паказы: 9, 13, 18 лістапада – анлайн.
Пазаконкурсны паказ — секцыя «Міждысцыплінарнае мастацтва»
«Транзіт» (рэж. Аляксей Кузьміч, 2023 г., Беларусь)
Фільм-эксперымент пра жыццё мастака-акцыяніста і яго ўнутраны шлях.\
Паказ: 11, 19 лістапада — анлайн.
Ацэньваць фільмы беларускай праграмы будзе міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі эстонская кінапрадзюсерка Marianne Ostrat, кінапрадзюсерка і дырэктарка кінафестывалю goEast Heleen Gerritsen, беларуская рэжысёрка і журналістка Ганна Бадзяка.
Падтрымаць каманду фестывалю «Паўночнае ззянне» і набыць квіткі на паказы можна па спасылцы.